Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 снежня 2021, 10:44

Новыя крокі ў кааперацыі, хакей і падарункі пад ёлку. Як прайшла апошняя ў гэтым годзе сустрэча Лукашэнкі і Пуціна

29 снежня ў Стрэльне, старэйшым прыгарадзе Санкт-Пецярбурга, размешчаным на паўднёвым узбярэжжы Фінскага заліва, адбыліся перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Мерапрыемства пайшло не па пратаколе з першых хвілін (ды і, напэўна, даўно пара забыць слова "пратакол", калі размова ідзе аб сустрэчы двух лідараў): перад пачаткам перагавораў Уладзімір Пуцін заехаў на сваёй машыне Mercedes-Benz ML за беларускім калегам, і кіраўнікі дзяржаў накіраваліся ў Канстанцінаўскі палац.

Хакейная прэлюдыя

Аднак журналістам, якія падрыхтаваліся асвятляць афіцыйную частку сустрэчы, давялося пачакаць. Пазней стала вядома, што прэзідэнты не толькі паразмаўлялі сам-насам, але і сустрэліся з легендарымі савецкімі хакеістамі Валерыем Каменскім, Аляксеем Касатонавым і Аляксандрам Якушавым. Ім былі ўручаны высокія расійскія дзяржаўныя ўзнагароды.

Павіншаваў хакеістаў і беларускі Прэзідэнт. "Я толькі што Уладзіміру Уладзіміравічу расказваў, як ты (размова пра Аляксандра Якушава. - Заўвага БЕЛТА) гуляў з канадцамі ў хакей: два метры ростам і рукі такія, што немагчыма было падысці", - падзяліўся сваімі ўспамінамі як балельшчыка Аляксандр Лукашэнка.

Як аказалася, гэта была не апошняя сустрэча кіраўнікоў дзяржаў з вядомымі хакеістамі. Вечарам яны сустрэліся ў больш нефармальнай абстаноўцы - на лёдзе "Стрэльна Арэны".

Аб істотным кроке наперад

На афіцыйнай частцы сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімір Пуцін успомніў аб праведзеным напярэдадні ў Санкт-Пецярбургу нефармальным саміце СНД. Прэзідэнт Расіі назваў гэта мерапрыемства "вельмі плённым" і адзначыў, што кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шмат напрамкаў супрацоўніцтва. Саміт, напэўна, сапраўды прайшоў плённа: нефармальная сустрэча прэзідэнтаў доўжылася не менш як шэсць з паловай гадзін.

"Сёння ёсць магчымасць у спакойным рэжыме, не спяшаючыся, пагаварыць аб двухбаковых адносінах Расіі і Беларусі, выніках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. У нас сапраўды ў гэтым годзе зроблены істотны крок наперад у ходзе ўзгаднення пазіцый па асноўных напрамках", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Ён канстатаваў, што калі ў 2020 годзе з-за пандэміі ўзровень беларуска-расійскага тавараабароту знізіўся амаль на 17 працэнтаў, то ў бягучым годзе - рост на 36 працэнтаў.

"Спадзяюся, што мы будзем гэтак жа плённа супрацоўнічаць і ў надыходзячым 2022 годзе", - дадаў расійскі лідар.

Аб падтрымцы і санкцыях

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падзякаваў расійскаму боку, і перш за ўсё асабіста Прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, за падтрымку Беларусі ў цяжкі санкцыйны час.

"Справа не ў ліслівасці. А справа ў тым, што любую прапанову, якую мы ўносім, або просьба - вы робіце даручэнне тым ці іншым людзям, адгукаюцца. І кампаніі расійскія, і ўрад, і банкі ідуць насустрач, падтрымліваючы нас у гэты цяжкі санкцыйны час. Нас прадаўжаюць душыць. Пяць пакетаў увялі, пагаворваюць пра шосты нейкі пакет. Прытым бязглуздыя, нікому не патрэбныя гэтыя санкцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, як бы ні складваліся адносіны, беларусы ў даўгу ніколі не застануцца. "Думаю, што мы многае яшчэ зможам зрабіць, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Па ўсіх напрамках мы супрацоўнічаем. І гэта будзем рабіць заўсёды".

Аб яднанні ў СНД

Аляксандр Лукашэнка на перагаворах таксама выказаўся аб саміце СНД, які прайшоў у Санкт-Пецярбургу, і нават пакінуў невялікую інтрыгу: аказалася, расійскі бок выступіў з нейкай ініцыятывай у гуманітарнай сферы.

Прэзідэнт адзначыў, што хоць праведзеная напярэдадні сустрэча лідараў краін СНД мела нефармальны характар, тым не менш удалося выйсці на прынцыповыя пытанні, асабліва па тых напрамках, дзе не атрымлівалася. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на гуманітарнай галіне - пытаннях, звязаных з навукай, рускай мовай і гэтак далей. "Прыемна здзівілі ўсе калегі нашы, якія падтрымалі вашы прапановы па многіх гуманітарных пытаннях. Я думаю, вы потым з часам аб гэтым самі скажаце людзям", - сказаў беларускі лідар.

"Гэта было добрае вельмі мерапрыемства - добрае, цёплае. Мы яшчэ раз убачылі, што кіраўнікі постсавецкіх рэспублік, і Беларусь у тым ліку, цудоўна разумеюць сітуацыю, якая вакол нас, і разабраліся ва ўсіх хітраспляценнях сусветнай палітыкі. Дзякуючы Расіі. Вядома, Расіі дастаецца заўсёды і дасталося ад гэтага. Але вы паказалі тым самым сваю надзейнасць. І гэтыя вось паводзіны ўсіх нас - кіраўнікоў дзяржаў - сведчанне таго, што мы разумеем, што адбываецца. Людзі разумеюць у нашых дзяржавах. І вельмі вялікі крэн (я ўжо чалавек вопытны ў гэтым плане) адбыўся ў бок нашага яднання - разам вырашаць пытанні", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аб канкурэнцыі і новых кааперацыйных праектах

У час сустрэчы кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што апошнім часам Беларусь і Расія змаглі значна падштурхнуць працэсы кааперацыі, сумеснай работы па імпартазамяшчэнні.Уладзімір Пуцін у сваю чаргу падкрэсліў, што з расійскага боку добрым крокам быў допуск беларускіх прадпрыемстваў да дзяржзакупак у Расіі. "Гэта істотна пашырае магчымасці для беларускіх прадпрыемстваў. І для нас гэта на карысць, таму што гэта павышае ўзровень канкурэнтнасці на рынку", - сказаў ён.

"Лепш мы будзем канкурыраваць з расійскімі кампаніямі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта так і ёсць. Узровень унутранай канкурэнцыі павінен быць забяспечаны. У гэтым сэнсе абсалютна свядомы крок, які пойдзе на карысць як Беларусі, так і Расіі", - дадаў Прэзідэнт Расіі.

На пратакольнай частцы перагавораў стала вядома, што Беларусь і Расія дамовіліся аб кааперацыі ў авіябудаванні. "Мы дамовіліся, ужо можна сказаць. Дзякуй зноў жа, што вы падтрымалі кааперацыю ў авіябудаванні. У нас ёсць і цывільныя, і ваенныя заводы па авія. Мы вельмі многае можам рабіць па кааперацыі. Тым больш, яны запатрабаваны для расійскага авіябудавання", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Абсалютна, - згадзіўся Уладзімір Пуцін. - Гэта будзе па выніках нашай сустрэчы яшчэ адно з даручэнняў ураду".

Аб сумесных вучэннях

Кіраўнікі дзяржаў таксама пацвердзілі планы аб правядзенні сумесных ваенных вучэнняў на тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе.

"Ведаю, вы і вашы ваенныя разглядаеце мае прапановы па вучэннях на тэрыторыі Беларусі. Хацелася б, каб гэтыя рашэнні былі прыняты вамі. Гэта на карысць беларуска-расійскім адносінам будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін у сваю чаргу заявіў: "Як вы і прапаноўвалі, мы правядзём у пачатку года. Там ваенныя ўзгадняць. У сакавіку-лютым. Не ведаю, калі яны вырашаць".

Раней паведамлялася, што сумесныя вучэнні плануецца правесці на беларускай граніцы.

Хакейная кода

Пасля даволі працяглых перагавораў лідары Беларусі і Расіі прадоўжылі нефармальную сустрэчу, але ўжо ў хакейнай экіпіроўцы. Яны сустрэліся на пляцоўцы піцерскага комплексу "Стрэльна Арэна", а да іх далучыліся вядомыя савецкія і расійскія хакеісты Вячаслаў Фяцісаў, Валерый Каменскі, Аляксей Касатонаў, Павел Бурэ, Сяргей Фёдараў, Ілья Кавальчук, Аляксей Жамноў і іншыя.

Кіраўнікі дзяржаў выйшлі на лёд у камандзе "белых", але згулялі ў розных пяцёрках: Аляксандр Лукашэнка - пад нумарам 01, Уладзімір Пуцін - пад нумарам 11. Таварыскі паядынак завяршыўся разгромным паражэннем "чырвоных": лік на табло пасля трох перыядаў 7:18.

Пасля ўсіх мерапраемстваў стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка прыязджаў на сустрэчу да Уладзіміра Пуціна не з пустымі рукамі. Расійскі лідар пакінуў перагаворы з рукамі, поўнымі падарункаў. "Як заўсёды, карзіна смачнейшага беларускага: каўбасы, сыры. А яшчэ набор бакалаў", - напісаў Telegram-канал "Пул Першага". І ўдакладніў, што посуд выраблены на шклозаводзе "Нёман".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі