Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 кастрычніка 2019, 09:11

Першая сустрэча Лукашэнкі і Зяленскага пройдзе сёння ў Жытоміры

4 кастрычніка, Жытомір /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Першая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага адбудзецца сёння ў Жытоміры, дзе 3-4 кастрычніка праходзяць мерапрыемствы II Форуму рэгіёнаў дзвюх краін, паведамляе БЕЛТА.

Чакаецца, што кіраўнік беларускай дзяржавы ў першай палове дня прыбудзе ў Жытомір з рабочым візітам. Спачатку запланаваны перагаворы з украінскім лідарам. Затым прэзідэнтаў чакаюць на пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, дзе запланаваны выступленні Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага.

Цікава, што непасрэдна побач з месцам правядзення форуму ў Жытоміры размясцілася выстаўка буйнагабарытнай тэхнікі беларускіх і ўкраінскіх вытворцаў, на якой ёсць узоры прадукцыі сумеснай вытворчасці. Не выключана, што прэзідэнты вырашаць асабіста азнаёміцца з экспазіцыяй.

Напярэдадні ў Жытоміры прайшоў вельмі насычаны першы дзень форуму. Акрамя ўжо названай выстаўкі на пешаходнай вуліцы адкрыўся маштабны кірмаш тавараў беларускай і ўкраінскай вытворчасці, шырока была прадстаўлена культурная праграма, якая ўключала выступленні артыстаў і творчых калектываў.

Цэнтральнай падзеяй для бізнес-парадку дня стала восьмае пасяджэнне кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, пасля завяршэння якога беларускія і ўкраінскія партнёры падпісалі чатыры дзясяткі дамоўленасцей на агульную суму больш як $540 млн. У ліку падпісантаў "БНК-Украіна", ААТ "Мілкавіта", ААТ "БелАЗ", МТЗ, "Белкамунмаш", ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія", канцэрн "Беллегпрам", ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" - кіруючая кампанія холдынга "Белаўтамаз", ААТ "Белсолад", Баранавіцкае ВБА, ААТ "Мазырсоль", папяровая фабрыка "Спартак", кіруючая кампанія холдынга "Беларуская цэментная кампанія", ААТ "Чырвоны харчавік", ААТ "Магілёўліфтмаш", "Белэксімгарант".

Адбылася афіцыйная сустрэча кіраўнікоў рэгіёнаў Украіны і Беларусі з кіраўніком Жытомірскай вобласці дзяржаўнай адміністрацыі. Асабліва на ёй гучала тэма аднаўлення суднаходства па Дняпры на тэрыторыі Украіны. "Мы вельмі хацелі б, каб той рачны шлях, пра які ўжо столькі сказана, нарэшце пачаў працаваць. Ведаю, што кіраўнік нашай дзяржавы аб гэтым будзе заўтра гаварыць. Аднаўленне суднаходства на рацэ - добрая традыцыя, і трэба яе вяртаць", - сказаў віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Ігар Ляшэнка.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей таксама адзначыў цікавасць вобласці да праекта, размова пра яго вядзецца ўжо амаль восем гадоў: "Гэта дасць магчымасць істотна павялічыць аб'ёмы экспартна-імпартных перавозак паміж рэгіёнамі Беларусі і Украіны. Гэта важная і выгадная для ўсіх ідэя".

Як паведамлялася, 26 верасня на сустрэчы з украінскімі СМІ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для аднаўлення суднаходства па Дняпры патрэбны больш актыўныя дзеянні ўкраінскага боку. "Што датычыцца Беларусі, мы зрабілі. Пытанне стаяла толькі ў адным (яно і цяпер у вас у адным) - гэта паглыбленне дна, трэба паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра. Мы на сябе ўзялі абавязацельствы - паглыбілі дно Прыпяці", - сказаў ён.

Па праекце ў Беларусі планавалася будаўніцтва порта "рака-мора" на глыбакаводным участку Дняпра ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна, які знаходзіцца практычна на граніцы з Украінай. Раней тэма грузавых перавозак па Дняпры неаднаразова абмяркоўвалася на розных узроўнях у час беларуска-ўкраінскіх кантактаў. Ідэя праекта ў тым, каб загружаць на тэрыторыі Беларусі судны змешанага класа, якія змогуць дастаўляць грузы цераз Чорнае мора ў краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі. Такому судну не спатрэбяцца дадатковыя перавалкі ў марскіх партах, што істотна зніжае кошт дастаўкі.

На сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка таксама заяўляў, што на парадку дня яго перагавораў з Уладзімірам Зяленскім будуць пытанні эканомікі і рэалізацыі сумесных праектаў. "Напрыклад (гэта не галоўнае), ракетабудаванне - для нас гэта важная тэма. Мы самі пачалі ўжо будаваць новую ракету, але ў нас не хапае кампетэнцый, вопытных людзей. Яны ёсць у вас. Нам жа не трэба міжкантынентальную ракету будаваць. Чаму не абмеркаваць гэты праект і не даць спецыялістам даручэнне на прапрацоўку, - сказаў Прэзідэнт. - Вельмі важнае для вас і для нас пытанне вуглевадародаў".

Што датычыцца Форуму рэгіёнаў, то Прэзідэнт Беларусі падкрэсліваў, што гэты праект значны не толькі для абедзвюх краін, але і для яго асабіста. Ён нагадаў, што два гады таму кіраўніцтва Украіны падтрымала гэту ідэю, і праз год ужо ў Гомелі адбыўся першы такі форум. "Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Такія сустрэчы дапамагаюць нарошчваць вельмі патрэбныя міжрэгіянальныя сувязі, у першую чаргу ў гандлі і эканоміцы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з прадстаўнікамі СМІ адзначаў, што маючая адбыцца сустрэча з Уладзімірам Зяленскім дасць магчымасць не проста пазнаёміцца асабіста, але і лепш зразумець і даведацца пра пазіцыю адзін аднаго па тых ці іншых пытаннях. "Абяцаю, што буду сумленным і адкрытым у размове. Гэта мая фішка. Я прывык гаварыць сумленна, - сказаў беларускі лідар. - Мы з ім агульную мову, гарантую вам, знойдзем".

Чакаецца, што на завяршэнне форуму будзе падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі