Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 сакавіка 2024, 18:49

"Мы не былі святымі, і яны таксама не святыя": Лукашэнка аб падыходах у рабоце з моладдзю

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы, прымеркаванай да 30-годдзя Канстытуцыі Беларусі, выказаўся на тэму работы з моладдзю. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтым пытанні патрэбны ў першую чаргу сумленнасць і адкрыты падыход, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Моладзь у нас такая, якая ёсць. Добрая яна ці дрэнная - час пакажа. Час - крытэрый усяго. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Тое, што іншай моладзі няма і з такой моладдзю трэба працаваць, - гэта таксама факт", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў празмернае захапленне многіх маладых людзей нейкімі рэчамі ў інтэрнэце, што часам перашкаджае рэальнаму ўспрыманню жыцця: "З гэтым трэба калі і не згадзіцца, то зрабіць нешта такое, каб моладзь нарэшце зразумела, што яблыкі на яблыні растуць, а перш чым падсмажыць бульбу, трэба шмат папрацаваць. Таму трэба моладзі і яе дзеянням даваць аб'ектыўную рэальную ацэнку. Не крыўдзячы, не проціпастаўляючы сабе: "Вось, мы такія, а вы ніякія..." Мы маладыя таксама былі не такімі".

На мерапрыемстве ад імя моладзі выступіла дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, член Канстытуцыйнай камісіі Бажэна Ярэміч. Яна падзякавала Аляксандру Лукашэнку за тое, што ён змог захаваць незалежную моцную дзяржаву.
"Вы - лідар, на якога мы хочам раўняцца", - сказала Бажэна Ярэміч. - Моладзь удзячна і за тое, што ў Канстытуцыі знайшлося месца для замацавання яе ролі і статусу. Мы хочам жыць, вучыцца, працаваць, ствараць сем'і, гадаваць дзяцей у сваёй любімай Беларусі. У нас ёсць што захоўваць. І ёсць на каго абапірацца".

Яна прапанавала выкарыстоўваць мясцовыя саветы дэпутатаў розных узроўняў, а таксама пляцоўку Усебеларускага народнага сходу для навучання маладзёжных лідараў навыкам кіравання дзяржаўнымі справамі, каб яны там маглі ў тым ліку пераймаць вопыт у людзей старэйшага пакалення.

"Людзі адкрыты да ўлады. Галоўнае да іх ісці, слухаць іх і гаварыць адкрыта і сумленна аб тым, што мы рэальна можам для іх зрабіць. Менавіта ў гэтым будзе праяўляцца сапраўдны дэмакратызм нашай Канстытуцыі і за кошт гэтага будуць рэалізоўвацца пастаўленыя вамі задачы", - падкрэсліла Бажэна Ярэміч.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся: "Трэба гаварыць шчыра і адкрыта. Не трэба хлусіць: "Ох, якія вы святыя!". Мы не былі святымі (мы і цяпер не святыя), і яны таксама не святыя. Аб гэтым таксама трэба гаварыць. Іх памылкі - мы таксама павінны аб гэтым адкрыта гаварыць. Не трэба нічога хаваць. Гэта - галоўны прынцып".
Гаворачы аб пагрозах, звязаных з інтэрнэтам і штучным інтэлектам, Прэзідэнт падкрэсліў рэальнасць адпаведных выклікаў. З імі трэба змагацца, але перамагчы ў гэтай барацьбе вельмі складана. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка даў дзейсны рэцэпт: ісці да людзей з жывым словам.

"Іншага выйсця няма. Калі мы прывучым наш народ, што вось нашы асноўныя тэлевізійныя каналы, якія не хлусяць, адкрыта гавораць; калі мы будзем, сустракаючыся з людзьмі, гаварыць аб нечым, у нашы вусны не ўкладзеш іншую рыторыку. Таму трэба сустракацца з людзьмі, размаўляць з імі. Хаця б дайсці да палавіны грамадства. А палавіна, якая менш цікавіцца палітыкай, калі смажаны певень дзеўбане, у некага спытае", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Таму трэба выпрацаваць механізм жыцця ў гэтым грамадстве, у гэтай сітуацыі. А далей паглядзім, як гэта будзе складвацца. Нам як ніколі патрэбна гэта адзінства. Каб выстаяць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі шмат зайздроснікаў, паколькі на нашай зямлі ўдаецца захоўваць мір і спакой, у той час як вакол ваююць і ўзбройваюцца. "Не без гэтага і ў нас па ўзбраеннях. Але не так ашалела, як усе вакол", - адзначыў ён.

Што датычыцца далейшага развіцця і ўладкавання краіны, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што трэба дзейнічаць акуратна: "Зрабіў крок - паглядзі. Нас ніхто ў карак не гоніць. Гэта не тыя часы - 30 гадоў таму, - калі людзі прасілі. Сёння наш народ крыху забыў тыя часы. А моладзь не памятае, чаго гэта каштавала, калі людзі гатовы былі суткамі працаваць за 30 долараў, але не было дзе. А цяпер ідзі, калі ласка, працуй і заробіш добрыя грошы. Ужо не ўсе хочуць гэтага".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі