Сцяг Пятніца, 22 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 лістапада 2024, 14:45

Лукашэнку спыталі пра будучыню Беларусі: хачу, каб вы маглі працаваць і зарабіць, каб кіравалі сваёй краінай

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 лістапада на сустрэчы ў МДЛУ са студэнтамі ВНУ гуманітарнага профілю Мінска ў фармаце "Адкрыты мікрафон" расказаў, якой бачыць будучыню краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніка дзяржавы спыталі, якой ён бачыць будучыню Беларусі праз некалькі дзесяцігоддзяў і якое будзе яе месца ва ўмовах фарміравання новага светапарадку. У першую чаргу Прэзідэнт звярнуў увагу, што аблічча будучыні Беларусі і тое, якім шляхам краіна будзе ісці, трэба будзе вызначаць цяперашняй моладзі. "Вы будзеце берагчы або не берагчы сваю краіну, абараняць або не абараняць. Гэта краіна - для нашых дзяцей, маіх унукаў, вашых дзяцей. Гэта будучыня", - сказаў ён.

"Што датычыцца светапарадку, можна неяк патэтычна, гучна сказаць, якой я бачу Беларусь у гэтым светапарадку. Але я чалавек практычны. Я хачу, каб вы былі ў Беларусі, маглі працаваць і зарабіць і каб вы кіравалі сваім лёсам і сваёй краінай. Гэта калі па-простаму гаварыць. А для гэтага вы павінны вызначаць яе выгляд, пачынаючы з выбараў Прэзідэнта і выказваючы сваю пазіцыю культурна, інтэлігентна. Вы павінны выказваць сваё меркаванне і накіроўваць краіну туды, куды трэба", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Для магчымасці вось так канструктыўна выказваць і абмяркоўваць розныя пункты гледжання ў краіне ёсць, напрыклад, Усебеларускі народны сход. "Гэта 1,2 тыс. чалавек непасрэдна вашых людзей (прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства. - Заўвага БЕЛТА), якія будуць карэкціраваць курс не толькі ўрада, але і Прэзідэнта, - адзначыў Прэзідэнт. - Ваяваць, не ваяваць - гэта ўжо Усебеларускі народны сход, 1,2 тыс. вашых дэлегатаў будуць вырашаць". Сярод дэлегатаў УНС ёсць у тым ліку і прадстаўнікі моладзі, студэнцтва. "Можа, студэнтаў так і няшмат, але гэта зразумела, у прапорцыі. Але яны ёсць. Яны будуць мець права ўзяць мікрафон, выйсці і сказаць. Ніхто рот не закрые. Не скажа там, скажа ў іншым месцы", - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.
"Такая павінна быць дэмакратычная Беларусь. Але прыстойная і дысцыплінаваная, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Ідзіце, галасуйце, выбірайце. Але выбралі - будзьце ласкавы даць магчымасць Прэзідэнту ажыццяўляць свае паўнамоцтвы. Калі яны вам не падабаюцца, выказвайце сваё меркаванне. У нас столькі было рэферэндумаў. Выйдзем на рэферэндум - людзі вызначацца". Напрыклад, што датычыцца пытанняў стратэгічнага партнёрства, узаемаадносін з бліжэйшымі суседзямі.

"Я хачу, каб мы былі ў добрых адносінах і з палякамі, і з расіянамі, але жылі ў сваёй кватэры. Пакуль народ такую пазіцыю прымае, і, упэўнены, што і вы (моладзь. - Заўвага БЕЛТА) згодны з гэтым. Мы з усімі хочам дружыць", - падкрэсліў беларускі лідар. Такую міралюбівую пазіцыю краіны вітаюць грамадзяне Беларусі і актыўна заяўляюць аб гэтым у час збору подпісаў, які цяпер ідзе ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. "Людзі хочуць, каб быў мір. Гэта ў крыві ў нас, гэта генетычна наша. Таму што нашы дзядулі, бабулі наеліся гэтых войнаў. І гэта да нас перайшло, мы хочам, каб было добра. Таму што ў вайну дрэнна. Вось наш светапарадак - гэта мір і спакой. А ўсё астатняе - што заробім, будзем жыць. Як будзем працаваць, так і будзем жыць", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, як падкрэсліў Прэзідэнт, у Беларусі яшчэ ёсць куды імкнуцца ў плане павышэння эфектыўнасці і якасці працы.
"Я бачу сваю краіну мірнай, зручнай для жыцця цябе, Вераніка, тваіх дзетак і ўнукаў, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да аўтара пытання. - Каб яны ганарыліся сваёй краінай і не думалі: "Вось, паеду ў Польшчу, мяне чакаюць там, будзе добра". Калі нехта хоча, з'ездзіце. Толькі не страчвайце свае карані, не адсякайце. Рабіце заўсёды крок з аглядкай, каб можна было вярнуцца. Калі паедзеце і адсечаце гэтыя сувязі, бяда. Таму я і кажу: ідзіце хутка, але не спяшаючыся".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі