22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўнай асаблівасцю цяперашняга часу з'яўляецца беспрэцэдэнтная колькасць навацый. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галоўная асаблівасць нашага часу - беспрэцэдэнтная колькасць навацый. Мяняецца ўсё: парадыгмы, тэхналогіі, тэмы развіцця - улева-ўправа, наперад-назад паскорыліся. Ды і мы з вамі, людзі мяняемся. Імкліва трансфармуюцца ідэалагічны і геапалітычны ландшафты, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - На нашых вачах набірае хуткасць новы этап так званай лічбавай рэвалюцыі".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што нават у такім імкліва зменлівым свеце ёсць рэчы абсалютныя. "Для нас гэта любоў і прыхільнасць да сваёй зямлі, да родных і блізкіх. Здаецца, філасофія, мараль нейкая. Але гэта таксама ляжыць у аснове ўсіх навуковых даследаванняў, душы вучонага. Тое, што дае апору, правільныя арыенціры і напаўняе сэнсам усё, што мы робім", - падкрэсліў ён.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, будучыня, аб якой яшчэ ўчора марылі самыя смелыя фантасты, настала: "І гэта будучыня, між іншым, - час навукі, без яе забяспечыць бяспеку, дабрабыт дзяржавы і свету ў цэлым немагчыма".
Паводле слоў Прэзідэнта, беларуская навука ва ўмовах глабальных выклікаў і нявызначанасці дэманструе ўстойлівасць і здольнасць да ўспрымання і пастаяннага развіцця інавацый. "Эканоміка ведаў, так званы штучны інтэлект, біятэхналогіі, разумная сельская гаспадарка, новыя матэрыялы - усё гэта знаходзіцца ў сферы інтарэсаў нашых вучоных, у тым ліку вас, прысутных у гэтай зале", - падкрэсліў ён.-0-
