ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 20 студзеня 2022
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 лістапада 2021, 14:17

Лукашэнку ўнеслі на зацвярджэнне праект указа аб рэфармаванні прадпрымальніцкай дзейнасці

У час нарады
У час нарады

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ўнеслі на зацвярджэнне праект указа "Аб дзейнасці суб'ектаў малога прадпрымальніцтва". Пытанне рэфармавання прадпрымальніцкай дзейнасці сёння стала адной з тэм нарады кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На нарадзе Прэзідэнту і ўраду трэба будзе разгледзець некалькі тэм, якія закранаюць розныя сферы дзейнасці. "Яны вынесены на асобнае абмеркаванне, таму што пры прыняцці рашэнняў па іх узніклі некаторыя пытанні", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Адной з такіх тэм стала рэфармаванне прадпрымальніцкай дзейнасці. Прэзідэнт нагадаў, што ім была пастаўлена задача павысіць ступень удзелу суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Урад выпрацаваў пэўныя падыходы, і на зацвярджэнне кіраўніка дзяржавы ўнесены праект указа "Аб дзейнасці суб'ектаў малога прадпрымальніцтва".

"Суб'екты малога прадпрымальніцтва адыгрываюць істотную ролю ў нашай эканоміцы - стварэнне новых рабочых месцаў, паскарэнне эканамічнага росту, у тым ліку за кошт пераразмеркавання працоўных рэсурсаў з малаэфектыўных сектараў. Наша задача - забяспечыць такія ўмовы, каб пераходныя працэсы праходзілі з мінімальнымі эканамічнымі стратамі і прагназуемай сітуацыяй у прадпрымальніцкім асяроддзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што да падпісання ўказа хацеў бы ў шырокім складзе публічна абмеркаваць, наколькі пераканаўчыя прадстаўленыя довады і ці ёсць ва ўрада дакладнае разуменне сітуацыі, алгарытм далейшых дзеянняў. "Якія навацыі прадугледжаны ў праекце ўказа, які эфект варта чакаць пасля падпісання? Як прапануемыя змяненні крытэрыяў малога прадпрымальніцтва паўплываюць на дзелавы клімат і ўзровень эканамічнай актыўнасці, асабліва ў рэгіёнах?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: работа ў ценявым сектары недапушчальна. "У выніку мы павінны мець яснае ўяўленне аб далейшых этапах карэкціроўкі падаткаабкладання ўсіх суб'ектаў малога бізнесу. Пры гэтым за спробамі паляпшэння мы павінны бачыць у першую чаргу інтарэсы нашых грамадзян", - дадаў Прэзідэнт.

"Гэта не значыць, што мы цяпер непасільнымі падаткамі абкладзём малое прадпрымальніцтва і прадпрымальніцтва наогул, што яно ўсё загнецца. Не, нам гэта не трэба. Нам трэба, каб і малое, і сярэдняе, і буйное прадпрымальніцтва развівалася, каб у Беларусі з'яўлялася ўсё больш і больш прадпрымальнікаў. Трэба вызначыць так, каб яны маглі плаціць пасільны падатак. Перагібаў тут быць не павінна, але плаціць павінны ўсе. Хоць па адной капейцы, але плаціць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пасля абмеркавання дакумента кіраўнік дзяржавы даручыў ураду дапрацаваць яго. Таму гэта тэма яшчэ будзе гучаць на прэзідэнцкім узроўні. Але канкрэтныя тэрміны не абазначыліся, галоўнае - падрыхтаваць якасны дакумент. "Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, каб мы ўлічылі інтарэсы і самазанятых, і індывідуальных прадпрымальнікаў, і работнікаў на прадпрыемствах", - расказаў пасля нарады журналістам міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.

"Асноўныя прынцыпы - гэта стварэнне роўных канкурэнтных умоў для ўсіх, хто ўдзельнічае ў бізнесе, і справядлівасць у выплаце падаткаў. Урад і ключавыя міністэрствы яшчэ раз вернуцца да гэтага праекта ўказа. Мы павінны яго яшчэ раз уважліва прарэвізаваць, - адзначыў Аляксандр Чарвякоў. - Ёсць пытанні, звязаныя з падаходным падаткам, выплатай у Фонд сацыяльнай абароны і гэтак далей. Сацыяльныя абавязацельствы павінны выконвацца".

Міністр растлумачыў значнасць гэтай тэмы на прыкладзе барацьбы з пандэміяй. За два гады дзяржава накіравала на гэтыя мэты $2 млрд бюджэтных сродкаў. "Гэта вялікая сума, таму ўклад кожнага - і самазанятага, і індывідуальнага прадпрымальніка, і рабочага на звычайнай вытворчасці - павінен быць сувымерны. Усе гэтыя моманты даволі тонкія, і мы павінны яшчэ раз на іх уважліва паглядзець, - сказаў Аляксандр Чарвякоў. - Падатковая нагрузка не будзе павялічвацца, але яна павінна больш раўнамерна размяркоўвацца на ўдзельнікаў эканамічнага працэсу".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі