ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 1 чэрвеня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 сакавіка 2020, 12:00

Лукашэнку прапануюць рэфармаваць сістэму судэкспертызы, ён абмеркаваў пытанне са старшынёй ДКСЭ

Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Швед
Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Швед

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам старшыню Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гатовы выслухаць ваш даклад па ўдасканаленні сістэмы судова-медыцынскай экспертызы. Мяне цікавіць той узровень, на які мы выйшлі, асабліва ў параўнанні з Расіяй і іншымі дзяржавамі. Як узаемадзеянне ў гэтым плане з міжнароднымі экспертнымі групамі, крыміналістамі?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз ствараўся фактычна з нуля. Да яго ўтварэння ў краіне не была наладжана сістэмная работа па многіх відах даследаванняў, не хапала і неабходных прыбораў. "Мы паставілі перад сабой задачу выйсці на больш высокі ўзровень у экспертнай дзейнасці па ўсіх напрамках, па ўсіх відах злачынстваў. Ці ўдалося нам гэту сістэму стварыць, ці здольна яна незалежна, як цяпер, існаваць? Таму што прапаноў шмат: зноў яе падпарадкаваць, перападпарадкаваць. Я не схільны да гэтага, але павінен быць прагрэс. Калі ёсць эфектыўнасць, тады не трэба ламаць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Андрэй Швед адзначыў, што з моманту ўтварэння ДКСЭ прайшло сем гадоў. Паводле яго слоў, беларуская сістэма судовых экспертыз унікальная і незалежная, самая лепшая на постсавецкай прасторы. "Кожны год мы развіваемся, нешта ўдасканальваем", - дадаў ён.

Старшыня ДКСЭ пасля сустрэчы з Прэзідэнтам заявіў журналістам, што рашэнне аб утварэнні камітэта цалкам сябе апраўдала. "У нас створана ўнікальная, высокаэфектыўная сістэма судова-экспертнага забеспячэння правасуддзя, якая не мае аналагаў. Яе эфектыўнасць сёння пацвярджаецца не толькі вынікамі работы, не толькі тым, што калегі з праваахоўных органаў усё больш звяртаюцца да нас па дапамогу, але і меркаваннем многіх замежных спецыялістаў, якія ўсё часцей прыязджаюць да нас, у тым ліку павучыцца. Толькі ў мінулым годзе ў нас прайшлі навучанне больш як 20 груп замежных спецыялістаў, чаго раней не было. У дзясяткі разоў вырасла колькасць наведванняў замежных дэлегацый, якія прызджаюць пазнаёміцца з нашым вопытам па многіх напрамках", - расказаў Андрэй Швед.

Адказваючы на пытанне БЕЛТА, ці ёсць неабходнасць цяпер перападпарадкоўваць каму-небудзь экспертныя падраздзяленні ДКСЭ, кіраўнік ведамства падкрэсліў, што цяперашняя сістэма зарэкамендавала сваю эфектыўнасць. "Яна не стаіць на месцы, пастаянна развіваецца. Сёння нам па-добраму зайздросцяць калегі з многіх дзяржаў", - звярнуў увагу ён.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз у 2019 годзе правёў амаль 284 тыс. даследаванняў. Пераважныя экспертызы - медыцынскія (больш за 59 працэнтаў), крыміналістычныя (18,5 працэнта) і псіхіятрычныя (10,3 працэнта). Больш за ўсё ДКСЭ праведзена даследаванняў для падраздзяленняў Следчага камітэта і органаў унутраных спраў - 62,8 працэнта і 30,5 працэнта ад усіх экспертыз адпаведна.

У 2018-2019 гадах Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз стаў праводзіць новыя віды даследаванняў: лінгвістычныя (па матэрыялах, звязаных з абразай, праявай экстрэмізму, і іншых выпадках, дзе патрабуецца тлумачэнне тэксту), культуралагічныя (даюць магчымасць аднесці матэрыялы да ліку парнаграфічных, вырашыць пытанне аб узросце асобы на здымку), гемалагічныя (на прадмет аднясення камянёў да групы каштоўных і вызначэння іх характарыстык), прадуктаў выстралу (даюць магчымасць адказаць на пытанні аб яго акалалічнасцях).

Ведамствам фактычна створана трохузроўневая сістэма правядзення тэхнічных экспертыз. Гэта дало магчымасць арганізаваць у абласцях і Мінску работу па фанаскапічных, эканамічных, будаўніча-тэхнічных, таваразнаўчых экспертызах і даследаваннях радыёэлектронных устройстваў, вырашыць пытанне з правядзеннем некаторых экспертыз у найбольш буйных раённых аддзелах.

Раней такія даследаванні праводзілі, як правіла, на ўзроўні цэнтральных апаратаў ведамстваў, на базе якіх створаны Дзяржаўны камітэт, і колькасць саміх экспертаў была вельмі малая. З-за гэтага, напрыклад, будаўніча-тэхнічныя і эканамічныя экспертызы праводзіліся да паўтара года, камп'ютарна-тэхнічныя - ад паўтара да года, таваразнаўчыя - да пяці месяцаў.

Адным з важнейшых напрамкаў работы экспертаў з'яўляецца правядзенне даследаванняў наркотыкаў. У 2019 годзе праведзена больш як 9,6 тыс. такіх экспертыз, больш за 30 працэнтаў з іх - на працягу 30-40 хвілін. З моманту ўтварэння ДКСЭ па яго ініцыятыве ўстаноўлены дзяржаўны кантроль над абаротам 225 новых асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. У выніку, пачынаючы з другой паловы 2014 года ў краіне не зафіксавана фактаў незаконнага абароту непадкантрольных рэчываў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі