
6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блокам урада і кіраўнікамі рэгіёнаў акцэнтаваў увагу на неабходнасці аператыўнага завяршэння асенніх палявых работ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сельскагаспадарчы год мы павінны завяршыць апошнім гектарам пад'ёму зябліва. Зябліва павінна быць паднята, як у мінулым годзе", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ўжо сёння спецыялісты гавораць аб тым, што калі б у мінулым годзе не было дадатковага націску ў гэтым пытанні, то не атрымалі б высокі ўраджай.
Але ёсць і іншыя напрамкі, па якіх з усталяваннем добрага надвор'я патрабуецца прыкласці дадатковыя намаганні. "У нас сёння самае небяспечнае - не завяршылі сяўбу азімых. А гэта ўраджай будучага года, - адзначыў беларускі лідар. - Кіньце зерне неадкладна ў глебу. Трэба завяршыць сяўбу. Гэта галоўнае. Другое - убраць кукурузу на зерне. Гэта другая праблема, якую трэба імгненна вырашыць. Зразумела, нехта бульбу не ўбраў, нехта лён канчаткова не звёз, а нехта яшчэ цукровыя буракі не ўбраў".
Што да завяршэння ўборкі бульбы, Прэзідэнт упэўнены, што тут праблем не будзе - засталіся невялікія аб'ёмы. А вось на лён, і гэта яшчэ адна галоўная задача, Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу. "Пераляжыць - будзе гніллё", - папярэдзіў ён, адзначыўшы, што прадукцыя з лёну карыстаецца вялікім попытам.
"І не трэба далёка везці. Расія побач. Ім усё патрэбна. Зарабіце гэтыя грошы за плотам. Але нам трэба мабілізавацца, з'яднацца. Не толькі каб саміх сябе накарміць у Беларусі, а каб зарабіць яшчэ на гэтым", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-