Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 сакавіка 2023, 20:03

Новая эпоха партнёрства Беларусі і Кітая. Што Лукашэнка і Сі Цзіньпін замацавалі ў сумеснай дэкларацыі

1 сакавіка, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне прынялі сумесную заяву аб далейшым развіцці ўзорных адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і КНР у новую эпоху, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Лідары дзвюх краін у цёплай і дружалюбнай атмасферы правялі перагаворы, у ходзе якіх адбыўся глыбокі абмен думкамі па ўсім спектры беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, а таксама пытаннях міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, і прыйшлі да агульнага кансэнсусу.

Бакі сышліся на думцы, што павышэнне статусу двухбаковых адносін да ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, сумесна аб'яўленае лідарамі дзвюх краін 15 верасня 2022 года ў Самаркандзе, з'яўляецца знакавай падзеяй. "Двухбаковыя адносіны зрабілі гістарычны скачок наперад і сталі ўзорам міжнародных адносін новага тыпу. Беручы пад увагу высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, а таксама ў мэтах павышэння дабрабыту дзвюх краін і іх народаў, бакі дамовіліся аб далейшым развіцці ўсепагоднага і ўсебаковага партнёрства паміж дзвюма краінамі ў новую эпоху", - гаворыцца ў дакуменце.

ДАСЯГНЕННІ Ў НАЦЫЯНАЛЬНЫМ РАЗВІЦЦІ

Беларускі бок высока ацаніў значныя дасягненні Кітая ў эканамічным і сацыяльным развіцці за апошнія 10 гадоў і жадае кітайскаму народу пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Кітая поспехаў ва ўсебаковай пабудове сацыялістычнай мадэрнізаванай дзяржавы, дасягненні мэт, пастаўленых да стагоддзя ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі.

У сваю чаргу Кітай высока ацэньвае значныя дасягненні Беларусі ў нацыянальным развіцці і будаўніцтве пасля абвяшчэння незалежнасці, паважае выбраны беларускім народам шлях развіцця, які адпавядае нацыянальным інтарэсам, і зноў заяўляе аб сваёй падтрымцы палітыкі і мер, якія ажыццяўляюцца кіраўніцтвам Беларусі і яе ўрадам, у мэтах падтрымання стабільнасці і развіцця дзяржавы.

АСНОЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ

Бакі падкрэслілі, што ўзаемная цвёрдая падтрымка па пытаннях, якія закранаюць асноўныя інтарэсы адзін аднаго, з'яўляюцца краевугольным каменем стабільнага развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Беларускі бок цалкам прытрымліваецца прынцыпу "аднаго Кітая", падтрымлівае пазіцыю па пытаннях абароны нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, па забеспячэнні правоў грамадзян.

Кітай жа падтрымлівае намаганні Беларусі ў захаванні палітычнай стабільнасці і эканамічнага развіцця, выступае супраць любога ўмяшання звонку ва ўнутраныя справы Беларусі па якой бы там ні было прычыне.

У дакуменце гаворыцца аб недапушчальнасці прымянення двайных стандартаў у пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў пад гэтым выглядам.

Бакі падкрэслілі важнасць кансалідацыі намаганняў па процідзеянні неправамерным аднабаковым прымусовым мерам і націску на суверэнныя і незалежныя дзяржавы.

ПАШЫРЭННЕ ПРАМЫХ СУВЯЗЕЙ

Беларусь і Кітай дамовіліся і ў далейшым у поўнай меры выкарыстоўваць агульную каардынуючую ролю беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. У бягучым годзе плануецца правесці пятае пасяджэнне міжурадавага камітэта.

Бакі таксама вітаюць пашырэнне прамых сувязей міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін у мэтах аператыўнага вырашэння актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва.

УСЕБАКОВАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

Бакі прыкладаюць сумесныя намаганні для паглыблення ўсебаковага супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы "Аднаго пояса і аднаго шляху", будуць прадаўжаць садзейнічаць спрашчэнню гандлёвых працэдур паміж дзвюма краінамі, раскрываць патэнцыял транзітных перавозак, у тым ліку па чыгуначным маршруце Кітай - Еўропа, і няўхільна павялічваць аб'ёмы двухбаковага гандлю. Дамовіліся аб пастаянным пашырэнні ўзаемных інвестыцый і садзейнічанні супрацоўніцтву па лініі дзелавых колаў і фінансавых інстытутаў.

У тым ліку размова ідзе аб нарошчванні выкарыстання нацыянальных валют у двухбаковым супрацоўніцтве ў гандлёвай, інвестыцыйнай і фінансавай галінах.

Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва вызначаны пашырэнне ўзаемных прамых інвестыцый, стварэнне сумесных высокатэхналагічных інавацыйных вытворчасцей, развіццё сумеснага бізнесу паміж суб'ектамі гаспадарання дзвюх краін, заахвочванне прадпрымальніцкай ініцыятывы.

Заяўлена аб падтрымцы паставак высакаякаснай сельгаспрадукцыі Беларусі і Кітая на рынкі адзін аднаго.

Бакі таксама будуць сумесна пашыраць якаснае развіццё Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Кітайскі бок заахвочвае прыход у індустрыяльны парк буйных кітайскіх вытворчых і высокатэхналагічных прадпрыемстваў у якасці рэзідэнтаў.

Беларусь і Кітай заявілі аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва ў галіне электроннай камерцыі, лічбавай эканомікі.

Заяўлена аб падтрымцы прадаўжэння Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая на 2023 год. Бакі вітаюць паглыбленае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з кітайскімі гарадамі, у прыватнасці Цяньцзінь, Чунцын, Цындаа.

ТРАНСПАРТ І ЛАГІСТЫКА

Беларусь і Кітай зробяць крокі па ўмацаванні транспартна-лагістычных сувязей і паскарэнні апрацоўкі перамяшчаемых грузаў. Бакі будуць заахвочваць авіякампаніі дзвюх краін у пытаннях своечасовага павелічэння колькасці прамых рэйсаў з Беларусі ў Кітай у адпаведнасці з рыначнымі прынцыпамі.

НАВУКОВА-ТЭХНІЧНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

У гэтай сферы заяўлена аб намеры заахвочваць стварэнне сумесных навукова-даследчых цэнтраў, лабараторый і іншых платформ, павялічваць фінансаванне праектаў у рамках навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і садзейнічаць сумесным даследаванням і распрацоўкам новых тэхналогій, у тым ліку ў галіне штучнага інтэлекту і 5G.

Першачарговымі мерамі для развіцця супрацоўніцтва ў галіне інавацый з'яўляюцца разгортванне сумеснай даследчай і інавацыйнай дзейнасці. Бакі падтрымліваюць стварэнне сумесных цэнтраў і прадпрыемстваў, прызначаных для камерцыялізацыі навукова-тэхнічных дасягненняў дзвюх краін.

Размова таксама ідзе аб пашырэнні экспертна-аналітычнага супрацоўніцтва ў розных фарматах.

АБАРОНА І БЯСПЕКА

Як вынікае з тэксту сумеснай заявы, бакі будуць умацоўваць супрацоўніцтва ў абароннай, праваахоўнай сферах і сферы бяспекі, паглыбляць супрацоўніцтва ў тым ліку ў галіне падрыхтоўкі ваенных кадраў, сумеснай барацьбы з транснацыянальнай і тэрарыстычнай злачыннасцю і тэрарызмам, весці сумесную прэвентыўную барацьбу з каляровымі рэвалюцыямі.

Беларусь і Кітай таксама маюць намер умацоўваць абмен і супрацоўніцтва ў галіне прадухілення стыхійных бедстваў і змякчэння іх наступстваў.

УСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ

Беларусь і Кітай гатовы актывізаваць супрацоўніцтва ў галіне зялёнага, нізкавугляроднага і ўстойлівага развіцця, сумесна садзейнічаць фарміраванню гармоніі паміж чалавекам і прыродай.

Бакі маюць намер умацоўваць супрацоўніцтва па стварэнні сістэм статыстычнага ўліку і кантролю выкідаў парніковых газаў, стварэнні рынку гандлю выкідамі парніковых газаў, садзейнічанні адаптацыі да змянення клімату і ажыццяўленні зялёнага фінансавання.

ГУМАНІТАРНЫ СКЛАДНІК

Беларусь і Кітай заявілі аб гатоўнасці да далейшай актывізацыі культурна-гуманітарных абменаў і пашырэння практычнага супрацоўніцтва ў галіне культуры, турызму, спорту, кіно, тэлебачання, сродкаў масавай інфармацыі і іншых галінах.

Прадоўжыцца падтрымка моладзі дзвюх краін у вывучэнні нацыянальных моў адна адной і пашырэнні супрацоўніцтва ў сферы моўнага выкладання. Бакі прыкладуць намаганні да стварэння рэгіянальнага цэнтра кітаязнаўства ў Рэспубліцы Беларусь.

КАШТОЎНАСЦІ МІРУ І РАЗВІЦЦЯ

У заяве гаворыцца, што беларускі бок падтрымлівае прапанаваныя Кітаем усяму чалавецтву агульныя каштоўнасці міру, развіцця, раўнапраўя, справядлівасці, дэмакратыі і свабоды. Бакі будуць сумесна падтрымліваць міжнародную сістэму, ядром якой з'яўляецца Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, і прытрымлівацца базавых норм міжнародных адносін, заснаваных на мэтах і прынцыпах Статута ААН.

Беларусь і Кітай рашуча выступаюць супраць любых праяў гегеманізму і палітыкі грубай сілы, уключаючы нелегітымныя аднабаковыя санкцыі і прымусовыя меры.

Бакі рашуча асуджаюць любыя альтэрнатыўныя міжнародныя правілы, парадкі і механізмы, якія падрываюць фундаментальныя палажэнні Статута ААН. Акрамя таго, пацвярджаецца намер аказваць узаемную падтрымку ў змякчэнні негатыўных наступстваў прымянення незаконных аднабаковых прымусовых мер.

Заяўлена таксама аб глыбокай занепакоенасці развіццём узброенага канфлікту ў Еўрапейскім рэгіёне і крайняй зацікаўленасці ў хутчэйшым устанаўленні міру ва Украіне. Беларусь і Кітай зацікаўлены ў прадухіленні эскалацыі крызісу, гатовы прыкладаць намаганні для аднаўлення рэгіянальнага міру і парадку.

ГЛАБАЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ

Беларускі бок падтрымлівае прапанаваную Кітаем новую канцэпцыю развіцця, заснаваную на інавацыях, каардынацыі, экалагічных падыходах, адкрытасці і сумесным выкарыстанні, а таксама ініцыятыву Кітая па глабальным развіцці.

У сваю чаргу Кітай высока ацэньвае ўдзел Беларусі ў Групе сяброў ініцыятывы па глабальным развіцці. Бакі лічаць, што развіццё з'яўляецца важнай рухаючай сілай для забеспячэння працвітання ўсіх краін, і згаджаюцца і ў далейшым умацоўваць супрацоўніцтва ў ключавых сферах у рамках ініцыятывы па глабальным развіцці для дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

Беларусь падтрымала і прапанаваную Кітаем ініцыятыву па глабальнай бяспецы. Дамовіліся ўзмацніць узаемадзеянне ў рамках ініцыятывы па глабальнай бяспецы, сумесна процістаяць такім глабальным выклікам, як тэрарызм, змяненне клімату, кібер- і біябяспека.

ПАСКАРЭННЕ Ў ШАС

Як адзначаецца ў дакуменце, бакі прадоўжаць ажыццяўляць усебаковае супрацоўніцтва ў рамках шматбаковых структур, такіх як Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва і Нарада па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі.

Кітай падтрымлівае паскоранае ўступленне Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва ў якасці паўнапраўнага члена.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі