
10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні прэм'ер-міністра і новага кіраўніка Нацбанка нагадаў аб задачы па шэрагу пытанняў самастойна прымаць рашэнні на месцах, а не ўносіць іх на разгляд кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Часта вы мне ўносіце прапановы аб тым, каб нешта будаваць без узгаднення, адводу і іншае. Я з гэтым згодны. Няхай губернатары і мэр Мінска прымаюць рашэнні. Трэба - параяцца з прэм'ер-міністрам і прымуць рашэнне. Ну навошта да мяне звяртацца... Васіль Мікалаевіч (старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. - Заўвага БЕЛТА), а мы праверым, якія рашэнні прымаюцца, - сказаў Прэзідэнт. - Я гэта гавару яшчэ і таму, што часта гэтыя дакументы падпісваю аўтаматычна. Паглядзеў, якія ўносяцца прапановы, і падпісаў. Ну а навошта гэты фармалізм? Няхай губернатары прымаюць. Але зямля, участкі зямельныя - гэта святое. Гэта застаецца за Прэзідэнтам. Вы разумееце, у чым пытанне".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што такі падыход будзе садзейнічаць таму, што "мы менш будзем разводзіць бюракратыю".
Як паведамлялася БЕЛТА, 4 сакавіка ў час прыняцця кадравых рашэнняў Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць праект указа па перадачы часткі прэзідэнцкіх паўнамоцтваў іншым уладным органам. "Трэба падрыхтаваць праект указа, каб да мяне губернатары не звярталіся: з адной крыніцы (правядзенне працэдуры закупкі. - Заўвага БЕЛТА), паралельнае праектаванне, будаўніцтва і іншае. Няхай яны прымаюць рашэнне на месцах. У крайнім выпадку няхай узгадняюць у галінавікоў - віцэ-прэм'ераў, калі мы павысілі іх узровень. Узгаднілі з імі, а мы будзем кантраляваць. Акрамя адводу зямель, таму што зямельныя пытанні - гэта святое і застаюцца пакуль за Прэзідэнтам. А ўсё астатняе няхай вырашаюць", - сказаў ён.-0-