Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 кастрычніка 2022, 14:17

Мабілізуйце ўсіх, і вучняў таксама. Лукашэнка запатрабаваў дастойна завяршыць сельскагаспадарчы год

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэба дастойна завяршыць сельскагаспадарчы год, прыцягваючы для дапамогі аграрыям у тым ліку і вучняў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні аб назначэнні кіраўнікоў райвыканкамаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вы людзі вопытныя, ведаеце справу, ведаеце, куды ідзяце. Калі адкрыта зусім гаварыць наконт вашага будучага месца работы - у асноўным гэта сельская гаспадарка", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што ў гэтым годзе склаліся вельмі спрыяльныя ўмовы для экспарту харчовай прадукцыі: "Для сельскай гаспадаркі, прадпрыемстваў адкрыўся неабсяжны рынак. Мы ўсё можам прадаць у Расіі, Кітаі". Больш таго, гэтыя краіны гатовы купіць і ўдвая больш беларускай прадукцыі - такія прагнозы кіраўніку дзяржавы даваў віцэ-прэм'ер Леанід Заяц, які курыруе галіну АПК. "Ён гаворыць, у два разы можам яшчэ павялічваць вытворчасць, і мы прададзім гэта ўсё па добрых цэнах. Гэта значыць адкрыўся рынак і цэны нядрэнныя. Таму па сельскай гаспадарцы ў нас наогул не павінна быць ніякіх праблем", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму размовы аб тым, што недзе санкцыі, нейкая мабілізацыя, вайна, яшчэ нешта, - не прымаюцца. Забудзьце аб гэтым. Вы павінны бачыць свой раён, сваіх людзей. Вы павінны своечасова пасеяць, пайсці ў зіму, падняўшы зябліва, і рыхтавацца да веснавой сяўбы", - дадаў беларускі лідар.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць якасна і ў тэрмін завяршыць уборачную кампанію, у прыватнасці па ўборцы бульбы, цукровых буракоў, кукурузы на зерне, лёну.

"Мабілізуйце ўсіх", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што гэта датычыцца не толькі работнікаў аграпрамысловых прадпрыемстваў. Пры неабходнасці можна і трэба прыцягваць да ўборкі ўраджаю вучняў, перакананы Аляксандр Лукашэнка. А то, як дакладваюць Прэзідэнту, у некаторых установах адукацыі забаронена прыцягваць школьнікаў да такіх відаў работ: "Большай дзікасці, Ігар Пятровіч, я ўявіць не магу. Мы неяк спрабуем выхаваць нашых школьнікаў, дзяцей. На чым вы будзеце (выхоўваць. - Заўвага БЕЛТА)? Балбатнёй? Балбатнёй не выхаваеш".

Прэзідэнт падкрэсліў, што вопыт мінулых гадоў, калі падлеткі і моладзь дапамагалі сельгаспрадпрыемствам убіраць ураджай, быў станоўчым, гэта садзейнічала з'яднанню калектыву, прывучала да працы. Больш таго, ёсць прадпрымальнікі, якія гатовы плаціць нядрэнныя грошы за дапамогу ва ўборцы ўраджаю, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Калі чалавек пойдзе 5-6 гадзін папрацуе - і бацькам у радасць, і дзіцяці добрая фізічная падрыхтоўка. Мы ўсе, і вы (я - дакладна) працавалі. Таму мабілізуйце студэнтаў, рабочых, дзяржаўных служачых, іншых людзей для таго, каб дапамагчы нам убраць гэта ўсё. Таму што грошы нядрэнныя можам зарабіць. Не цяпер, дык вясной".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб закладцы прадукцыі ў стабілізацыйныя фонды, каб да наступнага ўраджаю падтрымліваць асартымент агародніны ў айчынным гандлі і ўтрымліваць цэны на бульбу, буракі, моркву і да таго падобнае, каб яны не раслі ў геаметрычнай прагрэсіі. "На імпартныя тавары - гэта мы разбяромся па цэнах. Галоўнае, каб наша аналагічная прадукцыя кантралявалася па цэнаўтварэнні", - сказаў Прэзідэнт.

"Спраў яшчэ шмат у гэтым годзе. Я папрашу вельмі сур'ёзна падключыцца да гэтага - дастойна завяршыць сельскагаспадарчы год", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя размовы аб агульных задачах, якія стаяць перад усёй мясцовай вертыкаллю, Прэзідэнт таксама звярнуўся да кіраўнікоў асобных райвыканкамаў асабіста, распытаў, як ідуць справы ў рэгіёне, як працуюць прадпрыемствы АПК, як ідзе асваенне ворных зямель з улікам некаторага іх пераразмеркавання паміж гаспадаркамі.

Напрыклад, у Валерыя Хелскага, назначанага старшынёй Гродзенскага райвыканкама, Аляксандр Лукашэнка цікавіўся ходам уборкі: "Усё ўбраў? І буракоў не засталося, і кукурузы на зерне?"

"Убіраем буракі, 40 працэнтаў па раёне ўбралі, - далажыў кіраўнік раёна. - На зерне кукурузу ўбіраем".

Назначанага старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Студнева Прэзідэнт спытаў: "Справішся?"

"Так, таварыш Прэзідэнт", - без замінкі адказаў новы мэр Магілёва.

"Глядзі, націск на цябе будзе наймаверны. Я не хачу прад'явіць прэтэнзіі былому старшыні гарвыканкама, але ён ужо доўга там працуе... На цябе вельмі вялікі разлік. Таму што доўга-доўга прыглядаліся да людзей, каго б туды накіраваць, і вызначыліся на тваёй кандыдатуры. Там трэба дабаўляць, хоць нямала зроблена ў Магілёве за апошні час. Але трэба дабаўляць, даганяць іншыя гарады, як Гомель, Віцебск. Магілёў у гэтым плане крыху адстае. Таму настройвайся адразу на такі тэмп і падцягвай падначаленых за сабой".

Пры назначэнні кіраўніком Слаўгарадскага раёна Андрэя Кажамякіна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што рэгіён гэты няпросты. У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што неабходна праверыць, як рэалізуюцца мерапрыемствы праграмы развіцця паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці.

"Табе дастаўся цікавы раён, - сказаў кіраўнік дзяржавы новаму старшыні Бялыніцкага райвыканкама Вользе Прыстрамской. - Але, на жаль, праблем там нямала, асабліва культура земляробства, кінутых зямель нямала. Таму я папрашу на гэта звярнуць сур'ёзную ўвагу".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі