Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 жніўня 2021, 12:37

"Не падводзім нават ва ўмовах санкцый" - Лукашэнка назваў "Беларуськалій" самым надзейным сусветным іграком

27 жніўня, Петрыкаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Беларуськалій" - адзін з вядучых і самы надзейны ігрок на сусветным рынку ўгнаенняў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўводу ў эксплуатацыю Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу ААТ "Беларуськалій", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калій - брэнд нашай краіны. Нам нашанцавала, што айчынныя нетры багатыя на чырвонае золата. Попыт на яго вялізны і расце з году ў год, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - "Беларуськалій" - адзін з вядучых ігракоў на сусветным рынку ўгнаенняў, вырабляе і прадае больш за 20 працэнтаў калійных угнаенняў. Але самае галоўнае (я не пабаюся гэтага слова, паколькі паглыблены ў вытворчасць і продажы калійных угнаенняў), гэта самы надзейны партнёр у свеце. І мы ніколі не падводзілі і не падвядзём сваіх партнёраў".

Прэзідэнт падкрэсліў, што нават цяпер, калі рэспубліку выпрабоўваюць на трываласць рознымі санкцыямі ЗША і краіны ЕС, калі збеглыя апазіцыянеры гэтыя санкцыі выпрошваюць, Беларусь нікога не падводзіць і абавязкова выканае ўсе свае абавязацельствы. "Мы, наадварот, шукаем новыя адрасы паставак, новыя магчымасці дастаўкі тавару. У калійных угнаеннях з Беларусі сёння зацікаўлены такія гіганты, як Кітай, Бразілія, Індыя, і мноства іншых краін, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Свет вялікі. З-за пандэміі каранавіруса на планеце яшчэ больш востра паўстала пытанне забеспячэння прадуктамі харчавання, значыць, і ўгнаеннямі".

Паводле яго слоў, беларусам складана паверыць, што праблема голаду магчыма ў XXI стагоддзі, але тым не менш гэта так, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Цяпер вялізны попыт на прадукты харчавання. Амаль мільярд чалавек недаядае, паўмільярда галадаюць: не хапае. А прадукты харчавання - гэта матухна-зямля, глеба. А без угнаенняў ніякіх прадуктаў харчавання быць не можа. Таму попыт на ўгнаенні наогул і калійныя ў тым ліку ў свеце расце і будзе расці. Мы гатовы дапамагаць, таму і будуем гэтыя гіганты", - перакананы беларускі лідар.

На 1 жніўня 2021 года рудніком у Петрыкаўскім раёне выдадзена каля 1,4 млн т руды, абагачальнай фабрыкай атрымана амаль 158 тыс.т калійных угнаенняў. Цяпер на прампляцоўцы Петрыкаўскага ГАК завершаны работы падрыхтоўчых перыядаў і ідуць работы па ўзвядзенні аб'ектаў 3 чэргаў будаўніцтва.

У першым паўгоддзі вытворчыя і экспартныя паказчыкі "Беларуськалія" выраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Выраблена калійных угнаенняў у натуральным вылічэнні 6 млн 496 тыс. т, або 121,8 працэнта да паказчыка першага паўгоддзя 2020 года (за 7 месяцаў 2021 года - 7 млн 546 тыс. т, або 116,6 працэнта да ўзроўню аналагічнага мінулагодняга перыяду).

Вытворчыя магутнасці ААТ "Беларуськалій" выкарыстоўваліся на 100 працэнтаў і са студзеня 2021 года былі павялічаны з 11 млн 500 тыс. т да 13 млн 150 тыс. т у год у натуральным вылічэнні.

За першае паўгоддзе 2021 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года вытворчасць мінеральных угнаенняў павялічылася на 21,7 працэнта, у тым ліку вытворчасць калійных угнаенняў павялічылася на 21,8 працэнта, NPK-угнаенняў на 12,1 працэнта, тукасумесей на 28,5 працэнта.

Па выніках 7 месяцаў 2021 года экспарт калійных угнаенняў у натуральным выражэнні вырас на 10,4 працэнта, або на 655 тыс. т, і склаў 6 млн 980 тыс. т. Экспартная выручка за той жа перыяд павялічылася на 13,4 працэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі