Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 студзеня 2020, 13:24

Па газу кінулі, па нафце прапаноўвалі цану вышэйшую за сусветную - Лукашэнка пра рознагалоссі з Расіяй

24 студзеня, Шклоў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб прычынах цяжкасцей і канфлікту з расійскім бокам у сферы паставак энергарэсурсаў - газу і нафты. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву РУП "Завод газетнай паперы" ў Шклове, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нязгода і канфлікт з Расіяй адбыліся з-за таго, што ад нас запатрабавалі за нафту плаціць цану большую, чым сусветная", - сказаў Прэзідэнт.

Адзін з работнікаў прадпрыемства задаў пытанне аб забеспячэнні энергетычнай бяспекі краіны. "Мы працуем. Вельмі цяжка, вельмі няпроста. Вы ведаеце, чаму. Тут і палітычны, і эканамічны складнік. Але больш палітыкі. Гэта маё пытанне. Мы разбяромся. Але мы ні перад кім на каленях стаяць не будзем", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што Беларусь ужо на працягу прыкладна пяці гадоў рухаецца да сусветнай цаны на нафту, і растлумачыў, з чым звязаны фактычны канфлікт з Расіяй: "са старым урадам Расіі, які Прэзідэнт Пуцін адправіў у адстаўку".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб расійскім падатковым манеўры ў нафтавай сферы, у выніку чаго Беларусь страчвае на вывазных мытных пошлінах. "Калісьці мы атрымлівалі нафту, гадоў пяць-шэсць таму, з палавінай мытнай пошліны. Але яны зрабілі манеўр. Узялі гэту палавіну, якую мы атрымлівалі, рэалізуючы нафтапрадукты - свой тавар. Адабраць яе няёмка, і яны зрабілі манеўр - увялі ў сябе падатак на здабычу карысных выкапняў і тым самым узнялі цану на нафту. Паступова па 15-20 працэнтаў падвялі нас да сусветнай цаны. Мы сёння маем 18-20 працэнтаў усяго толькі ад гэтай мытнай пошліны", - сказаў ён.

"Мы паставілі пытанне: браты, дарагія, старэйшы брат, гэтак жа не робяць. Нельга ж нас за дурняў трымаць. Там гэта ўзялі, у падатак унеслі. Прытым да цэнта, да долара. Ні больш, ні менш, менавіта столькі. І калі мы сталі разбірацца, мне далажылі людзі, якія рыхтавалі гэтыя нарматыўна-прававыя акты, законы, указы, пастановы ўрада, што гэта зроблена спецыяльна. Каб націснуць на Беларусь, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Навошта націснуць, здагадайцеся з трох разоў. Розныя былі тэорыі, заключэнні і іншае. Вы іх чулі. І ўсе яны, напэўна, маюць месца".

Аляксандр Лукашэнка выказаў сваю пазіцыю і наконт цаны на газ, які пастаўляецца ў Беларусь. Краіна не просіць нізкай цаны, а настойвае на аднолькавай цане з Расіяй, каб прадпрыемствы маглі канкурыраваць у роўных умовах. "Калі мы ім прадавалі нашу трубу белтрансгазаўскую, была дакладная дамоўленасць - нам паабяцалі, заплаціўшы грошы (невялікія, трэба сказаць, яны ўжо іх адпрацавалі практычна - $5 млрд), выраўняць з Расіяй па цане. Прайшоў час - забылі. Нядаўна я размаўляў з Прэзідэнтам Расіі. Я яму прама сказаў: а я гэта помню. Таму вы ўстанаўлівайце сваю цану на газ, але мы будзем таксама дзейнічаць зыходзячы з уласных інтарэсаў, чаго б нам гэта ні каштавала", - расказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца нафты, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімір Пуцін сам узняў гэта пытанне на перагаворах у Піцеры: "кажа: як гэта так, чаму беларусы павінны купляць у нашых кампаній нафту даражэй за сусветную цану". Прэзідэнт растлумачыў, што да практычна сусветнай цаны на нафту ў Беларусі патрабавалі яшчэ заплаціць прэмію расійскім кампаніям. "І на тоне гэта 15-16$. А памножце на 24 млн т. Гэта вялікія грошы", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

"Не я ўзняў пытанне. Ён узняў. Прайшоў час, пазіцыя змянілася. Я гавару: як так? А там ужо кіраўнікі кампаній і ва ўрадзе разумныя дзялкі, якія на нафтавай гэтай трубе сядзяць, накруцілі яго: мы (расійскія кампаніі. - Заўвага БЕЛТА) там шмат страчваем. Я гавару: добра, не будзем па тэлефоне абмяркоўваць, скончыш мерапрыемствы - пасланне там і іншае, сустрэнемся і за сталом паглядзім, на што мы можам выйсці і да чаго можам дайсці", - сказаў Прэзідэнт.

"Што датычыцца газу, нас кінулі - не вывелі нас на роўныя цэны. Што датычыцца нафты: плаціце больш, чым яны прадаюць палякам і немцам. Дзе такое відана?" - абурыўся кіраўнік дзяржавы.

"Чаго біцца (за цану на нафту. - Заўвага БЕЛТА)? Гэта іх тавар, яны прынялі такое рашэнне. У тым ліку і па палітычных матывах, у тым ліку з-за недагавораздольнасці Бацькі Лукашэнкі. Так яны пішуць і "плявузгаюць" цяпер ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Я абсалютна дагавораздольны. Але што гэта за саюз, калі мы пачыналі ў тавараабароце з імі ў плюсе, а сёння мінус $9 млрд. І кожны год нам пагаршаюць становішча", - заявіў беларускі лідар.

"Яны проста пралічыліся. Яны думалі, што (утрыруючы скажу) дадуць мне ключы ад склада, і я пабягу ў Расію, таксама буду багатым, пушыстым, белым, прыгожым... Не трэба. Я буду працаваць у сваёй краіне, чаго мне гэта ні каштавала б", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі