Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 жніўня 2020, 11:32

Пра ўвод АЭС і нафтаперапрацоўку - Лукашэнка разлічвае на магутную работу паліўна-энергетычнага комплексу

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ад надзейнасці і магутнасці прадпрыемстваў беларускай энергасістэмы залежыць уся эканоміка краіны і яе нацыянальная бяспека. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па актуальных пытаннях паліўна-энергетычнага комплексу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Давайце паспрабуем атрымаць поўную карціну цяперашняй работы і перспектыў развіцця стратэгічнай для нас галіны - паліўна-энергетычнага комплексу. Ад надзейнасці яго работы і магутнасці залежыць уся наша эканоміка і нацыянальная бяспека. Гэта паказалі падзеі канца мінулага і пачатку бягучага года, калі мы былі вымушаны змагацца за бочку нафты і кубаметр газу, якіх, дарэчы, сёння на рынку бяры - не хачу", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што дзяржава ўклала нямала сродкаў у мадэрнізацыю энергетыкі, і сёння прадпрыемствы энергасістэмы, у тым ліку нафтаперапрацоўчыя заводы, па тэхнічным і тэхналагічным аснашчэнні знаходзяцца на такім жа ўзроўні, што і ў вядучых еўрапейскіх краінах. "Такія ж прадпрыемствы ў Еўропе маюць такі ж тэхнічны і тэхналагічны ўзровень, што і нашы", - звярнуў ён увагу.

Пра ўвод Беларускай АЭС

"Цяпер мы рэалізуем буйнейшы інвестыцыйны праект у гісторыі краіны - узводзім Беларускую атамную электрастанцыю. Будаўніцтва першага энергаблока завершана, у рэактар загружаны касеты з палівам. Наперадзе яшчэ адзін важнейшы этап - уключэнне атамнай станцыі ў энергасістэму краіны і выхад першага энергаблока на поўную моц", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае намер пабываць на БелАЭС і прыняць удзел у яе запуску.

Ён пацікавіўся ў міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, наколькі гатова існуючая інфраструктура да работы ў новых умовах, якія прагнозы па тарыфах і наколькі яны знізяцца для ўсіх катэгорый спажыўцоў. "Размова пра электрычнасць", - удакладніў Прэзідэнт.

Шэраг пытанняў кіраўнік дзяржавы паставіў і перад урадам. У прыватнасці, ён пацікавіўся, куды плануецца накіраваць дадатковы аб'ём электраэнергіі, якая хутка з'явіцца ў Беларусі. "Хто яе купіць і як будзем выкарыстоўваць? Якія перспектывы экспарту электрычнай энергіі?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра развіццё нафтахімічнага комплексу

Прэзідэнт таксама адзначыў, што завяршаецца мадэрнізацыя беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў - "Нафтана" і Мазырскага НПЗ. Ён папрасіў старшыню канцэрна "Белнафтахім" Андрэя Рыбакова далажыць, якія прагнозы па пастаўках і перапрацоўцы нафты да канца бягучага года і якія планы на 2021 год, наколькі стабільныя дамоўленасці аб альтэрнатыўных пастаўках нафты і прыроднага газу ў Беларусь.

Яшчэ адно пытанне, якое стаіць на парадку дня, - развіццё інфраструктуры для захоўвання запасаў нафты і нафтапрадуктаў. "У якой стадыі працэс будаўніцтва перамычкі паміж нафтаперапрацоўчымі заводамі? На якім этапе мадэрнізацыя гэтых заводаў? - абазначыў яшчэ некалькі пытанняў кіраўнік дзяржавы. - У нас прапісаны канкрэтныя тэрміны. На "Нафтане" ўжо праз месяц павінна быць атрымана новая прадукцыя. Хацеў бы ўбачыць гэту прадукцыю асабіста. На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў той жа час павінны завяршыцца зварачныя і мантажныя работы на трубаправодах высокага ціску. Як тут ідуць справы?"

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў краіне рэалізуецца стратэгія развіцця нафтахімічнага комплексу да 2030 года. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся ва ўрада, што ён мяркуе рабіць з праблемнымі прадпрыемствамі канцэрна "Белнафтахім".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі