Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 кастрычніка 2019, 11:04

Лукашэнку ў аэрапорце Жытоміра Прэзідэнт Украіны Зяленскі сустрэў асабіста

4 кастрычніка, Жытомір /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам ва ўкраінскі Жытомір, дзе правядзе перагаворы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прыме ўдзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У аэрапорце кіраўніка беларускай дзяржавы Прэзідэнт Украіны сустрэў асабіста. Пасля прылёту ля трапа верталёта дзяўчаты ў нацыянальных украінскіх строях паднеслі беларускаму лідару хлеб-соль. Прэзідэнты цёпла віталі адзін аднаго, а таксама прадстаўнікоў дэлегацый, якія прысутнічалі ў аэрапорце. Кіраўнікі дзяржаў накіраваліся на перагаворы ў адным аўтамабілі.

Перагаворы прэзідэнтаў адбудуцца ў будынку Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Лідары краін падрабязна абмяркуюць актуальны стан і перспектывы развіцця беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў розных сферах, абмяняюцца меркаваннямі па пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.

Затым прэзідэнтаў чакаюць на пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, дзе запланаваны выступленні Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. Непасрэдна побач з месцам правядзення форуму ў Жытоміры размясцілася выстаўка буйнагабарытнай тэхнікі беларускіх і ўкраінскіх вытворцаў, на якой ёсць і ўзоры прадукцыі сумеснай вытворчасці. Не выключана, што прэзідэнты вырашаць асабіста азнаёміцца з экспазіцыяй.

На сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ ў канцы верасня Прэзідэнт Беларусі адзначаў, што сустрэча з украінскім калегам дасць магчымасць не проста пазнаёміцца асабіста на чалавечым узроўні, але і лепш зразумець і даведацца пра пазіцыю адзін аднаго па тых ці іншых пытаннях. "Абяцаю, што буду сумленным і адкрытым у размове. Гэта мая фішка. Я прывык гаварыць сумленна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы з ім агульную мову, гарантую вам, знойдзем".

У 2018 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай дасягнуў $5,5 млрд (119,2 працэнта да ўзроўню 2017 года), экспарт - $4,1 млрд (120,8 працэнта), імпарт - $1,4 млрд (114,8 працэнта). Паводле апошніх даных пасольства Беларусі ва Украіне, у студзені-жніўні бягучага года тавараабарот склаў $3,8 млрд і вырас на 4 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года. Беларускі экспарт нязначна скараціўся (на 0,7 працэнта) і склаў $2,7 млрд. Украінскі экспарт у Беларусь вырас на 17,5 працэнта і склаў $1,1 млрд.

Экспарт паслуг у 2018 годзе дасягнуў $197 млн (128 працэнтаў), імпарт - $133,2 млн (119,1 працэнта).

У Беларусі дзейнічаюць 295 прадпрыемстваў з украінскім капіталам, уключаючы 117 сумесных і 178 замежных арганізацый.

Ва Украіне створаны 9 сумесных вытворчасцей тэхнікі і абсталявання, функцыянуюць больш за 100 структур тавараправоднай сеткі. Асноўнымі кампаніямі з айчынным капіталам з'яўляюцца "БНК-Украіна", "БНХ Украіна", "СГЛЦ БЕЛАЗ-Сэрвіс", "ГД МТЗ - Беларус - Украіна", "ГД Гомсельмаш - Украіна", "ГД МАЗ - Украіна", "Амкадор-Украспецмаш", "Атлант-Украіна", "Белаўтадар-Украіна", "Сэрвіс Ойл".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі