21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што інцыдэнт з падзеннем ракеты на тэрыторыі Польшчы падобны на "дагаварняк". Гэту тэму ён закрануў у час сустрэчы з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Брачалавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што Беларусь і Расія вытрымаюць націск Захаду: "Я ўпэўнены, і ў Расіі гэтак жа думаюць, што мы выстаім перад гэтым націскам з боку так званага калектыўнага Захаду і іншых нашых непрыяцеляў не толькі ў ваенных адносінах, але і перш за ўсё ў эканамічных. Ідзе вельмі магутная вайна ў сродках масавай інфармацыі".
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўважліва назірае за абмеркаваннем адпаведных пытанняў у Расіі. "Ды і мы ў Беларусі не менш аб гэтым гаворым. З цікавасцю назіраю, атрымліваю дадатковую інфармацыю. Асабліва апошнім часам вы заўважылі: "Ах, упала нешта на тэрыторыю Польшчы!" - адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што ніхто не задаецца і не дае адказу на шэраг пытанняў. "Чаго ж гэта шалёная ракета, запушчаная ўкраінскімі ваеннымі (а стралялі на ўсход - ракеты расійскія збівалі ў напрамку ўсходу), што ж яна так развярнулася і прайшла ў адваротны бок? Няхай прафесіяналы адкажуць на гэта пытанне. Гэтак жа не бывае. Такіх выпадковасцей не бывае, - лічыць Прэзідэнт. - Ну так, можна сказаць, што, ведаеце, ракета за Львоў паляцела ўжо расійская, ледзь ці не ў бок Польшчы, таму С-300 развярнулася і ўжо страляла на захад. Паўстае пытанне: чаго ж вы стралялі, украінцы, у бок натаўскай дзяржавы? Ну і галоўнае пытанне, на што ніхто не адказвае, і амерыканцы маўчаць: а ў гэты момант, калі пуск ракеты С-300 украінцы ажыццяўлялі, па чым яны білі, па якіх аб'ектах? У гэты час не было ракет у паветры. Маўчаць. І амерыканцы маўчаць, не кажуць. Бо разумеюць, што і мы кантралюем гэту тэрыторыю. І сёе-тое мы бачым тут".
"Трэба на элементарныя пытанні адказаць. Чаму менавіта ў час саміту дваццаткі раптам атакавалі натаўскую дзяржаву, як гэта было першапачаткова прадстаўлена. Ведаеце, я баюся рабіць высновы, але падобна на такі дагаварняк, што далей няма куды. Але крыху не разлічылі - людзі загінулі. І палякам трэба адказаць уласнаму насельніцтву. Кіраўніцтву Польшчы трэба адказаць перад палякамі, як магло так здарыцца, чаму білі па тэрыторыі Польшчы, хто дамовіўся, чаму ракета раптам з усходу на захад завярнула і паляцела, і чаму ў той момант стралялі, калі ў паветры не было расійскіх ракет. У гэты момант не было ракет. Вось на гэтыя пытанні трэба адказаць, і ўсё стане зразумела", - сказаў беларускі лідар.
"Ведаеце, нягоднікі даходзяць да таго, што святое падстаўляюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтай сітуацыяй ён у станоўчым ключы адзначыў рэакцыю Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна: "Малайчына. Джо Байдэн. Яму трэба аддаць належнае, што ён сумленна сказаў: "Выбачайце, не расійская (ракета ўпала на тэрыторыі Польшчы. - Заўвага БЕЛТА)".
"Таму цяпер супраць нас ідзе жорсткая вайна, схватка. І вось гэты прыклад паказвае. Апякліся і хуценька спрабуюць закрыць гэту тэму. Ужо яна на Захадзе амаль і не абмяркоўваецца. Ну, значыць, гэта толькі пачатак. І яны шкадуюць, палякі і ўкраінцы, што гэта не расійская ракета, якая ляцела. Ім трэба нас справакаваць, патрэбна эскалацыя. Таму нам трэба глядзець на нашых людзей, на нашу эканоміку. Эканоміка - аснова ўсяго. Будзе эканоміка - нам не страшныя ніякія войны. Думаю, калі бог ёсць на свеце, ён хутка ўсё гэта высвеціць", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.-0-