Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 верасня 2021, 13:12

Лукашэнку ў бабруйскай школе падарылі саламянага бабра

1 верасня, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку сёння ў час наведвання новай школы ў Бабруйску дзеці падарылі сувенір - саламянага бабра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця агледзеў школьную бібліятэку. Ён спытаў, ці ўпэўнены там, што ў сучасных школьнікаў гэта месца будзе карыстацца папулярнасцю, паколькі дзеці ўсё часцей замест кнігі аддаюць перавагу розным гаджэтам. У бібліятэцы запэўнілі, што з гэтым праблем быць не павінна.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што камп'ютары і гаджэты могуць нашкодзіць зроку дзяцей. Акрамя таго, школьнікі да іх прывыкаюць і становяцца псіхалагічна ад іх залежнымі.

"Беражыце сваіх дзяцей і старайцеся адцягнуць іх увагу на спорт, яшчэ нешта", - даў параду беларускі лідар.

Пабываў Прэзідэнт і на ўроку ў першаклашак на тэму "У адзінстве беларускага народа - аснова незалежнай краіны". Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з дзецьмі, дапамог дабудаваць з канструктара "Сэрца Беларусі". Пагаварылі і аб тым, што такое Радзіма.

Далей Аляксандр Лукашэнка зайшоў у спартыўную залу, дзе займалася валейбольная каманда дзяўчат. "Мы вас чакаем у нацыянальнай камандзе", - пажадаў спартсменкам Прэзідэнт і падпісаў ім мяч.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што і сам часам гуляе ў валейбол. Нядрэнныя поспехі ў гэтым відзе спорту ў сына Мікалая.

Азнаёміўся Прэзідэнт з заняткамі ў гімнастычнай зале, дзе праходзілі заняткі па барацьбе. Тут Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як у свой час пачынаў займацца самба.

Далей на маршруце - сучасны школьны медпункт. Яго работнікам Аляксандр Лукашэнка пажадаў перш за ўсё здароўя.

Перад тым як зайсці ў госці на ўрок да дзесяцікласнікаў, дзе праходзіў сумесны ўрок з кіраўніком гарадскога цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі, кіраўнік дзяржавы затрымаўся ў адным са школьных калідораў каля надпісу: "Нiякае багацце людзей не бывае даражэйшым за родную мову". Гэта словы Якуба Коласа. Так у школе ў тым ліку папулярызуюць беларускую мову.

Вучні задалі Прэзідэнту некалькі пытанняў. Напрыклад, як ён ставіцца да кантрактнай службы ў арміі. "Станоўча стаўлюся. Кантрактная служба ў нас ёсць. Там, дзе трэба, мы яе ўкараняем. Дзе патрэбны салдаты тэрміновай службы - там салдаты тэрміновай службы", - адказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым сёння няма такой праблемы, каб абавязкова тэрміновую службу замясціць кантрактнай, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Абмеркавалі і ролю ваенрукоў у школах. На іх у тым ліку задачы па забеспячэнні бяспекі і выхаванні ў гэтым духу вучняў, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Развітаўшыся з гэтымі дзецьмі, праз пару хвілін кіраўнік дзяржавы ўжо ў іншым класе - працоўнага навучання. Тут дзяўчат навучаюць швейнай справе. Прэзідэнт бачыць у гэтым толькі плюсы - калі не спатрэбіцца ў якасці будучай прафесіі, то абавязкова спатрэбіцца ў жыцці для сябе. "Гэта для дзяўчат вельмі важна", - падкрэсліў ён.

У сталовай Аляксандру Лукашэнку наглядна прадэманстравалі меню для школьнікаў. Выбар вялікі - ад запяканак да катлет, тушанай агародніны і смажанай бульбы.

Не абышлося і без падарунка ад Прэзідэнта - сертыфікат на мультыборд і 3D-прынтар. На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей школы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі