Сцяг Субота, 18 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 студзеня 2023, 00:00

Навагодні зварот Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа

Навагодні зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі да беларускага народа

Дарагія суайчыннікі!

Госці Беларусі!

Вось і настала навагодняя ноч, самая доўгачаканая і самая скарацечная ў годзе.

Дома, у асяроддзі сяброў, на працоўным месцы або ў дарозе - усе мы цяпер глядзім на гадзіннік і бачым, як імкліва ляцяць і адыходзяць у гісторыю хвіліны, набліжаючы нас да новага 2023 года.

І праз імгненне ўжо адыходзячы год - Год гістарычнай памяці - таксама стане часткай мінулага, а яго падзеі запоўняць чарговую главу летапісу жыцця беларускага народа.

Многія задаюцца пытаннем, якім адыходзячы год застанецца ў нашай памяці.

Няпростым, супярэчлівым, часам напружаным. Але галоўнае - для нас ён быў мірным.

Мы, магчыма, нават у большай ступені, чым раней, адчулі пагрозу спакойнаму і бяспечнаму жыццю, да якога прывыклі.

Мацней сталі непакоіцца за сваіх дзяцей, родных, блізкіх і нават задумаліся пра будучыню чалавецтва. Вастрэй усвядомілі каштоўнасць міру на роднай зямлі, які стаў для нас галоўным дасягненнем года.

Адыходзячы 2022-і стаў годам палітычнага выбару.

Беларусы адказалі адзінствам у абарону сваёй гістарычнай памяці, сваіх прынцыпаў і традыцый. Кожны, хто душой балее за лёс роднай краіны, прыняў удзел у абмеркаванні новай Канстытуцыі, вызначыўшы будучыню Беларусі.

І, вядома, 2022-і ўвайшоў у гісторыю як год плённай працы.

Мы сабралі рэкордны ўраджай хлябоў - больш за тону на жыхара краіны. Забяспечылі сябе ў дастатку прадуктамі і накармілі мільёны жыхароў планеты, выручыўшы за экспарт прадуктаў харчавання больш за 20 мільярдаў рублёў.

Пабудавалі новыя паліклінікі, бальніцы, школы, дзіцячыя сады, масты і дарогі - больш за 50 маштабных аб'ектаў.

Умацавалі энергетычную бяспеку. Беларусам не давядзецца аддаваць апошні рубель за святло і цяпло, якія становяцца раскошай для нашых суседзяў.

Мы захавалі працоўныя месцы і сацыяльную накіраванасць эканомікі - дапамогу атрымалі ўсе, хто мае патрэбу.

Амаль 50 тысяч беларускіх сем'яў сустракаюць Новы год у новых кватэрах.

Вядома, не ўсё, што задумалі, паспелі зрабіць, але працавалі шмат і плённа.

Дзякуй усім вам за гэты год!

Усім, хто выхоўвае нашых дзяцей, вучыць школьнікаў і студэнтаў, лечыць нас і дапамагае адзінокім людзям.

Дзякую рабочым і сялянам, брыгадзірам і майстрам, кіраўнікам прадпрыемстваў - усім, хто робіць жыццё больш камфортным, развіваючы сферу паслуг, уносіць у яго яркія фарбы, рэалізуючы творчыя праекты, і ажыццяўляе бяспеку, цвёрда абараняючы граніцы і парадак у нашым агульным доме - Беларусі.

Ганаруся вамі - сапраўднымі гаспадарамі святой беларускай зямлі!

Дарагія беларусы!

Пагадзіцеся, нягледзячы на выпрабаванні адыходзячага года, з намі адбылося шмат добрага.

Мы стваралі новыя тавары і выходзілі на новыя рынкі ў той час, калі нас душылі санкцыямі.

Нам закрывалі граніцы, а мы нанава адкрылі для сябе нашу Беларусь. Многія паглядзелі на сваю краіну па-новаму, усвядомілі тыя багацці, якімі валодаем: прыгажосць прыроды, таямніцу гістарычнага мінулага, скарбы нацыянальнай культуры і традыцый. Больш даведаліся аб роднай зямлі і больш пранікліся гонарам за родны край.

Мы адказалі даверам і дружбай усім, хто адгароджваецца ад нас платамі. Сотні тысяч грамадзян Еўрасаюза прыехалі ў Беларусь без віз і перашкод.

Мы далі прытулак бежанцам з гарачых кропак, далі дах над галавой і працу. Прынялі ў сваю сям'ю новых грамадзян.

Звыш 7 тысяч іншаземцаў з 31 краіны ўжо сёння працуюць на карысць і працвітанне сваёй новай Радзімы. Большасць з іх - украінцы.

Беларусь была і застанецца гасціннай і дружалюбнай краінай. Краінай, адкрытай для ўсіх, хто сэрцам прыме нашы каштоўнасці і традыцыі, шчыра палюбіць яе і захоча назваць сябе беларусам.

Дарагія суайчыннікі!

У гэтым годзе мы ўбачылі, які цесны наш неабсяжны свет. Дастаткова распаліць канфлікт у адной краіне, як пачынае ліхаманіць усю планету.

Ведаю, больш за ўсё вы хочаце пачуць, што будзе далей. Ці застанецца Беларусь астраўком бяспекі? Упэўнены, што гэта пытанне стане і галоўным жаданнем, якое вы загадаеце апоўначы.

Адказ просты: усё ў нашым жыцці будзе залежаць ад кожнага з нас. І ад усіх нас разам.

Калі мы хочам жыць у міры і бяспецы, то перш за ўсё павінны паважаць і шанаваць працу людзей у пагонах, выхоўваць дзяцей патрыётамі сваёй краіны і выконваць закон.

Калі мы хочам жыць у міры і дастатку, то павінны шмат і добрасумленна працаваць.

Калі мы хочам жыць у свабоднай і незалежнай дзяржаве, то павінны берагчы і абараняць гістарычную памяць, духоўныя каштоўнасці і спрадвечныя традыцыі.

Наступны год мы аб'яўляем Годам міру і стварэння. Гэта адпавядае і духу часу, і памкненням нашых сэрцаў.

Я гэтак жа моцна, як і вы, жадаю міру і дабра роднай Беларусі.

Моцнага здароўя і дзіцячага смеху - кожнай сям'і.

Сяброўскага клопату і душэўнай цеплыні - кожнаму, хто адзінокі.

Сямейнага ладу і дабрабыту - у кожны дом.

Няхай нашы жаданні здзейсняцца!

Будзьце шчаслівыя, беражыце сябе і сваіх блізкіх!

З Новым годам, дарагія беларусы!-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі