Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 верасня 2025, 18:28

"Нарэшце, як і павінна быць, мы разам". Як праходзілі першыя беларуска-расійскія вучэнні "Захад" 

Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў у час заключнага этапу аператыўна-стратэгічнага вучэння "Захад-2009", верасень 2009 года
Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў у час заключнага этапу аператыўна-стратэгічнага вучэння "Захад-2009", верасень 2009 года
Вакол беларуска-расійскага вучэння "Захад-2025" не сціхаюць - і нават распальваюцца - страсці. У Еўропе на поўным сур'ёзе падлічваюць магчымыя сцэнарыі і пагрозы, суседзі закрываюць граніцы і скрыжоўваюць пальцы. І гэта на фоне неаднаразовых заяў кіраўніцтва Беларусі і Расіі аб абаронным характары манеўраў, запрашэнні міжнародных наглядальнікаў і рашэння перанесці вучэнні далей ад граніц Саюзнай дзяржавы. Гавораць, дыму без агню не бывае. Але на самай справе да беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, асабліва ў ваеннай сферы, Захад ставіцца сур'ёзна і нават з апаскай ужо даўно. У YouTube-праекце БЕЛТА "Як гэта было. DOC" мы раскажам, чаму Беларусь і Расія вырашылі праводзіць сумесныя вучэнні і калі нашы краіны арганізавалі першыя маштабныя манеўры, як ацанілі дзеянні ваеннаслужачых прэзідэнты і чым былі незадаволены еўрапейскія суседзі. 

Калі Беларусь і Расія пачалі праводзіць ваенныя вучэнні 


На міжнароднай арэне за Беларуссю замацаваўся статус адкрытай, міралюбнай і неканфліктнай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нават неяк заявіў, што наша краіна - самая міралюбная ў свеце і беларусы хочуць толькі аднаго - міру. Але тут жа дадаў: калі Захад толькі кранецца ў нашым напрамку, адказ будзе імгненным. "Мы ўсе паўстанем, як Брэсцкая крэпасць", - папярэдзіў Прэзідэнт. 

Таму забеспячэнне ваеннай бяспекі - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Менавіта для гэтай мэты ў 2000 годзе была створана рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расіі. У рамках яе дзейнасці асноўнымі мерапрыемствамі сталі сумесныя вучэнні, якія праводзяцца адзін раз у два гады па рашэнні прэзідэнтаў. 

Спачатку гэта былі невялікія сумесныя манеўры. Першыя маштабныя расійска-беларускія вучэнні прайшлі ў чэрвені 2006 года на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі. Яны атрымалі назву "Шчыт Саюза". На актыўнай фазе вучэння прысутнічаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 

Як прайшлі ў 2006 годзе вучэнні "Шчыт Саюза" 

Вучэнне было прызначана замацаваць пытанні забеспячэння абароны Саюзнай дзяржавы, праверыць дзейснасць адзінай сістэмы ППА. Задума манеўраў распрацоўвалася генеральнымі штабамі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў Аб'яднанага штаба АДКБ.
 Усяго ў вучэнні былі задзейнічаны амаль 7 тыс. ваеннаслужачых з Беларусі і 1,8 тыс. - з Расіі. Такі вялікі расійскі кантынгент упершыню ўдзельнічаў у вучэнні на тэрыторыі Беларусі. 

Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў ход беларуска-расійскага вучэння. Паводле яго слоў, ваенныя дзейнічалі вельмі прафесіянальна, паміж імі было поўнае ўзаемаразуменне. 
Разам з тым беларускі лідар падкрэсліў, што ў правядзенні гэтага вучэння ніякай вялікай палітыкі няма. "Але ўсе павінны добра разумець, што мы гатовы ў выпадку неабходнасці абараняць свае заходнія рубяжы, як гэта заўсёды было. Нічога новага тут няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 
На заходніх граніцах Беларусі ў тыя гады, як і цяпер, было неспакойна. Як грыбы пасля дажджу там з'яўляліся ўсё новыя і новыя ваенныя базы, і Беларусь была вымушана адказваць і дэманстраваць, што яе ваенныя не дарэмна ядуць хлеб і гатовы абараніць мірную працу беларусаў. 

"Патрэбны вучэнні ці не - гэта чыста рытарычнае пытанне. Тыя, хто не кормяць сваіх салдат, будуць карміць чужых. Мы зыходзім з гэтага", - заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Калі праходзілі першыя беларуска-расійскія вучэнні "Захад" 

Праз некалькі гадоў Беларусь і Расія правялі аператыўна-стратэгічнае вучэнне "Захад-2009". У заключным этапе манеўраў прынялі ўдзел прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў. 
На Абуз-Лясноўскім палігоне ў той раз адпрацоўвалася адно з найважнейшых для рэгіянальнай групоўкі войскаў пытанняў - узаемадзеянне войскаў Беларусі і Расіі пры практычным выкананні задач па вядзенні абарончай аперацыі. 

Вучэбна-баявыя дзеянні праходзілі таксама і на іншых ваенных палігонах Беларусі і Расіі. Усяго ў вучэнні прынялі ўдзел каля 12,5 тыс. чалавек, пры гэтым ваеннаслужачыя Беларусі - 6,5 тыс. чалавек, Расіі - каля 6 тыс., а таксама з Казахстана і Таджыкістана. Назіраць за манеўрамі запрасілі прадстаўнікоў усіх дзяржаў, якія суседнічаюць з Беларуссю: Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, а таксама прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса іншых краін.
 У час актыўнай фазы вучэння агульнавайсковы палігон ператварыўся ў тэатр актыўных ваенных дзеянняў. Контрудар па ўмоўным праціўніку праводзіўся з выкарыстаннем розных відаў узбраення і ваеннай тэхнікі. Авіяналёты выконвалі стратэгічная, штурмавая і франтавая авіяцыя, шматлікія верталёты агнявой падтрымкі. Задачы па знішчэнні інфраструктуры і жывой сілы ўмоўнага праціўніка таксама выконвалі танкавая і бранятанкавая тэхніка, беспілотныя лятальныя апараты, вайсковая ППА і іншыя сілы і сродкі. 

Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі вучэння, заявіў, што Беларусь і Расія ўпершыню выйшлі на такі высокі ўзровень практычнага ўзаемадзеяння ў ваеннай сферы. 

"Мы некалькі разоў падыходзілі да такіх маштабных вучэнняў, але толькі дзякуючы Дзмітрыю Мядзведзеву нам удалося ў бягучым годзе ўпершыню за перыяд існавання сумеснай беларуска-расійскай групоўкі як складніка Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы правесці гэтыя вучэнні. Каб не было рашэння Прэзідэнта Расіі, у нас не было б такіх маштабных сумесных вучэнняў, - падкрэсліў беларускі лідар. - Цяперашняе вучэнне - узор абароны нашых народаў у Саюзнай дзяржаве". 
Тады прэзідэнты прынялі рашэнне, што вучэнні, падобныя да "Захаду-2009", будуць праходзіць раз у два гады па чарзе ў Беларусі і Расіі. 

Дзмітрый Мядзведзеў таксама высока ацаніў ваенныя манеўры. Паводле яго слоў, упершыню за апошнія гады на такім узроўні былі праведзены ўсе мерапрыемствы вучэння. "Тое, што мы былі ўдзельнікамі мерапрыемстваў гэтага вучэння, паказвае, што нашы саюзніцкія адносіны ўмацоўваюцца, мы развіваем іх абаронны складнік, стараемся стварыць надзейную аснову для абароны нашых нацыянальных інтарэсаў", - сказаў Прэзідэнт Расіі. 

Як Лукашэнка ацаніў першыя беларуска-расійскія вучэнні "Захад" 

Праз пару тыдняў пасля вучэнняў "Захад-2009" Аляксандр Лукашэнка даў маштабную прэс-канферэнцыю расійскім рэгіянальным СМІ. У кіраўніка дзяржавы ў тым ліку пацікавіліся ўражаннем ад убачанага на манеўрах і перспектывах ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.
 Прэзідэнт адразу ж расставіў кропкі над i для тых, хто лічыў, што Беларусь адварочваецца ад Расіі на Захад. "Такія вучэнні з чужымі людзьмі не праводзяцца. Гэта такія вучэнні, якія Расія ніколі не праводзіла сама ў сябе. Гэта маштабныя вучэнні. І калі б мы разышліся ў гэтай сферы, а гэта самая адчувальная сфера - ваенная, то мы гэтыя вучэнні ў такім плане не правялі б. Таму што гэта магчыма толькі ў адной дзяржаве, калі адзіныя ўзброеныя сілы. Але мы іх правялі. Значыць, мы не разышліся ў ваенным супрацоўніцтве, у ваенна-тэхнічным у тым ліку. Значыць, і нашы ўзброеныя сілы як дзве кроплі вады падобныя", - заявіў кіраўнік дзяржавы. 

"Гэта і спалучэнне, гэта і каардынацыя войскаў, гэта адзіныя сакрэтныя і іншыя інфармацыі, адзіныя каманды. Усё гэта мы з расіянамі захавалі і нават прымножылі, выйшаўшы на больш высокі ўзровень. І вучэнні мы гэтыя правялі не з амерыканцамі, не з блокам НАТА, куды мы ў двукоссі так "разагналіся" апошнім часам, а з нашымі расіянамі. І толькі ідыёт пасля гэтага можа сказаць, што Лукашэнка павярнуў на Захад, яшчэ кудысьці там павярнуў і гэтак далей, і кінуў Расію. Вось гэты факт сведчыць аб тым, што мы сапраўды адзіная дзяржава, калі мы ў гэтым важным пытанні фактычна дзейнічаем як адна дзяржава", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яго расійскі калега Дзмітрый Мядзведзеў хоць і не навічок у гэтым плане, але быў уражаны тым, што ўбачыў. 

"Гэта ж вялікі маштаб: была задзейнічана акваторыя Балтыйскага мора, была задзейнічана рэгіянальная групоўка нашай Саюзнай дзяржавы, аснову якой складае беларуская армія на Захадзе. І прыдадзены ёй былі заходнія часткі Расійскай Федэрацыі, як гэта прадугледжана абарончай задумай, - сказаў Прэзідэнт. - Вельмі маштабныя вучэнні. Мы адпрацавалі ўсе пытанні, усе варыянты. Таму я быў задаволены. І ў расіян, якія прысутнічалі, я ўжо не гавару пра расійскіх ваенных, адно было: "Нарэшце мы разам. Нарэшце, як і павінна быць, мы разам". 

Што гаварылі на Захадзе пра беларуска-расійскія вучэнні 

На Захадзе, вядома ж былі, занепакоены. Наведваючы ў верасні 2009 года з візітам Літву, Аляксандр Лукашэнка быў вымушаны выказацца на гэту тэму. Прэзідэнт адразу ж звярнуў увагу, што вучэнне "Захад-2009" не з'яўляецца дэманстрацыяй сілы і пагрозай Еўрапейскаму саюзу. 

"Мы не збіраемся пагражаць Літве і паказваць сваю сілу. Я гарантую, што ні адзін снарад або куля не заляціць на тэрыторыю Літвы", - сказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на ​​апасенні літоўскіх журналістаў наконт "блізкасці" вучэнняў да граніцы з Літвой. 

"Захад-2009" выклікаў даволі вострую рэакцыю ў краін блока НАТА і ў першую чаргу ў Польшчы і дзяржаў Балтыі. Ваеннае кіраўніцтва Беларусі і Расіі было абвінавачана ў парушэннях міжнародных дамоўленасцей і падрыхтоўцы агрэсіі супраць гэтых краін. У заходняй прэсе пракацілася хваля пагражальных заяў у адрас Мінска і Масквы, а некаторыя гарачыя галовы нават заклікалі да цвёрдых дзеянняў у адносінах да нашых краін па ўсемагчымых каналах. 

Ужо пасля таго, як вучэнні былі праведзены, міністр абароны Латвіі Імантс Ліегіс раптам абвінаваціў Беларусь і Расію ў рэпетыцыі ўзброенага нападу на краіны Балтыі. Праз пару тыдняў да стагнанняў падключылася і Польшча: кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі напісаў пісьмо генеральнаму сакратару НАТА, у якім выказаў хваляванне наконт беларуска-расійскіх манеўраў каля граніц сваёй дзяржавы (дарэчы, многія не ведаюць, але ў Радаслава Сікорскага ёсць асабісты вопыт вядзення вайны з рускімі: у свой час, з'яўляючыся журналістам у Афганістане, ён прымаў удзел у баявых дзеяннях супраць Савецкай арміі на баку маджахедаў, аб чым потым расказаў у сваёй кнізе).

А вось міністр абароны Польшчы Багдан Кліх заяўляў, што з боку суседніх краін Польшчы не пагражае небяспека, таму не трэба перабольшваць значэнне расійска-беларускіх вучэнняў "Захад-2009". Такой жа пазіцыі прытрымліваўся і генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусен. "Зразумела, мы назіралі за гэтымі вучэннямі, і мы не лічым іх крыніцай небяспекі для краін - членаў НАТА", - сказаў ён у каментарыі журналістам. 

Ці трэба гаварыць, што з кожным годам напружанне вакол беларуска-расійскіх вучэнняў павялічвалася з новай сілай. Тлеючыя вугалі ўсімі праўдамі і няпраўдамі стараліся распальваць нашы заходнія суседзі, так сказаць, палітычная эліта. Яны скардзіліся начальству ў Бруселі і Вашынгтоне, і на кожнае новае беларуска-расійскае вучэнне адказвалі дзясяткам ваенных манеўраў і неадкладным умацаваннем ваенна-тэхнічнай базы. 

Гавораць, дыму без агню не бывае. Напэўна, гэта сапраўды так. Але ёсць яшчэ адзін добры фразеалагізм: на злодзеі і шапка гарыць.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі