Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 красавіка 2019, 16:28

"Падрыхтаваліся вельмі дрэнна" - Лукашэнка раскрытыкаваў рэгіёны за праблемны пачатак палявых работ

2 красавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэгіёны краіны вельмі дрэнна падрыхтаваліся да пасяўной кампаніі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытаннях рэгіянальнага развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Веснавыя палявыя работы пачаліся з праблем. Губернатарам ужо даўно трэба было вызначыць дакладны, дэталёвы (наколькі гэта магчыма) план дзеянняў па правядзенні пасяўной кампаніі - ад вывазу арганікі на палі і да завяршэння ўсіх палявых работ. Правалаў у гэтым годзе быць не павінна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне дастатковы ўзровень развіцця аграпрамысловага комплексу, які дазваляе якасна працаваць у любых умовах. "Хопіць усе свае пралікі спісваць на надвор'е. Наогул жа на цяперашняе надвор'е цяжка нешта спісаць, - сказаў ён. - Гаспадаркі павінны быць забяспечаны тэхнікай, палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі і насеннем. Але больш за ўсё мяне непакоіць і насцярожвае тое, што месцамі ў правядзенні палявых работ няма элементарнага парадку. Я хачу, каб губернатары і ўся вертыкаль улады зрабілі адпаведныя высновы з падзей у Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнах. Рэгіёны вельмі дрэнна падрыхтаваны да гэтай кампаніі. Бачыце, вясна рана прыйшла, не разварушыліся".

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на ролю ўрада ў пасяўной і ўборачнай кампаніях. "Гэта мабілізацыя сродкаў. Калі ў прамысловасці і іншых галінах людзі працуюць пад дахам у любое надвор'е, то сельская гаспадарка - гэта вельмі сур'ёзная галіна", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў прэм'ер-міністру Сяргею Румасу і міністру фінансаў Максіму Ермаловічу разабрацца ў бліжэйшы час з праблемнымі пытаннямі ў гаспадарках: "На працягу гэтага тыдня ўсе пытанні, якія ад іх залежаць, павінны быць зняты".

Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры і МУС, перад пачаткам пасяўных работ 503 адзінкі тэхнікі знаходзіліся ў нерабочым стане і не падлягаюць аднаўленню. Паўтары тысячы адзінак не прайшлі тэхагляд. Больш як тры тысячы машын і агрэгатаў спісаны, да гэтага часу не здадзены на металалом і захоўваюцца з парушэннем правіл.

"У некаторых гаспадарках у перыяд асноўных работ трактароў і камбайнаў пад плотам не менш, чым у полі. Як гэта выглядае ў жыцці, вы бачылі ў "Купалаўскім". І як захоўваецца вельмі дарагая тэхніка, вы таксама бачылі. Але ж тысячы разоў было сказана: імпартная дарагая тэхніка не павінна быць у гаспадарцы, дзе наогул не ўмеюць сеяць і ўбіраць. Навошта вы яе туды аддаяце?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобную ўвагу ён удзяліў выкананню рэгламентаў і нарматываў, падкрэсліўшы неабходнасць безумоўнага выканання тэхналогіі вытворчасці. "Які вынік вы плануеце атрымаць, калі пад яравую сяўбу мінеральных угнаенняў назапашана толькі палова ад патрэбнасці. А ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе ў нас земляробства на "найвышэйшым" узроўні, аж чвэрць, - адзначыў Прэзідэнт. - Кожны год праблема з нарыхтоўкай кармоў, умовамі іх закладкі і захоўвання".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, даходзіць да таго, што зімой вада ў паілках для жывёл замярзае. "Спачатку парушаеце тэхналогію вытворчасці, а потым - трэба ж твар захаваць - займаецеся прыпіскамі", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў 2018 годзе ніводная вобласць не справілася з выкананнем даручэння па нарыхтоўцы паўтарагадовага запасу травяных кармоў. У выніку ў асобных раёнах іх пачынаюць завозіць з іншых рэгіёнаў ужо к канцу лістапада. "У мяне павінны быць на стале гэтыя гаспадаркі. Мы аб гэтым дамаўляліся па восені. Вось гэтыя перавозкі, уся лагістыка - гэта затраты. Адсюль няхватка грошай на бягучыя патрэбы. У выніку цяперашні фінансавы стан шэрага арганізацый не дазваляе павысіць прывабнасць сельгаспрацы, якая застаецца адной з самых нізкааплатных. І хто, скажыце, туды пойдзе працаваць на такую заработную плату?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што павінна быць вельмі строгая дыктатура тэхналогіі і вытворчай дысцыпліны: "Аб гэтым мы гаворым ледзь не на кожнай нарадзе. Але, як я думаю, вы адчулі: ніхто нікога ўгаворваць больш не будзе. Ваша безгаспадарчасць недапушчальна".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі