Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 снежня 2022, 17:27

Нафта і газ - не галоўнае пытанне. А што галоўнае? Чаму перагаворы Лукашэнкі і Пуціна прайшлі не ў адпаведнасці з пратаколам

19 снежня Беларусь наведаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Наогул навіна аб рабочым візіце расійскага лідара ў Мінск выклікала вялікі рэзананс. У беларускай сталіцы па традыцыі рыхтаваліся як мага цяплей сустрэць замежных гасцей. Расійская дэлегацыя была прадстаўнічай, а на перагаворы акрэдытавалася каля сотні журналістаў. Ім заняцца б тэорыямі загавору: чаму раптам Пуцін вырашыў наведаць Лукашэнку? Але Лукашэнка яшчэ за некалькі дзён раскрыў усю "канспіралогію" перагавораў і адбіў у іх гэты інтарэс.

А вось па той бок заходняй граніцы, наадварот, настолькі захапіліся канспіралогіяй, што, відаць, нават упалі ў істэрыку. "Трывожны вiзiт". "Забойства Пуціна ў Мінску". "Пуцін едзе ўцягваць Беларусь у вайну". "Крэмль імкнецца ўстанавiць кантроль над Беларуссю". "Пуцін едзе, каб пацешыць самалюбства Лукашэнкі". Вы сур'ёзна? Добра. Калі нехта дагэтуль лічыць, што беларуска-расійскія адносіны - гэта выключна пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва і чыёсьці самалюбства, давайце разбяромся, чаму на самай справе Уладзімір Пуцін прылятаў у Мінск, аб чым дамовіліся прэзідэнты і ці варта Беларусі апасацца страты суверэнітэту. Падрабязнасці - у новым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага".

Усе ведаюць, што Расія была і застаецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. У бягучым годзе аб'ёмы ўзаемнага гандлю паміж краінамі павінны перасягнуць мінулагоднія $40 млрд. І што самае цікавае. Расія ў 80 разоў большая за Беларусь па тэрыторыі, яе ВУП вымяраецца трыльёнамі, але тавараабарот краіны дзеляць практычна пароўну.

Калі Беларусь і Расія вырашылі паглыбляць інтэграцыю?

Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Заходнія санкцыі толькі зблізілі абедзве дзяржавы: і эканамічна, і палітычна. 4 лістапада 2021 года Аляксандр Лукашэнка як старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета падпісаў асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады. Гэта 28 галіновых саюзных праграм. Так званыя інтэграцыйныя карты. Яны датычацца адзінай палітыкі ў крэдытна-фінансавай і банкаўскай сферах, адзіных прынцыпаў падаткаабкладання, агульных падыходаў у рабоце прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

Тады ж былі прыняты новыя рашэнні па стварэнні аб'яднаных рынкаў нафты, газу, электраэнергіі і транспартных паслуг, падпісана абноўленая ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы і канцэпцыя міграцыйнай палітыкі. Ці не здаецца вам, што калі на Захадзе разважаюць пра беларуска-расійскія адносіны, то нешта ўпускаюць? Альбо спецыяльна недагаворваюць.

Так, здаецца ўсё гэта нудна: праграмы, падаткі, паслугі. Хто захоча ў гэтым разбірацца. Ніхто не задумваецца, што адно непрыкметнае пагадненне можа змяніць жыццё звычайных грамадзян.

"Нават падаткі, пагадненне па ўскосных падатках, яно ў рэшце рэшт будзе датычыцца вельмі вялікага пласта людзей. Таму што ў пагадненні па ўскосных падатках зашыта праблема атрымання зваротнага акцызу нашымі НПЗ. Гэта праблема падатковага манеўру ў нафтаперапрацоўцы Расіі, з якой мы б'ёмся, па сутнасці, з 2014 года. А там ужо эфект падзяляецца на дзве часткі. Гэта эфект для бюджэту: бюджэт атрымае дадатковыя рэсурсы - гэта магчымасць павышэння зарплат і пенсій. І праблема вырашаецца для нашых НПЗ - гэта занятасць і плюс усе "сумежнікі", скажам так", - адзначыў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой.

Чаму Лукашэнка і Пуцін так часта сустракаюцца?

Беларусь і Расія фарміруюць адзіную прамысловую палітыку. Заняліся сумеснымі распрацоўкамі ў мікраэлектроніцы. Ствараюць адзіны энергетычны рынак. Усе гэтыя пытанні нельга вырашыць за адзін дзень нават пры наяўнасці палітычнай волі на самым высокім узроўні. Бюракратычныя працэдуры, няспрытнасць чыноўнікаў на месцах і іх боязь адказнасці ох як тармозяць інтэграцыю. Настойлівасць беларускага Прэзідэнта і разуменне расійскім лідарам усёй сітуацыі ўсё ж такі дапамаглі паставіць кропку па многіх пытаннях. Аляксандр Лукашэнка ў 2021 годзе прыязджаў у Расію пяць разоў. У бягучым годзе яго візіты сталі часцей. У гасцях ва Уладзіміра Пуціна кіраўнік дзяржавы пабываў сем разоў.

"Пры такім аб'ёме супрацоўніцтва вельмі шмат пытанняў, якія патрабуюць пастаяннага адміністрацыйнага суправаджэння на высокім або на самым высокім узроўні. Урады займаюцца гэтым амаль кожны дзень. Аб'ём каласальны. Яны вельмі шмат зрабілі. Нам застаецца толькі нейкія кропкі расставіць над "і". Але гэта трэба рабіць пастаянна", - растлумачыў у час перагавораў у Мінску Уладзімір Пуцін.

"Мы павінны былі скаардынаваць нашы дзеянні, каб спрацаваць так, як спрацавалі. Атрымалася. Наогул, напэўна, нехта зайздросціць, што мы з Уладзімірам Уладзіміравічам часта сустракаемся. Можа, нехта і хацеў бы з ім часцей сустракацца. Ну, ён адкрыты для такіх сустрэч. Толькі нагоды і прычыны патрэбны для таго, каб сустракацца. Гэта я цытую яго, калі ён адказваў Зяленскаму. Таму супакойцеся, усё будзе нармальна. Мы проста так без справы час не праводзім. Хоць знаходзім гадзіну-другую для таго, каб і адпачыць", - дадаў у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка.

Чаму Пуцін прылятаў у Мінск?

Чаму ж на гэты раз не беларускі Прэзідэнт паляцеў у Маскву, Піцер або Сочы, а Уладзімір Пуцін наведаў Мінск? Упершыню з 2019 года. Проста кіраўнікі дзяржаў так дамовіліся. Не трэба шукаць падвоху або дадумваць. Вось сапраўды - проста так дамовіліся. Калі вы верыце ў тэорыі загавору, то проста зразумейце, што ўсе вашы фантазіі можна было б абмеркаваць за звычайнай тэлефоннай размовай. Для гэтага не патрэбны вялікія дэлегацыі, дывановыя дарожкі і начныя пералёты.

Сёння, як запэўніў Аляксандр Лукашэнка, фактычна вызначаецца будучыня беларускага і расійскага народаў. Такая рэальнасць, і тут няма ні кроплі пафасу. Беларусь і Расія разам змаглі не толькі выстаяць, але і знайсці магчымасці для развіцця сваіх эканомік. Прытым нечакана для ўсіх. І перш за ўсё для тых, хто ствараў ім гэтыя складанасці.

Аляксандр Лукашэнка сустрэў Уладзіміра Пуціна адразу ў аэрапорце, і адтуль яны разам накіраваліся на перагаворы ў Палац Незалежнасці. Прычым не толькі ў адным картэжы, але і ў адным аўтамабілі. Далей было яшчэ цікавей. Як правіла, перагаворы прэзідэнтаў праходзяць спачатку сам-насам. А затым да іх далучаюцца дэлегацыі. Маўляў, спачатку нам трэба дамовіцца, а затым даручыць урадам рэалізаваць усё гэта. На гэты раз усё было наадварот.

Спачатку перагаворы прайшлі ў шырокім складзе. Кіраўнікі дзяржаў як быццам бы заслухоўвалі даклады ад сваіх міністраў аб праведзенай рабоце і тут жа азадачвалі іх новымі даручэннямі. Аляксандр Лукашэнка нават назваў перагаворы нарадай. Звярніце ўвагу і на рассадку. Звычайна прэзідэнты і іх дэлегацыі сядзяць насупраць адзін аднаго. На гэты раз прэзідэнты селі побач, а члены ўрадаў і міністры - вакол іх. Праз дзве з палавінай гадзіны кіраўнікі дзяржаў прадоўжылі сустрэчу ўжо сам-насам у кабінеце ў беларускага лідара.

І няхай пратакол - гэта часам вялікая ўмоўнасць, але фармат сустрэчы, які атрымаўся, як нам здаецца, многае тлумачыць.

Што абмяркоўвалі Лукашэнка і Пуцін у Мінску?

Ніхто не скрывае: адной з тэм перагавораў стала энергетыка. І гэта цалкам лагічна. Беларусь хіба вырабляе газ? Не. Або ў Беларусі здабываюць дастатковую колькасць нафты, каб загрузіць свае НПЗ? Не. І справа тут нават не столькі ў аб'ёмах, колькі ў цэнах і рэалізацыі нафтапрадуктаў. Беларусь не просіць скідак або нікзіх цэн на энерганосьбіты. Яе пажаданне заўсёды было толькі адно: у беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў павінны быць аднолькавыя ўмовы для работы. Як заяўляюць прэзідэнты, усе рашэнні па гэтых пытаннях прыняты. Праўда, пакуль без падрабязнасцей. Усе дамоўленасці ў бліжэйшы час павінны быць замацаваны на ўзроўні ўрадаў.

"Мы абмяркоўвалі цэнавыя параметры ў сферы энергетыкі. Будзем лічыць, што ўсе асноўныя параметры, у тым ліку і адчувальныя па цэнаўтварэнні ў сферы энергетыкі, узгоднены", - коратка пракаменціраваў гэта пытанне расійскі лідар.

Прэзідэнт Беларусі таксама не стаў удавацца ў падрабязнасці: "Скажу толькі адно: мы задаволены вынікамі абмеркавання ў цэлым адзінага газавага рынку, канцэпцыі і цэнаўтварэння на бліжэйшыя тры гады. Мы зафіксавалі нашу цану, яна выгадная для нас. Расія вельмі шмат дапамагае ў гэтым плане".

Далей. Ніхто таксама не скрывае, што яшчэ адной тэмай перагавораў у Мінску стала ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. А дакладней, пытанні бяспекі і абароны. Давайце будзем шчырыя. Ці можа Беларусь паасобку, без Расіі абараніць сваю незалежнасць? Так, у рэспубліцы распрацоўваюць найноўшае ўзбраенне (мы расказвалі пра яго ў папярэдніх выпусках), мадэрнізуюць Узброеныя Сілы, але не будзем строіць ілюзій. У кожнага свае магчымасці.

З нядаўняга часу ў Беларусі на баявым дзяжурстве знаходзяцца расійскія ракетныя комплексы С-400 і "Іскандэр". Разам з расіянамі беларусы рыхтуюць свае экіпажы, здольныя кіраваць самалётамі з так званымі спецыфічнымі боепрыпасамі.

Аднак не нафта і газ, ракеты і самалёты былі галоўным пытаннем перагавораў, а прамысловая палітыка. І калі раней прэзідэнты абмяркоўвалі яе з пункту гледжання тактыкі. То цяпер для іх была важна стратэгія, погляд на перспектыву. Усё ж такі эканамічная бяспека Саюзнай дзяржавы - гэта той лейтматыў, які вызначае будучыню Саюзнай дзяржавы.

"Па кожнай праграме даложана Прэзідэнту. Было прынцыповае рашэнне, што калі нешта некага не задавольвае, мы гэта туды не цягнем. Гэта пазіцыя і нашага Прэзідэнта, і Прэзідэнта Расіі. Таму ніякіх псеўдапалітычных рознагалоссяў цяпер у гэтых праграмах няма. А калі ў нас будзе моцная эканоміка, адзіная эканамічная прастора, то наш суверэнітэт ад гэтага толькі ўзмоцніцца", - адзначыў Дзмітрый Крутой у кулуарах сустрэчы.

Ці трэба Беларусі апасацца за свой суверэнітэт?

"Многія ў нас тут пачынаюць шаптацца, калі не атрымліваецца дамовіцца, што Расія ставіць непрымальныя для нас умовы, звязаныя з нашай незалежнасцю і суверэнітэтам. Абсалютна адкрыта гавару: пры ўсіх складанасцях, калі Расійская Федэрацыя - кіраўніцтва - хоча будаваць адносіны з суверэннай незалежнай дзяржавай Беларусь, калі Расія ўспрымае нас як суверэнную і незалежную дзяржаву (але вельмі блізкую, вельмі надзейную, дзе ўсё рускае - ад мовы да расійскіх традыцый - свята шануецца), мы гатовы выбудоўваць адносіны. Але мы павінны заўсёды зыходзіць з таго, што мы - дзяржава суверэнная і незалежная. Мы адзін раз адсеклі і дамовіліся, як будзем дзейнічаць, падпісаўшы гэтыя 28 праграм. Там няма замаху ні ў адной праграме на нашы суверэнітэт і незалежнасць", - Прэзідэнт Беларусі яшчэ за некалькі дзён да сустрэчы абазначыў нацыянальныя прыярытэты.

Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Мінску доўжыліся каля дзевяці гадзін. Так, гэта не толькі афіцыйная сустрэча. У прэзідэнтаў была магчымасць абмеркаваць усё сам-насам у час сумеснага пераезду з аэрапорта ў Палац Незалежнасці, неафіцыйнай вячэры і зваротнай дарогі ў аэрапорт. Прычым, як высветлілася, кіраўнікі дзяржаў вырашылі "прагуляць" прыём у Палацы Незалежнасці. У выніку ў Вялікай банкетнай зале дэлегацыі частаваў прэм'ер-міністр Беларусі. Уся справа ў тым, што Аляксандр Лукашэнка запрасіў Уладзіміра Пуціна на сапраўдную беларускую вячэру да сябе дадому. Расійскі Прэзідэнт паляцеў з Мінска пасля апоўначы. Напэўна, перагаворы былі сапраўды плённыя, а рашэнні першых - доўгачаканыя.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі