3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава не пашкадуе грошай на вучоных, калі іх дзейнасць будзе даваць вынік. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 снежня на сустрэчы з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Заслухаўшы асноўнага дакладчыка (старшыню КДК, кіраўніка рабочай групы па аналізе дзейнасці НАН Васіля Герасімава), кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем астатніх удзельнікаў нарады. Першым вырашыў выказацца намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу, член рабочай групы Аляксандр Косінец.
Перш за ўсё ён звярнуў увагу, што ў краіне фактычна не падлічваюць навукаёмістасць ВУП. Гэта значыць, сумы, якія выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту на навуковую дзейнасць, кожны год розныя і прычым вельмі моцна адрозніваюцца адна ад адной. "Такія ваганні не павінны быць. У нас павінен быць дакладна спланаваны, спрагназаваны фінансавы інструмент суправаджэння навукі", - упэўнены Аляксандр Косінец.
Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, неабходна ўдзяліць матывацыі навуковых кадраў. Аляксандр Косінец лічыць, што заработная плата прафесарска-выкладчыцкага складу павінна быць не ніжэйшая, чым у шахцёраў. "Яны павінны думаць толькі пра навуку", - падкрэсліў намеснік старшыні УНС.
Акрамя таго, дадаў ён, патрэбны новыя крытэрыі выбрання правадзейных членаў і членаў-карэспандэнтаў НАН. Цяперашнія крытэрыі, лічыць Аляксандр Косінец, заніжаныя і проста даюць магчымасць запоўніць вакантныя месцы. Таксама важна завяршыць мадэрнізацыю навуковых прадпрыемстваў, каб давесці праекты да лагічнага завяршэння, і наладзіць больш цесную работу паміж міністэрствамі і Нацыянальнай акадэміяй навук.
"Давайце без агітацый. Гаварыць аб тым, што членам-карэспандэнтам і шахцёрам патрэбна зарплата роўная, - гэта з вобласці папулізму. Вы не назвалі ні адну крыніцу. Забяром у шахцёраў грошы і аддадзім вучоным? Хацелася б, каб былі прапановы, дзе ўзяць. Вось гэта будзе важна", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Косінец лічыць, што вучоныя не змогуць ахапіць усе напрамкі дзейнасці: проста не хапае кадраў і кампетэнцый. А значыць, Нацыянальная акадэмія навук павінна сканцэнтравацца на экспертнай дзейнасці і стаць своеасаблівым дарадчыкам, калі, напрыклад, на тыя ці іншыя прадпрыемствы закупляюцца замежныя тэхналогіі. "Напрыклад, тая ж атамная энергетыка, біяіндустрыя або нафтахімічны комплекс. Каб не дапусціць у далейшым памылак, патрабуецца сур'ёзны экспертны падыход. І ў будучым мы не можам страчваць значныя рэсурсы. Гэтых грошай хопіць на 100 гадоў, каб заплаціць заработную плату прафесарска-выкладчыцкаму складу", - заявіў член рабочай групы.
"Якіх?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Якія сэканомім на правільным падборы магутнасцей, абсталявання, не дапускаючы памылак пры закупцы пэўных установак, якія ў далейшым не могуць перапрацаваць зададзеную колькасць", - растлумачыў Аляксандр Косінец.
"Я хачу пачуць пункт гледжання членаў рабочай групы. Потым мы вызначымся, як дзейнічаць, каб выйсці на сход тых самых акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, спецыялістаў галіновай, вузаўскай навукі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Можа, у нас сапраўды дактары і акадэмікі, кандыдаты зарабляюць не тую заработную плату, трэба ім павялічыць яе ў пяць разоў (не ведаем толькі, дзе грошы знайсці). Мы зыходзілі з таго, што павінен быць вынік. І за вынік ні ў якім разе нельга шкадаваць грошай".
Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад распрацоўку беспілотнікаў. На яго думку, гэтаму напрамку вучоныя надаюць мала ўвагі, а гэта ўзбраенне сёння як ніколі актуальна. "Але я гэта адношу не столькі да вучоных і Акадэміі навук, колькі да ўрада. Не працуе ўрад", - заявіў Прэзідэнт.
"Справа не ў зарплатах. У нас што, усе на акладах будуць сядзець? Па 8-10 тысяч мы будзем дактарам і кандыдатам плаціць, і ўсё добра? А за што плаціць? І потым. Вы што не разумееце, як у нас абараняюць доктарскія і кандыдацкія? Пры тым жорсткім кантролі, які сёння ажыццяўляецца з боку Прэзідэнта. І потым вы кажаце: трэба плаціць, як шахцёру. Але шахцёр накапаў і на-гара падняў - можна палічыць. А тут, калі цяпер плаціць па вашым раскладзе, ні дактары, ні кандыдаты нічога не будуць рабіць напалову, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - Я не супраць таго, каб людзі атрымлівалі, але грошы павінны быць заробленымі".
"Усе мяне хваляць: ах, вы малайчына, Аляксандр Рыгоравіч, захавалі Акадэмію навук. Але я яе захаваў для таго, каб яна вынік давала. Таму перш чым уносіць прапановы аб зарплатах (непапулярна перад выбарамі сказана, але ніколі папулізмам не займаўся), называйце крыніцу, дзе возьмем. Мы не пашкадуем грошай, калі будзе вынік", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-