Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 лютага 2020, 15:29

"Настаў момант ісціны" - Лукашэнка 7 лютага плануе сустрэцца з Пуціным

4 лютага, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 лютага плануе сустрэцца з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў сёння журналістам у час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хутчэй за ўсё, 7 лютага мы сустрэнемся з Прэзідэнтам Пуціным. Я так разумею, і пра гэта яму буду гаварыць адкрыта, - нейкі момант ісціны настаў. Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй. - Заўвага БЕЛТА). Мы былі архітэктарамі гэтых адносін, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар'еры. Мы ж не вечныя. Што мы пакінем пасля сябе - вось у чым пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь хоча самых цёплых, добрых і дружалюбных адносін з брацкім народам. "Але калі вы паабяцалі за 5 гадоў (калі "Белтрансгаз" купілі) вывесці нас на ўнутрырасійскія цэны, дык вывадзіце. Навошта ж вы нас падманваеце? Прытым не падманваеце, а думаеце, што мы гэта забылі", - заўважыў беларускі лідар.

"Мы хочам проста сумленных, чыстых, празрыстых адносін. Не хочаце - няхай скажуць нам аб гэтым. І не крычаць: "Ах, Пампеа (Дзяржсакратар ЗША. - Заўвага БЕЛТА) прыехаў. Заўтра Трамп прыедзе... Што яны будуць рабіць?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь як суверэнная і незалежная краіна вызначае, якую праводзіць знешнюю палітыку. "Ці мы гэтым нашкодзілі Расіі? Не", - дадаў ён.

"Наконт таго, куды мы глядзім, калі кагосьці з расіян гэта хвалюе, дык яны няхай паглядзяць на свайго двухгаловага арла - яны глядзяць і туды, і сюды. А мы ў цэнтры. Таму мы глядзім, што адбываецца вакол. І мы не Расія. Гэта "мядзведзь" - велізарная краіна. Ім можна глядзець на ўсход, захад, і больш нікуды, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А мы, калі толькі нешта празяваем, то нашаму арлу і галаву адкруцяць, і пахаваюць. Таму мы вакол глядзім, маніторым і жывём сваім розумам".

Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў, закрануў тэму перагавораў вакол паставак энергарэсурсаў. "Што мы просім цяпер ад расіян (яны там у позу ставілі і нас на калені спрабуюць паставіць): калі вы не можаце ў Еўразійскім саюзе бяспошлінна нам паставіць нафту (падатковым манеўрам замянілі, дурняў знайшлі), прадайце нам па сусветных цэнах", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што ў Расіі не згаджаюцца на такія прапановы і настойваюць яшчэ на істотнай прэміі кампаніям звыш таго за пастаўку нафты ў Беларусь. "А як вы Венгрыі, Польшчы, Захаду пастаўляеце? Без прэміі. Хіба можа так старэйшы брат ставіцца да самага блізкага народа?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт разам з тым канстатаваў, што нават у расійскіх СМІ, нягледзячы на прапаганду, з'явіліся галасы, якія кажуць, што з беларусамі так нельга.

"Прытым мы ж не просім у іх ніякіх грошай. Мы ўжо і крэдыты ім заплацілі за мінулы год, не перакрэдытоўваліся. А калі гаварыць па крэдытах, то амерыканцы ім плацяць 1,5 працэнта за тое, што яны там валюту трымаюць, а мы ім плацім ад 4 працэнтаў да 6 працэнтаў. Шчасце нам падарылі - $1 млрд штогод мы Расіі плацім. Яны ўдачна размясцілі свае грошы", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што цяпер Беларусь не просіць у Расіі крэдытаў і прапануе супрацоўніцтва. "Не, не хочацца. Хочацца, разумееце, па-візантыйску па галаве ўдарыць і нахіліць. Навошта гэта патрэбна?" - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Мы гатовы супрацоўнічаць. Але гэта павінна быць сумленна, празрыста і шчыра. Не просім нічога дадаткова да таго, як яны працуюць на Захадзе. Сёння $127 за 1 тыс. куб.м газу прапанавалі. Спотавыя цэны ў Еўропе - да $100 газ каштуе. Мы ж таксама бачым, што ў свеце адбываецца, і лічыць умеем. Таму не трэба крычаць, што вы нас корміце. Хто каго корміць, паказвае тавараабарот. У нас сёння адмоўнае сальда ў знешнім гандлі з Расіяй $9 млрд. Гэта значыць яны ў нас прадаюць на $9 млрд больш, чым купляюць. Дык хто каго корміць? Спецыялісты гэта разумеюць. А ідзе прапаганда, пачынаюць ужо расіян настройваць супраць Бацькі Лукашэнкі і Беларусі. Навошта ім гэта патрэбна? Адышоў той час, калі крычалі, што Лукашэнка схопіць шапку Манамаха", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Таму не трэба баяцца. Трэба наладжваць адносіны. Нам трэба перадаць новаму пакаленню тое, што мы зрабілі (у мінулыя гады па развіцці двухбаковых адносін з Расіяй. - Заўвага БЕЛТА), прытым у дастойным выглядзе", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі