Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 лістапада 2022, 13:29

Лукашэнку прапанавалі навацыі ў рабоце ФСАН і пенсійным забеспячэнні. Якія пытанні хвалююць кіраўніка дзяржавы

10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удасканаленне работы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і меры па ўзмацненні падтрымкі пенсіянераў і дзяцей-інвалідаў сталі тэмай даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асноўны дакладчык - міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства таксама віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, які курыруе гэту сферу, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч, міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, старшыні Мінгарвыканкама і Мінаблвыканкама Уладзімір Кухараў і Аляксандр Турчын.

"Калі па вялікім рахунку наконт нашай сённяшняй размовы, то гэта размова будзе звязана з тым, што мы ўдасканальваем у нейкай ступені нашу сістэму кіравання сацыяльным сектарам, эканамічным сектарам. Ну і наогул сістэму кіравання ў дзяржаве. Пытанне не самае маштабнае, не самае, магчыма, важнае ў плане ўдасканалення сістэмы кіравання. Але з пункту гледжання забеспячэння сацыяльнай бяспекі, сацыяльнага абслугоўвання нашых людзей яно вельмі важнае.Тым больш што яно датычыцца ну зусім нашых людзей. Гэта людзі пенсійнага ўзросту. Людзі, якія трапілі ў часовую нейкую бяду, якім мы павінны падставіць плячо. Нехта захварэў, недзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі і здольнасцямі і гэтак далей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што размова пойдзе аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва: "Прапануецца яго разам з адпаведнымі структурамі, якія з ім знаходзяцца ў цесным кантакце па абслугоўванні названых мною катэгорый, крыху ўдасканаліць. Калі мы вядзём размову аб удасканаленні, я заўсёды задаю пытанне: ці патрэбна гэта, адкуль з'явілася гэта пытанне, у чым сутнасць і праблема. Гэта не значыць, што мы не павінны ўдасканальваць структуру кіравання дзяржавай, асобных напрамкаў, галін. Я пра гэта ўжо гаварыў, гэта трэба рабіць, не ламаючы саму сістэму. Мадэрнізуючы, удасканальваць трэба структуру - час ідзе. Але гэта калі патрэбна. Таму першае пытанне, на якое трэба адказаць: ці патрэбна нам гэта - удасканаленне структуры ФСАН і тых, хто выплачвае, назначае пенсіі, дапамогі і гэтак далей. Ці патрэбна?"

Што датычыцца пенсійнага забеспячэння, то ўсе функцыі ў гэтай сферы прапануецца сканцэнтраваць у ФСАН. Пытанне таксама дыскусійнае.

У цэлым Прэзідэнт абазначыў пытанні ў плане аператыўнасці ўкаранення тых ці іншых навацый. Калі яны сапраўды патрэбныя, то гэта трэба рабіць больш аператыўна, не расцягваючы па этапах на некалькі гадоў: "Калі мы ўпэўнены, што тая сістэма ў будучым прыжывецца, навошта яе расцягваць на 5-10 этапаў і ўдасканальваць гэту сістэму на працягу 5 або 7 гадоў. Я прыкладна гавару. Калі мы ў гэтым упэўнены, дык давайце ў два крокі. Першы крок, які мы можам зрабіць і з 1 студзеня будучага года пачаць працаваць. А другі крок - з сярэдзіны будучага года. Калі мы ў гэтым упэўнены. Гэта значыць, не трэба расцягваць працэсы, якія трэба вырашаць хутчэй. Калі іх можна вырашыць хутчэй".

"Для таго мы і сабраліся, каб абмеркаваць гэта пытанне. Але яно будзе звязана з першым пытаннем: трэба ці не трэба, чаго нам не хапае тут? Ну працуе нібыта сістэма - працуе. Людзі да яе прывыклі. Што дасць гэта ўдасканаленне?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод прапаноў, з якімі прыйшлі на даклад да кіраўніка дзяржавы, ёсць тыя, якія ляжаць у рэчышчы лічбавізацыі працэсаў. "Карацей кажучы, загрузіць усё ў камп'ютар, як гэта часта бывае. Увесь улік працоўнай дзейнасці. Вы ведаеце, можа быць. Калі без гэтага не можам абысціся", - адзначыў беларускі лідар.

Разам з тым ён адразу звярнуў увагу на пытанне арганізацыі належнай абароны даных такіх электронных баз, каб інфармацыю адтуль потым не размясцілі на якіх-небудзь варожых рэсурсах. "Вось тут нам трэба вызначыцца: ці трэба нам гэта рабіць цяпер, ці трэба заўтра рабіць, колькі гэта будзе каштаваць і ці трэба гэта наогул. Нібыта працавалі і працуем. Сістэма функцыянуе. Калі ў гэтым мы атрымаем нейкую карысць для людзей і для дзяржавы, з улікам усіх рызык у тым ліку, ну добра, пойдзем. Калі не, ну трэба ісці там (на ўкараненне навацый. - Заўвага БЕЛТА), дзе трэба ісці. Калі не, можа, і не трэба", - акрэсліў кола пытанняў Аляксандр Лукашэнка.

Ірына Касцевіч далажыла кіраўніку дзяржавы аб прапанове перабудаваць сістэму сацыяльнага страхавання, каб аб'яднаць у адным дзяржаўным органе поўнасцю ўвесь цыкл пенсійнага і сацыяльнага страхавання (бальнічныя і дзіцячыя дапамогі). Гэта значыць, каб працэсы назначэння, выплаты пенсій і дапамог, а таксама крыніца іх фінансавання знаходзіліся ў веданні адной структуры - Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт задаў слушнае пытанне, чаму для сканцэнтравання ўсіх гэтых функцый прапануецца менавіта Фонд сацабароны, а не якая-небудзь іншая структура: "Чаму пад фондам, а не пад райвыканкамам?"

"Узносы ідуць у фонд, назначэнні і выплаты ідуць праз упраўленні сацыяльнай абароны райвыканкамаў. Аблвыканкамы каардынуюць гэту работу", - растлумачыла Ірына Касцевіч.

"Уся кухня варыцца там, а грошы яны бяруць з мяшка фонду", - вобразна і даступнай мовай выклаў словы міністра Аляксандр Лукашэнка.

"Так", - пагадзілася яна.

"Вы прапануеце сёння да гэтага мяшка далучыць орган кіравання?" - удакладніў беларускі лідар. На яго пытанне кіраўнік Мінпрацы і сацабароны таксама адказала станоўча.

"Што сёння выклікае занепакоенасць? Фонд сёння - гэта больш як Br20 млрд даходнай часткі. Маштаб гэтага фонду - амаль 77 працэнтаў, калі суаднесці з рэспубліканскім бюджэтам. Грошы кіруюцца, а расходуюцца грошы ў рамках адной структуры, але гэта розныя ўсё ж такі структуры..." - растлумачыла матывацыю міністэрства Ірына Касцевіч.

"Так, яны розныя. Ну і што? Яны ў нас абсалютна кіруемыя, яны ў адным кулаку - і фонд дзяржаўны, і тыя, хто назначае і выплачвае пенсію, - гэта таксама дзяржаўны орган улады", - парыраваў Аляксандр Лукашэнка.

"Так. Але мы ж хочам зрабіць два крокі. Першы - спачатку забраць назначэнне пенсій з боку ўпраўленняў сацабароны. А другі - аб'ёмны, гэта амаль Br5 млрд, нашы бальнічныя і дзіцячыя дапамогі. Іх сёння назначае прадпрыемства. У нас працуе заліковы механізм. Мы бачым сёння праблемы, у тым ліку і па выплаце дапамог, - або пераплата, або недаплата, або нясвоечасовая выплата, гэтак жа, як і праблемы па заработнай плаце, калі гэта праблемная арганізацыя. Пакутуе канкрэтны чалавек, які знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці", - прывяла прыклады міністр.

"Значыць, орган улады, які гэта кантралюе (гэта ж не фонду функцыі - кантраляваць), не спрацоўвае. А ў фонд перавядзём гэта ўсё і будзе працаваць?" - спытаў Прэзідэнт. Ён таксама цікавіўся, чаму прапануецца пытанне назначэння пенсій і дапамог перадаць у Фонд сацабароны, а не ў іншы орган улады, у веданні якога будзе знаходзіцца фонд.

Што вырашана ў выніку?

Як расказала Ірына Касцевіч журналістам пасля даклада кіраўніку дзяржавы, у выніку прынята рашэнне пакінуць сістэму пенсійнага забеспячэння без істотных змяненняў. Гэта значыць, Фонд сацабароны будзе па-ранейшаму акумуляваць узносы ад наймальнікаў, а назначэннем і выплатай пенсій прадоўжаць займацца ўпраўленні сацыяльнай абароны мясцовых органаў улады, вядомыя ў народзе як "сабесы".

"Сістэма выбудаваная, існуе ўжо не адно дзесяцігоддзе. Змяніць структуру і аб'яднаць гэтыя два органы (фонд і ўпраўленні. - Заўвага БЕЛТА) - гэта дастаткова рызыкоўны крок. З тым, каб не атрымаць напружаныя, рызыкоўныя сітуацыі, прынята рашэнне захаваць дзеючыя структуры так, як ёсць", - сказала міністр.

Паводле яе слоў, у Фондзе сацыяльнай абароны цяпер працуюць 1225 чалавек, у яго ёсць сур'ёзныя інфармацыйныя базы і сістэмы, якія ў перспектыве будуць развівацца. "Мы будзем далей прадаўжаць развіваць інфармацыйны складнік фонду. Мы вельмі зацікаўлены ў далейшым інфармаваць чалавека аб яго стажы, заработнай плаце, з якой выплачваюцца ўзносы, для таго, каб чалавек загадзя атрымаў інфармацыю аб сваёй будучай пенсіі. Рэсурс фонду сёння гэта дазваляе. Пачынаючы з 2003 года мы вядзём персаніфікаваны ўлік і пра кожнага з грамадзян краіны мы ведаем гісторыю за 20 гадоў - дзе чалавек працаваў, з якой сумы выплачваў узносы", - растлумачыла міністр.

Яна лічыць, што такім чынам кожны чалавек па меры набліжэння да пенсійнага ўзросту, ведаючы памер сваёй будучай пенсіі, гарантаванай з боку дзяржавы, зможа прымаць узважаныя рашэнні аб магчымым удзеле ў сістэме добраахвотнага накапляльнага пенсійнага страхавання. "Каб чалавек сам вызначаў - ён хоча атрымліваць толькі дзяржаўную пенсію або хоча больш камфортныя ўмовы ў старасці, хоча мець дадатковы даход. Якраз механізм добраахвотнай накапляльнай пенсіі дае магчымасць павялічыць памер пенсіі", - адзначыла Ірына Касцевіч.

Што датычыцца персаніфікаванай базы даных, якая вядзецца з 2003 года, то яна таксама будзе пашырацца. Яе можна лічыць лічбавым дублікатам працоўнай кніжкі, які дае магчымасць максімальна забяспечыць гарантыі чалавеку праз Фонд сацыяльнай абароны на выпадак, напрыклад, страты папяровых дакументаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі