Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Падрыхтоўка да будаўніцтва ў Мінску футбольнага стадыёна і басейна абмеркавана на сустрэчы ў Лукашэнкі

Прэзідэнт 06.08.2019 | 11:34
У час сустрэчы
У час сустрэчы

6 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Падрыхтоўка да будаўніцтва ў Мінску нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту абмеркавана на сустрэчы ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя аб'екты плануецца пабудаваць за кошт бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На разгляд былі вынесены праекты ўказаў аб будаўніцтве стадыёна і басейна. "У час майго апошняга візіту ў Кітай Сі Цзіньпін прадэманстраваў усім нам макеты гэтых аб'ектаў. Падкрэслю - будаўніцтва такіх спартыўных аб'ектаў у Мінску ў рамках супрацоўніцтва Беларусі і Кітая з'яўляецца беспрэцэдэнтным і павінна стаць прыкладам для іншых праектаў, якія плануецца рэалізаваць у будучым", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што такія спартыўныя аб'екты даўно планавалася пабудаваць. "Вядома, гэта вялікія затраты. Зразумела, што такія грошы заўсёды знаходзяцца з цяжкасцю, паколькі ніводны прыватнік, думаю, за гэтыя аб'екты не возьмецца. А з дзяржаўнага бюджэту грошы вы ведаеце, куды ідуць. Але я ў свой час папрасіў Сі Цзіньпіна, каб ён дапамог нам у будаўніцтве гэтых аб'ектаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сі Цзіньпін дэманструе Аляксандру Лукашэнку макеты футбольнага стадыёна і басейна, якія кітайскі бок плануе падарыць Беларусі, красавік 2019 г.
Сі Цзіньпін дэманструе Аляксандру Лукашэнку макеты футбольнага стадыёна і басейна, якія кітайскі бок плануе падарыць Беларусі, красавік 2019 г.'

Прэзідэнт таксама расказаў, што беларускі бок па гэтым пытанні звяртаўся не толькі да КНР, але і іншых краін: "Але там грошай не знайшлося або жадання. А Кітайская Народная Рэспубліка і яе кіраўнік адгукнуліся".

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што вельмі важна стварыць усе неабходныя ўмовы, каб пабудаваць басейн і стадыён у самы кароткі тэрмін, на належным узроўні і па міжнародных стандартах.

"Я прасіў падрыхтаваць праекты ўказаў з упорам на гэта. Каб мы, атрымаўшы бясплатныя грошы, не валакіцілі кітайцаў. Гэта яны будуць будаваць гэты аб'ект. Вядома, з нашых матэрыялаў, нашы людзі будуць там працаваць у асноўным. Але каб у кітайцаў не было скагаў, што ў нас там нейкія незразумелыя стандарты, якія засталіся, напэўна, ні тое што з савецкіх часоў, да рэвалюцыі яшчэ па некаторых з іх будавалі. Аб гэтым я папярэджваў ужо і міністра, і прэм'ер-міністра, што павінны быць уведзены еўрапейскія стандарты. Пакінуць трэба толькі там, дзе мы бачым, што нашы стандарты не горшыя. Але тут мы будзем будаваць па міжнародных стандартах", - заявіў Прэзідэнт.

"Кітайскі бок гатовы пачаць будаўніцтва ў першай палавіне наступнага года, - адзначыў беларускі лідар. - Гатовы і пачне, Мікалай Генадзьевіч (намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў. - Заўвага БЕЛТА). У нашых жа інтарэсах забяспечыць бездакорнае выкананне дамоўленасцей з кітайскім бокам. Таму я і кажу: пачне. Таму што гэта залежыць сёння толькі ад нас".

Перад службовымі асобамі Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг пытанняў. Па-першае, як ідзе падрыхтоўка будаўнічых пляцовак. "Мы павінны падрыхтаваць тое месца, дзе будуць пабудаваны гэтыя аб'екты і перадаць кітайскаму боку для будаўніцтва. Але я ведаю, што ёсць праблемы з грунтам, асабліва ў раёне будаўніцтва плавальнага басейна і рабочыя моманты (але іх трэба вырашаць) па размяшчэнні нацыянальнага стадыёна. Таксама маецца на ўвазе пляцоўка", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу, каб у месцы будаўніцтва не секлі лішнія дрэвы. "Хаця я разумею - там шмат дрэў ужо старых, іх усё роўна трэба было мяняць. Калі мы высякаем 10-20 дрэў, то мы павінны замест гэтага высадзіць дрэвы побач або ў іншых месцах. Парадак вызначаны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-другое, Прэзідэнт выказаў сумненні наконт прапановы вызначыць у якасці адказных за будоўлі "Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту" і "Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама". "У мяне сумненні і пытанне: чаму мы аддаём на гэтыя арганізацыі гэтыя будоўлі? Насцярожанасць, ці не хочуць міністры і вялікія начальнікі на чыесьці плечы скінуць адказнасць. Ці справіцца стадыён "Дынама" з кантрольнымі функцыямі па ўвядзенні Нацыянальнага футбольнага стадыёна і ці справіцца рэспубліканскі цэнтр па водных відах спорту з узвядзеннем плавальнага басейна міжнароднага стандарту? Ці змогуць яны забяспечыць інжынерна-тэхнічнае, юрыдычнае суправаджэнне і эксплуатацыю аб'ектаў на высокім узроўні?" - паставіў пытанні беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што басейн і стадыён будуць пабудаваны да 2023 года. "Гэта не за гарамі. І ўжо сёння неабходна планаваць і прапрацоўваць правядзенне адпаведных міжнародных спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню на гэтых аб'ектах. Дарэчы, гэта будзе падганяць будаўнікоў і ўсіх начальнікаў - своечасова завяршыць гэтыя будоўлі", - сказаў ён.

"Стадыён і плавальны басейн мы будзем будаваць. Яны нам вельмі патрэбны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму што гэта не дзяржава, якая не мае такіх нацыянальных аб'ектаў".

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што футбол у Беларусі з'яўляецца народным відам спорту і спортам нумар адзін, якім займаецца больш за ўсё людзей. "І не мець футбольнага нацыянальнага стадыёна, дзе будзе выступаць нацыянальная зборная, гуляць лепшыя нашы клубы, праводзіцца матчы міжнароднага ўзроўню, гэта нядобра", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца плавання, то гэта, нараўне з лёгкай атлетыкай, медаляёмкі від спорту. "Школа ў нас нядрэнная. Трэба рыхтавацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Шчыра кажучы, у футбол мы гуляць не ўмеем, плаваць развучыліся. Але гэта асобная размова ў мяне будзе з профільнымі міністрамі і іншымі спартыўнымі арганізацыямі", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Фота Юрыя Арэшкіна

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Прафілактыка ўкусаў змей У Беларусі жывуць тры віды змей: вуж, мядзянка, гадзюка звычайная (адзіная ядавітая).