Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 лістапада 2021, 14:19

"Не саромейся, ты ж Прэзідэнт!" Лукашэнка ўвёў Рому Кагадоўскага ў курс спраў па рабоце кіраўніка дзяржавы

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля цырымоніі ўзнагароджання правёў для школьніка Рамана Кагадоўскага персанальную экскурсію па сваім рабочым кабінеце ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перш за ўсё кіраўнік дзяржавы запрасіў хлопчыка прысесці ў яго рабочае крэсла. "Сядай. Лічы, што ты кіруеш працэсам. Вось тут у цябе ўся краіна на гэтым пульце. Ты можаш любога цяпер... Ты з Мінскай вобласці. Вось тут губернатара Мінскай вобласці, ты яго ў адзін момант можаш знайсці, сюды запрасіць, калі трэба, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ты не саромейся, ты ж Прэзідэнт! Гэта такое рабочае месца. Хоць тут не толькі рабочы кабінет. Тут да мяне начальнікі праходзяць, за тым сталом міністр твой (размова пра міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, які займаўся пытаннямі лячэння хлопчыка. - Заўвага БЕЛТА) прыходзіць сюды часам. Але ён не любіць да мяне хадзіць, таму што тут жа трэба даваць справаздачу, як ён лечыць. Таму начальнікі не вельмі хочуць сюды прыходзіць, але я іх запрашаю часам".

Расказаў Аляксандр Лукашэнка і аб фатаграфіях, якія стаяць у яго на стале: "Гэта вось мой малодшы - Коля. Напэўна, ты чуў пра яго. Ён, калі быў маленькім, яшчэ меншы, чым ты, на гэтым крэсле не сядзеў. Ты першы. Так, сапраўды, Раман першы сядзіць у крэсле Прэзідэнта".

"Калі ты захочаш калі-небудзь да мяне прыйсці ў госці і пагаварыць з якім-небудзь начальнікам, я цябе з задавальненнем запрашу", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама наглядна паказаў Роме, з якім вялікім аб'ёмам інфармацыі Прэзідэнту даводзіцца штодзённа працаваць, прадэманстраваўшы яму тоўстую папку розных дакументаў: "Вось глядзі. Вось гэта мне трэба на гэтым тыдні ўсё вывучыць на памяць. Вось глядзі: па Канстытуцыі ў нас будзе мерапрыемства ў чацвер. Вось будзем з Пуціным праводзіць у анлайн-рэжыме па тэлевізары перагаворы. Таксама матэрыялы трэба вывучыць. Гэта - у Магілёўскую вобласць паеду адкрываць з міністрам бальніцу новую. Таксама трэба ўсё на памяць вывучыць. Толькі за тры дні".

"Таму калі ты рызыкнеш быць Прэзідэнтам, май на ўвазе: ты вельмі шмат павінен чытаць. Але не пужайся, яно з часам прыходзіць", - адзначыў беларускі лідар.

Далей Прэзідэнт разам з Ромам падышлі да вялікага глобуса. "Тут у кабінеце лішняга нічога няма. Калі мне трэба некуды ляцець, я гляджу, як з Мінска трапіць, дапусцім, у Кітай, у Пекін. Я гляджу маршрут. Таму гэты глобус мне часам патрэбны, хоць я вельмі добра гэты зямны шар ведаю", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў экскурсію: "Вось тэлевізар. Часам, калі мне прэс-сакратар паскудную якую-небудзь флэшку прынясе, я тут пагляджу яе. Але вельмі рэдка яго ўключаю".

Прэзідэнт таксама паказаў хлопчыку зону ў яго рабочым кабінеце, якая прызначана для сустрэч з рознымі высокімі замежнымі гасцямі.

"А тут вось прыходзяць людзі без партфеля, а выходзяць з партфелямі. Вось міністр некалі не быў міністрам. Прыйшоў сюды, мы з ім перагаварылі: "Ты можаш працаваць?" - "Магу", "Можаш гэта зрабіць?" - "Магу", "Будзеш лячыць?" - "Буду". Ну яго назначылі міністрам. Вось такая работа тут", - прадоўжыў расказ Прэзідэнт аб прызначэнні рабочых зон кабінета.

Ён таксама расказаў пра дзве важныя рэчы, якія захоўваюцца ў яго ў кабінеце. Адна з іх - слуцкі пояс, сатканы па старадаўняй тэхналогіі з выкарыстаннем залатых нітак. "Вось ён тут ляжыць, метры два з лішнім даўжынёй. Ім раней апяразвалі сябе багатыя людзі", - расказаў ён Роме.

І яшчэ ў кабінеце захоўваецца першы экзэмпляр Канстытуцыі Беларусі на дзвюх дзяржаўных мовах. "Вось хутка будзе рэферэндум. Людзі хочуць памяняць Канстытуцыю. Я з імі згадзіўся. Калі дарослыя людзі прагаласуюць за новую Канстытуцыю, тут будзе новая. Ты дапамажы мне там сагітаваць (не толькі бацькоў) у сваёй вёсцы і гэтак далей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Раману на памяць ён падарыў камп'ютар, паколькі той любіць розныя гульні. "Ну, Рома, трымайся. Трымайся, ты малайчына, мужык! І шмат чытай. Будзеш шмат чытаць, будзеш больш ведаць. І асабліва ў гэтым камп'ютары, што я табе падарыў, не сядзі. Так, пару гадзін у дзень", - пажадаў Прэзідэнт хлопчыку.

Як паведамлялася БЕЛТА, Рома Кагадоўскі на сваіх руках вынес з агню двухгадовага брата Ваню і тут жа страціў прытомнасць. Акрамя апёкаў, на яго твары і руках былі парэзы ад разбітага шкла, праз якое яму давялося прайсці. 29 красавіка Рому на верталёце транспартавалі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска.

Сітуацыю з хлопчыкам, які пацярпеў у час пажару ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна, трымаў на кантролі асабіста кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

У кансіліумах па выпрацоўцы метадаў лячэння для Ромы прымалі ўдзел міністр аховы здароўя, лепшыя ўрачы розных профіляў рэспублікі. Некалькі кансіліумаў было праведзена з удзелам расійскіх калег.

У падтрымку юнага героя ў Беларусі была запушчана акцыя: людзі запісвалі відэа са словамі падтрымкі Роме і яго бацькам.

Раней кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, у адпаведнасці з якім Рома Кагадоўскі ўзнагароджаны ордэнам "За асабістую мужнасць". Дзяржаўнымі ўзнагародамі і Падзякамі Прэзідэнта адзначаны таксама заслугі медыкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі