
Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра "Сілічы" ў Лагойскім раёне, студзень 2005 года
Навіны сюжэта
""Па факце: рашэнні Першага". Праект БЕЛТА"
У лютым 2004 года адкрылі першы ў Беларусі гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс "Лагойск". У эксплуатацыю тады ўвялі асноўны схіл з крэсельнай канатнай дарогай і дзвюма дзеючымі трасамі. Аляксандр Лукашэнка пратэсціраваў трасу і нават дапамог пракаціцца юнай лыжніцы. Акрамя трас тады адкрылі пункт пракату гарналыжнага і снаўбардычнага інвентару, а таксама пункт гарачага харчавання. Для штучнага аснежвання стварылі два штучныя вадасховішчы. Наогул, комплекс асацыіруецца са словам "першы": там правялі першыя рэспубліканскія спаборніцтвы па горных лыжах і арганізавалі першыя ў краіне "начныя катанні". У гэтым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" мы раскажам, які від спорту Аляксандр Лукашэнка лічыць самым эфектыўным, як гарналыжныя цэнтры спраўляюцца з нетыповай зімой і навошта ў краіне неабходна вытворчасць лыж.
Калі з'явілася традыцыя праводзіць "Мінскую лыжню"
Як у Беларусі з'явіўся ўнікальны гарналыжны цэнтр "Сілічы"
Прыкладна праз год у Беларусі адкрыўся яшчэ адзін рэспубліканскі гарналыжны цэнтр - "Сілічы". Сёлета яму споўнілася 20 гадоў. Унікальнае месца адпачынку для актыўных падарожнікаў размясцілася ў нізіне паміж узгоркаў, пакрытых бясконцымі лясамі.
"У нас сёння прыемная падзея. Мы сёння афіцыйна адкрываем рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы". Калі я першы раз пабываў на Лагойшчыне, мяне ўразіла прыгажосць гэтых мясцін. І мы пачалі тады прапрацоўку, пачалі думаць, як выкарыстоўваць гэтыя цудоўныя прыродныя ўмовы з карысцю для нашых людзей. Задумка была сапраўды абміцыйная: распрацаваць унікальны для Беларусі праект, стварыць фізкультурна-аздараўленчы гарналыжны цэнтр. Я хачу падзякаваць работнікам, якія прымалі ўдзел у будаўніцтве гэтага комплексу. Я хачу пажадаць усім здароўя, поспехаў на карысць нашай краіны, на карысць нашай Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы на адкрыцці рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра "Сілічы" ў студзені 2005 года.



Тады ж Аляксандр Лукашэнка пратэсціраваў трасу і падзяліўся планамі па будаўніцтве спартыўных аб'ектаў у Беларусі.
"На чарзе - страшна казаць... Трэба будаваць лядовы палац вялікі - тысяч на 13-15. Таму што людзі гатовы прыехаць, спаборніцтвы правесці. Гэта вялікая акупнасць, эканоміцы карысна. Але трэба знайсці інвестараў. Другое - нам трэба пабудаваць некалькі лядовых каткоў для дзяцей, для дарослых у гарадах абласнога падпарадкавання", - расказаў Прэзідэнт.
Што змянілася ў "Сілічах" з моманту адкрыцця
Дарэчы, усё, аб чым тады было страшна казаць, выканана. Лядовыя палацы і арэны пабудаваны. З таго часу змяніўся і гарналыжны цэнтр "Сілічы".
"Комплекс адкрываўся пяццю трасамі. На гэты момант, праз 20 гадоў, у нас ужо больш за 11 гарналыжных трас, якія ўключаюць у сябе не толькі трасы для катання на лыжах і снаўбордах, але і трасы для катання на цюбінгу, для навучання катанню. Ёсць таксама дзіцячыя трасы", - адзначыла галоўны маркетолаг РГЦ "Сілічы" Дзіяна Паўловіч.






Унікальны ландшафт. Перапад вышынь дасягае 35 м. Для Беларусі гэта ўнікальныя паказчыкі. Схілы падыходзяць і для першых нясмелых крокаў на лыжах ці снаўбордзе, і для ўпэўненых манеўраў.
"У нас ёсць трасы для рознага ўзроўню падрыхтоўкі. Для тых, хто зусім не ўмее катацца, - гэта вучэбна-трэніровачны комплекс. Горкі з малым вуглом нахілу, якія дазваляюць бяспечна рабіць свае першыя крокі ў катаннях. Далей можна пераходзіць на трасы - так званыя зялёныя ці сінія, у якіх вялікая працягласць і большы ўхіл. На іх можна адточваць свае навыкі. А для тых, хто ўжо ўпэўнена катаецца і хоча паспрабаваць нешта новае, экстрэмальнае, у нас ёсць так званыя чорныя трасы, на якіх людзі могуць скакаць на трамплінах, рабіць піруэты ў паветры", - расказала Дзіяна Паўловіч.
Чым "Сілічы" могуць зацікавіць гасцей цэнтра

Гэта зіма стала для комплексу выпрабаваннем. Але на надвор'е паўплываць немагчыма. Нават у такіх умовах спецыялісты хапаюцца за любы "мінус" для таго, каб правесці аснежванне. У арсенале спецыялістаў - 15 пушак. Спачатку ўзяліся за асноўныя трасы, каб даць старт гарналыжнаму сезону.


"Аснежванне ў ідэале наогул праводзіцца ва ўмовах марозу ад 8 да 10 градусаў. Тады прадукцыйнасць снежных пушак значна большая. Але мы аснежыліся ў бягучым годзе пры мінус 2 градусы. Вядома, гэта займае больш доўгі прамежак часу. А яшчэ гэта больш рэсурсазатратны працэс. Але мы рабілі ўсё магчымае. Працавалі і ноччу. У некалькі змен некалькі тыдняў запар для таго, каб стварыць трасы", - падкрэсліла Дзіяна Паўловіч.
Гарналыжны курорт - гэта не толькі катанне. Людзі карыстаюцца і іншымі паслугамі. У снежні 2023 года ў "Сілічах" з'явіўся крыты басейн з саўнамі, трэнажорная зала, спа-кабінеты і ёга-студыя. Гасцініцу дапоўнілі нумарамі павышанай камфортнасці. І хоць мінулы гарналыжны сезон прадоўжыўся ўсяго тры месяцы, наведвальнасць цэнтра была выдатнай.

"Статыстыка па чатырохкрэсельнай канатнай дарозе ў нас склала 825 тыс. праходаў. Праходы, на жаль, не азначаюць колькасць чалавек, якія прайшлі праз комплекс. Гэта паказвае, колькі разоў скі-пас (пропуск на пад'ёмнікі. - Заўвага БЕЛТА) быў прыкладзены да турнікета. Але ўлічваючы, што госці прыязджаюць сюды не толькі катацца, але і скарыстацца іншымі паслугамі, якія прадастаўляюцца ў нас, я думаю, гэта лічба была пацверджана адназначна", - лічыць Дзіяна Паўловіч.
Прэзідэнта Беларусі можна ўбачыць на горных схілах даволі часта. І не толькі на радзіме. Аляксандр Лукашэнка катаўся на лыжах у Сочы з Уладзімірам Пуціным у лютым 2021 года, наведваў з Шаўкатам Мірзіёевым гарналыжны комплекс "Амірсой" пад Ташкентам у лютым мінулага года.

Ёсць у Беларусі і традыцыя - спартыўнае свята "Мінская лыжня". Упершыню мерапрыемства прайшло ў 1986 годзе. Тады на старт выйшла каля 12 тыс. чалавек. Час ішоў - мяняліся правілы. Але спартыўнага запалу толькі прыбаўлялася.
На старт "Мінскай лыжні" выходзяць чыноўнікі, дэпутаты, журналісты і, вядома, Аляксандр Лукашэнка. Каманда Прэзідэнта перамагала не раз. У 2021 годзе кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у мерапрыемстве пасля траўмы калена і страляў стоячы, што яшчэ складаней. А ў 2023-м выйшаў на старт нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор'я.
У лютым 2023 года журналісты папрасілі Прэзідэнта падзяліцца ўражаннямі ад лыжні, на што ён адказаў: "Лепшых спаборніцтваў у Беларусі няма, чым наша аматарская традыцыйная лыжня. Я вам раю, каб зразумець знутры гэта мерапрыемства, стаць на лыжы і паспрабаваць пабегаць тут. Асабліва ў такіх дзікіх умовах. Вось тады вы зразумееце, што гэта такое. Менавіта на гэтай трасе, калі мокры снег, калі лыжы не слізгочуць, тармозяць, а тут яшчэ страляць трэба".




Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на пачатак спаборніцтваў надвор'е было адно, а затым дождж пайшоў са снегам. "А калі свежы снег выпадае, гэта наогул самае цяжкае. Учора прыйшоў сюды паглядзець трасу, такі снег валіў... Сёння яшчэ цярпіма ў параўнанні з учарашнім", - сказаў ён.
"Мінская лыжня" стала такой папулярнай у тым ліку дзякуючы ўдзелу ў свяце Прэзідэнта. Гэта прыклад для многіх.

"На лыжах трэба хадзіць і за сабой цягаць дзяцей", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Ты ідзеш, няхай дзіця ідзе за табой, няхай вучыцца", - параіў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу, што ўсе яго сыны займаюцца спортам.
Дзе ў Беларусі займаюцца вытворчасцю лыж
У Беларусі працуе адзінае прадпрыемства, якое выпускае лыжы. Вытворчасць размешчана ў пасёлку Целяханы Івацэвіцкага раёна. У 2018 годзе Прэзідэнту прадэманстравалі ўзоры айчынных лыж. Да вытворцаў тады аказалася шмат пытанняў: айчынны інвентар шмат у чым уступаў замежнаму.


Па даручэнні Прэзідэнта ў 2019 годзе на вытворчасці была праведзена маштабная мадэрнізацыя. Пачалі выпускаць пластыкавыя лыжы. У мінулым годзе вырабілі больш за 15 тыс. пар. Прадпрыемства займае да 80 працэнтаў беларускага рынку. Частку экспартуюць у Расію. Пытанне з вытворчасцю лыж - на кантролі Прэзідэнта.
"Таксама трэба абавязкова ўдасканальваць работу і выходзіць на больш высокі ўзровень. Мы ўсё ж такі адносна паўночная краіна, трэба, каб дзеткі, як і мы з табой некалі, займаліся на вуліцы. А вуліца сёння - гэта лыжы перш за ўсё. Трэба са школьных гадоў прывіваць ім гэтыя веды, вопыт для таго, каб проста здаровыя людзі былі. А не сядзелі ў інтэрнэце і не тыкалі ў тэлефон", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі Юрыя Назарава.
Да канца каляндарнай зімы засталося крыху больш за два тыдні. Але мы ж ведаем: гэта зусім не значыць, што 1 сакавіка настане кліматычная вясна. Таму час стаць на лыжы яшчэ ёсць.
Да канца каляндарнай зімы засталося крыху больш за два тыдні. Але мы ж ведаем: гэта зусім не значыць, што 1 сакавіка настане кліматычная вясна. Таму час стаць на лыжы яшчэ ёсць.
"Я з дзяцінства на лыжах бегаю, люблю лыжы. А цяпер я проста абавязаны гэта рабіць, каб іншыя бралі прыклад, на лыжах бегалі", - расказаў журналістам кіраўнік дзяржавы ў час "Мінскай лыжні" ў лютым 2019 года.
Прэзідэнт адзначыў, што эфектыўней за лыжы няма нічога: "Гэта прыгажосць, гэта здароўе, гэта работа ўсіх частак цела. На лыжах ніводная мышца, якая ёсць у чалавека, не адпачывае. Таму лыжы - гэта вялікая справа".
БЕЛТА.-0-