Сцяг Нядзеля, 16 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 верасня 2016, 14:27

Мінск захаваюць у існуючых межах і зробяць горад больш зручным для яго жыхароў

2 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Мінск захаваюць у існуючых межах і зробяць горад больш зручным для жыхароў. Такі вынік праведзенага сёння даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб перспектывах развіцця сталіцы і прылеглых тэрыторый Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам трэба, каб мінчане ведалі, у якім напрамку будзе развівацца горад, і бачылі гэта", - адзначыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся горадабудаўнічымі планамі і напрацоўкамі, даў шэраг канкрэтных даручэнняў па актывізацыі тэмпаў будаўніцтва аб'ектаў, рацыянальным расходаванні сродкаў, навядзенні парадку на некаторых тэрыторыях.

Як далажылі Прэзідэнту, Мінскі гарвыканкам распрацаваў новы генеральны план горада. Ім, у прыватнасці,прадугледжваецца стабілізацыя колькасці насельніцтва сталіцы на ўзроўні 2 млн чалавек, захоўваюцца ўсе прыгарадныя сельгасугоддзі. Плануецца, што ў гарадскія межы ўвойдзе толькі лясны масіў з паўднёва-ўсходняга боку Мінскага мора - гэта амаль 2 тыс. га лесапаркавых тэрыторый.

"Гэта закон: на землі сельгаспрызначэння - там, дзе павінен расці хлеб, - вы не разлічвайце. Гэта правільна не толькі з пункту гледжання захавання зямлі. Мінск павінен быць прасторным сам па сабе і дыхаць. Калі мы Мінск па кальцы яшчэ забудуем вышыннымі дамамі і іншым, то горад задыхнецца", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарвыканкама, галоўны архітэктар Мінска Павел Лучыновіч адзначыў, што дзеючым генеральным планам прадугледжвалася павелічэнне плошчы горада да 54 тыс. га. У новым генеральным плане ад гэтай ідэі адмовіліся, плошча Мінска будзе ў асноўным захавана ў межах МКАД. Пры гэтым горадабудаўнікі разлічваюць на прырост насельніцтва да 2030 года ў колькасці 100-120 тыс. чалавек. "Мы ўлічваем гэта ў нашай рабоце і гэты прырост хочам пераразмеркаваць у гарадах-спадарожніках", - сказаў галоўны архітэктар сталіцы.

Так, у Мінску плануецца аптымізаваць аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва. У адпаведнасці з генеральным планам будаўніцтва сацыяльна запатрабаванага жылля прадоўжыцца на свабодных тэрыторыях. Комплексы жылой забудовы будуць стварацца на вызваляемых вытворчых тэрыторыях, а таксама на тэрыторыях зносу сядзібнай і малапавярховай забудовы з вялікім фізічным і маральным зносам.

Запланавана будаўніцтва новых гарадскіх і раённых паркаў на плошчы больш як 2 тыс. га.

У розных мясцінах горада будуць уведзены ў строй сучасныя комплексы з рэкрэацыйнай, офіснай, спартыўнай, жыллёвай інфраструктурай. Дадатковае развіццё атрымае транспартная сетка Мінска, у тым ліку метрапалітэн. У планах горадабудаўнікоў засталося таксама стварэнне і добраўпарадкаванне дадатковых аўтастаянак, што павінна разгрузіць вуліцы сталіцы ад лішняга транспарту.

Што датычыцца вытворчага складніка, то ў сталіцы рэзервуюцца асобныя тэрыторыі для стварэння вытворча-інвестыцыйных пляцовак, развіцця тэхнапаркаў, невялікіх вытворчасцей. Масавае жыллёвае будаўніцтва мінулыя гады ў заходнім і паўднёвым сектары Мінска прывялі да таго, што ў гэтых раёнах узнік дэфіцыт рабочых месц у параўнанні з цэнтрам горада. Таму ў новым генеральным плане важная роля адводзіцца развіццю і трансфармацыі вытворчых пляцовак. Толькі ў бягучым годзе плануецца стварыць каля 40 новых вытворчых пляцовак з 10 тыс. рабочых месц.

"Гораду будзе нададзена агранка сталічнага ўзроўню і створаны камфортныя ўмовы для яго жыхароў", - запэўніў Павел Лучыновіч.

"Мінск - гэта твар нашай краіны. Давайце пасля сябе пакінем прыгожы і дастойны горад", - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі