Фота з архіва
2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае краіны Еўразійскага эканамічнага саюза захоўваць прыхільнасць да агульнага рынку, значную частку якога складае расійскі рынак. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні
Еўразійскага міжурадавага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галоўнае, аб чым я вас хачу папрасіць сёння, - гэта расійскі рынак і вашы дзяржавы. Гэта - аснова. На 80% мы ў вас (з постсавецкімі краінамі. - Заўвага БЕЛТА) гандлюем. Таму я вас прашу, не спяшайцеся ад гэтага адыходзіць. Паверце мне, нідзе нас не чакаюць, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму ну не трэба спяшацца выкідваць тое, што табе сёння дае карысць. Не трэба сыходзіць з гэтага агульнага рынку".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, як у адной з размоў з Прэзідэнтам Расіі Пуціным згадвалася сітуацыя са складанай зімой ва Узбекістане, калі гэтай краіне патрэбны былі дадатковыя аб'ёмы прыроднага газу. І рашэнне было знойдзена пры дапамозе Расіі і Казахстана.
"Узбекі да каго звярнуліся - да Расіі. І знайшлі вырашэнне пытання. Праз Казахстан. І Казахстану выпадаючыя магутнасці паставілі, і Узбекістану. Дзе на Захадзе да нас могуць так паставіцца? Нідзе. Таму не губляйце тое, што ёсць, - прывёў канкрэтны прыклад кіраўнік дзяржавы. - Як чалавек, які нямала прапрацаваў, раю вам: ваша справа, якога курсу прытрымлівацца, але тое, што сёння дае рэзультат, не выкідвайце. А рэзультат - гэта наш агульны рынак. Знойдзеце недзе шчасце на баку (калі знойдзеце, пераканайцеся), ну тады прымайце ўжо рашэнне. Але пакуль такога шчасця ў нас нідзе на баку няма".
Кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу на тым, як супрацоўніцтва і інтэграцыя дазволілі Беларусі і Расіі паспяхова выстаяць перад тварам драконаўскіх санкцый, развіваючы кааперацыю: "Усё, што вы бачылі (на выстаўцы "ІНАПРАМ. Беларусь". - Заўвага БЕЛТА), гэта не толькі таму, што мы не адкінулі з савецкіх часоў нешта. Там палова ў гэтых прадуктах - трактарах і іншым - расійскае. З улікам металу, асобных вузлоў, агрэгатаў, што мы ў Расіі купляем і ў вашых краінах. Тэхналогіямі валодаем, а рэсурсы ў вас. У нас столькі няма, каб вырабіць гэта. Вось, што такое інтэграцыя. І, увёўшы санкцыі, Захад праслязіўся. Неяк вытрымалі. Нават у гэтых умовах вайны".
Прэзідэнт заклікаў удзельнікаў сустрэчы падумаць над гэтым філасофскім пытаннем: "Падумайце над тым, што я сказаў. Не выкідвайце тое, што сёння прыносіць вам карысць. А з цягам часу нешта вырашыцца, нешта адбудзецца з прычыны глабальных тэктанічных зрухаў, якія адбываюцца на міжнароднай арэне".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь яшчэ з савецкіх часоў захавала і развіла многія галіны. "Мы многае ўмеем. І ўсё гэта з савецкіх часоў. У нас не самая магутная эканоміка, але тэхналогіі, якімі мы валодаем, большай частцы краін у свеце сёння патрэбны. І мы гэтыя тэхналогіі прапануем. І не толькі тэхналогіі, але і абучаем людзей", - сказаў беларускі лідар.
"Мы не адсякалі карані з тых часоў, калі закладваліся асновы нашай эканомікі. Таму сёе-тое ў нас атрымалася і ў машынабудаванні, і ў будаўніцтве ніякіх праблем няма - мы вырабляем усё неабходнае: ад цэменту і цэглы да найноўшых тэхналогій. І сельская гаспадарка. У гэтым годзе мы плануем, што прададзім сельгаспрадукцыю на $10 млрд. Для Беларусі гэта добрыя аб'ёмы", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь перш за ўсё прыхільная да постсавецкага рынку. Разам з тым у беларускага лідара склаліся добрыя адносіны з мусульманскім светам, з асноўнымі дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі. "Як ні было б складана, мы пакрыху спрабуем туды прабівацца. У нас жа не гіганцкая эканоміка, як, дапусцім, у Расійскай Федэрацыі. Як я гавару, нам шмат і не трэба", - сказаў беларускі лідар.-0-
