Фота з архіва
9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі выказаўся пра сітуацыю з літоўскімі грузавікамі, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі пасля закрыцця Вільнюсам граніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Літве цяпер "пачынаюць гвалтам крычаць" наконт аўтамабіляў, якія засталіся ў Беларусі пасля закрыцця граніцы Вільнюсам. "Калі яны (аўтамабілі. - Заўвага БЕЛТА) валяюцца на абочыне дарогі, можа, у Літве гэта нармальна. У нас гэта недапушчальна. Мы іх размясцілі на стаянках, ахоўваем, каб ніхто не ўлез у гэтыя аўтамабілі, каб груз захаваўся, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Не трэба "на дурніцу" крычаць гвалтам і шумець. Не трэба прыцягваць амерыканцаў, расіян або ўкраінцаў. Гэты нумар не пройдзе. Гэта тэма ляжыць у плоскасці нашых перагавораў і нашых пагадненняў".
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь гатова выбудоўваць нармальныя адносіны па ўсіх напрамках. "Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных адносін - сядайце за стол перагавораў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовы. Іншых варыянтаў няма", - заявіў беларускі лідар.
Пры гэтым, дадаў кіраўнік дзяржавы, Беларусь гатова нават выкупіць скорапсавальныя грузы. Што датычыцца вадзіцеляў грузавікоў, то для іх на тэрыторыі Беларусі створаны неабходныя ўмовы знаходжання. "Усё робім для таго, каб было нармальна. І пачынаюць (літоўцы. - Заўвага БЕЛТА) там мышкавацца, з-пад дывана або плінтуса высоўваюць галаву: "Аддайце нам гэтыя аўтамабілі!" - заявіў ён.
"Я вельмі паглыблены ў гэту праблему, і мяне больш за ўсё непакоіць, навошта яны гэта робяць. Сказаць, што яны дурні, - не скажаш. Шмат разумных людзей, думаюць над гэтым. Калі яны спрабуюць развязаць нейкі тут канфлікт, наўрад ці ў іх нешта атрымаецца", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.-0-
