27 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб няхватцы ў ЕАЭС дэкларуемых свабод. Адпаведныя заявы ён зрабіў сёння на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тых свабод, якія мы некалі дэкларавалі, сёння практычна няма. Або яны ёсць, можна сказаць мякка, не ў поўным аб'ёме. Дапусцім, свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Гэта фундамент будаўніцтва нашага саюза. Мы да гэтага часу гэтага не маем. І ведаеце чаму - пафігізм, які грунтуецца на нейкай абыякавасці асобных дзяржаў. Іншыя бачаць сябе ў іншым саюзе, проста целяпаюцца ў ЕАЭС і чакаюць нейкага зручнага моманту, каб выскачыць з яго. Ці ж проста так: няхай, і далей будзем целяпацца", - заявіў беларускі лідар.
"Таму павінны быць рэалізаваны хаця б гэтыя класічныя адзіныя прынцыпы. Гэтага пакуль няма", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя, што ў ЕАЭС цяпер ёсць 14 выключэнняў, 37 абмежаванняў і 15 бар'ераў. "Іх жа даўно трэба было зняць. У адваротным выпадку, які інтарэс у гэтым саюзе. Што нас трымае ў саюзе, калі вакол перашкоды, бар'еры і выключэнні", - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што саюз будуецца для таго, каб стварыць роўныя ўмовы для кампаній, прадпрыемстваў і людзей. "Але з таго часу, як пачалі будаўніцтва саюза, мы ўсё больш і больш адыходзім ад гэтых роўных умоў. Больш таго, пачынаюцца незразумелыя патрабаванні і прымушэнні, манапалізм", - звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі.-0-