Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 сакавіка 2020, 11:10

"Празмернасцей быць не павінна" - Лукашэнка лічыць неабходным вярнуцца да тэмы нармавання ў будаўніцтве

27 сакавіка, Мінскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным вярнуцца да тэмы норм у будаўніцтве, каб яны не былі залішнімі. Адпаведныя даручэнні даваліся раней, і трэба пракантраляваць іх выкананне, сказаў кіраўнік дзяржавы ў час наведвання ААТ "Белгіпс", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт нагадаў, што даручаў перагледзець нарматыўна-прававую базу ў будаўніцтве яшчэ 10-12 гадоў таму ў плане адмовы ад залішняга і празмернага нармавання і пераходу да еўрапейскіх стандартаў. "У нас замест лёгкіх канструкцый - бэлькі, жалезабетон. Пустым займаліся, трацілі велізарныя грошы", - адзначыў беларускі лідар.

"Трэба разняволіць там, дзе патрэбна"

Дарэчы, больш эканомныя падыходы выкарыстоўваліся ўжо раней, напрыклад, пры будаўніцтве спартыўнага комплексу "Мінск-Арэна".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пасля выбараў трэба сур'ёзна вярнуцца да гэтага пытання. "Трэба разняволіць там, дзе патрэбна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што бяспека людзей пры гэтым не павінна пацярпець. "Трэба будаваць бяспечна. Але празмернасцей быць не павінна. Гэта галоўнае", - заявіў ён.

На прадпрыемстве Аляксандру Лукашэнку расказалі, як сёння развіваецца айчынная прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый. Паводле слоў віцэ-прэм'ера Уладзіміра Кухарава, патрэбнасці беларускага будаўнічага комплексу ў масавых матэрыялах забяспечваюцца ў поўным аб'ёме. Арганізацыі Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры ў 2019 годзе экспартавалі прадукцыі больш як на $383 млн.

"Усе прадпрыемствы павінны быць у полі зроку"

"Майце на ўвазе: у вас тысяча сто прадпрыемстваў (няважна, прыватныя яны, дзяржаўныя, камунальнага ўзроўню) - яны павінны быць у полі зроку. Таму што там працуюць людзі. Мы ж не будзем людзей дзяліць, якія працуюць тут на "Белгіпсе" або ў вашым трэсце", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўніка дзяржавы таксама праінфармавалі аб рэалізацыі буйных інвестпраектаў у будаўнічым комплексе. Цяпер будуюцца новыя лініі на прадпрыемствах у цэментнай, горназдабыўной, шкляной і керамічнай галінах.

Што датычыцца новага завода "Белгіпс" у Гатаве - прадпрыемства працуе ўстойліва, асвойвае новыя віды прадукцыі. Тут рост па ўсіх паказчыках: тэмпы і аб'ёмы вытворчасці, экспарт будматэрыялаў, заработная плата супрацоўнікаў. Асноўныя рынкі - айчынны і еўрапейскі.

Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання прадпрыемства прадэманстравалі працэс машыннага нанясення гіпсавага тынку, што значна паскарае і аблягчае работу тынкоўшчыкаў. Кіраўнік дзяржавы зацікавіўся, падрабязна азнаёміўся з тэхналогіяй і нават сам паспрабаваў на справе спецыяльнае правіла для выраўноўвання тынку. "Дзякуй за навуку", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.

Ён таксама даручыў ужо ў бягучым годзе наладзіць выпуск у Беларусі такіх агрэгатаў для машыннага нанясення тынку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі