Сцяг Субота, 14 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 мая 2025, 15:03

Не дапусціць катастрофы з дэфіцытам працоўных рэсурсаў. Лукашэнка растлумачыў, навошта краіне патрэбны мігранты

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для вырашэння праблемы з дэфіцытам працоўных рэсурсаў у Беларусь трэба прыцягваць мігрантаў з іншых краін. Займацца гэтымі пытаннямі павінны перш за ўсё кіраўнікі прадпрыемстваў і мясцовай вертыкалі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 мая, прымаючы кадравыя рашэнні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У размове з новымі кіраўнікамі мясцовай вертыкалі кіраўнік дзяржавы закрануў праблему няхваткі працоўных рэсурсаў. "Як і ва ўсім свеце, акрамя, магчыма, некаторых краін Азіі і Афрыкі, у нас дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Дзякуй богу, яшчэ не катастрафічны. Але мы не павінны да катастрофы даводзіць, - сказаў Прэзідэнт. - Таму прынята рашэнне аб прыцягненні працоўных рэсурсаў, перш за ўсё з былых рэспублік Савецкага Саюза". Пры гэтым, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прадстаўнікі краіны не выязджаюць за мяжу, каб некага агітаваць або настойліва запрашаць на працу ў Беларусь. Ёсць людзі, якія самі хочуць сюды прыехаць.

Па гэтай тэматыцы кіраўніком дзяржавы нядаўна падпісаны ўказ, які датычыцца адказнасці наймальнікаў за замежных работнікаў. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў першую чаргу кіраўнікі прадпрыемстваў на месцах і кіраўнікі раёнаў павінны быць зацікаўлены ў прыцягненні кадраў. Менавіта яны і павінны займацца іх падборам. "Калі на нейкім прамысловым прадпрыемстве, папяровай фабрыцы або яшчэ дзе-небудзь патрэбны людзі, няхай кіраўнік наймае гэтых людзей, якія прыязджаюць у Беларусь з розных краін. Мы нікога не абмяжоўваем. Наймайце, заключайце з імі дагавор, працуйце", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, калі замежныя работнікі як-небудзь парушаюць дзеючы парадак, меры трэба прымаць неадкладна, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. "Парушылі дагавор - імгненна інфармацыю ў міліцыю. Яны даводзяць да цэнтра, мы іх адсюль дэпартуем. Яны неадкладна будуць выселены з Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

"Але тыя, хто прыехаў да нас працаваць (зарабіць, таму што там цяжка, адкуль яны прыехалі), з дзеткамі, мы павінны да іх паставіцца як да сваіх, беларусаў, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Гэта ваша задача і задача кіраўнікоў. Дзейнічайце".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі