
21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, запатрабаваў скончыць усялякія шараханні і не перашкаджаць працаваць міністру адукацыі, а губернатарам - у большай ступені браць на сябе вырашэнне практычных пытанняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Міністэрстве адукацыі трэба скончыць усялякія там шараханні. Гэта вельмі важна. Ёсць міністр, кіраўніцтва. Мы вызначылі гэту, як я гавару, каляіну. Не перашкаджайце працаваць міністру і Міністэрству адукацыі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Яны разумныя людзі і ведаюць, як вырашаць тыя ці іншыя пытанні ў адпаведнасці з законам, заканадаўствам і Канстытуцыяй. Няхай працуюць".
Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў работнікаў Мінадукацыі: калі некага не задавальняе міністр або кіраўніцтва, тады трэба шукаць іншую работу. "Вы разумееце мае намёкі і ведаеце, аб чым ідзе размова", - сказаў ён.
"Калі мы яму (Андрэю Іванцу, міністру адукацыі. - Заўвага БЕЛТА) не дадзім магчымасці працаваць... Любога міністра, каго туды ні назнач, ён не зможа працаваць, таму што кожны лезе ў Міністэрства адукацыі і спрабуе дапамагчы, падказаць або па-свойму нешта зрабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння мы завяршылі размову па задачах, якія стаяць перад адукацыяй. Рухаемся, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта датычыцца менш за ўсё міністра адукацыі, больш - губернатараў: пачулі, як трэба дзейнічаць, - дзейнічайце. Без губернатараў ні ў ахове здароўя, ні ў адукацыі мы пытанні не вырашым".
У сферы адказнасці кіраўнікоў рэгіёнаў павінны быць перш за ўсё пытанні практычнага характару. "Міністр і ўрад павінны бачыць зверху, як яны там (на месцах. - Заўвага БЕЛТА) варушацца, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Канкрэтныя пытанні школы: аўтобусы, харчаванне і іншае - гэта пытанні губернатараў і старшынь райвыканкамаў. Займіцеся гэтым".-0-