Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 лістапада 2021, 11:48

Лукашэнку прадставілі новы дапрацаваны праект Канстытуцыі Беларусі

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прадставілі новы дапрацаваны праект Канстытуцыі Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Канстытуцыйная камісія правяла пэўную работу, прапанавала свае варыянты, а цяпер рабочая група спецыялістаў, створаная распараджэннем Прэзідэнта, працуе над шліфоўкай гэтай Канстытуцыі. І, калі па-народнаму ўжо гаварыць, прапісвае гэту Канстытуцыю юрыдычнай мовай, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Я атрымаў апошні варыянт, прапісаны варыянт, Канстытуцыі з улікам нашых ранейшых дамоўленасцей у рабочай групе, азнаёміўся. Сёння паспрабуем пагаварыць на тэмы, якія з'яўляюцца вострымі і важнымі для нашай краіны".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што таксама хацеў бы пачуць, чым было матывавана выключэнне некаторых артыкулаў і асабліва дабаўленне новых палажэнняў.

Перад рабочай групай стаяла задача адпрацаваць прынцыповыя пытанні, якія датычацца падрыхтоўкі канстытуцыйных змяненняў. Галоўныя з іх, паводле слоў Прэзідэнта, замацаванне ролі Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, захаванне збалансаванасці дзяржапарату і іншыя. Пры гэтым важна, перакананы Аляксандр Лукашэнка, ні ў якім разе не разбураць існуючую ў Беларусі сістэму ўлады.

"Падышлі да гэтага пытання сур'ёзна і выпрацавалі праект Канстытуцыі, які мы будзем цяпер абмяркоўваць і над якім будзем працаваць. Думаю, што нам спатрэбіцца яшчэ адно пасяджэнне рабочай групы, а потым, як і было абяцана, мы вынесем варыянт на Канстытуцыйную камісію", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. У далейшым адбудзецца грамадскае абмеркаванне праекта Асноўнага закона, канчатковы варыянт Канстытуцыі будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум.

Прэзідэнт заўважыў, што эксперты рабочай групы падтрымалі не ўсе прапановы Канстытуцыйнай камісіі. "Гэта добра, што ёсць розныя пункты гледжання. Напэўна, любая канкурэнцыя, любыя пункты гледжання, якія маюць права быць, пры сутыкненні садзейнічаюць выпрацоўцы нармальных палажэнняў будучай Канстытуцыі. Толькі так, я лічу, мы выйдзем на дастойны праект Асноўнага закона, які, вядома ж, людзі ўжо чакаюць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што работа па абнаўленні Канстытуцыі Беларусі праводзіцца ў інтарэсах большасці грамадзян і для іх. "Але жыць па гэтым Асноўным законе давядзецца ўсім грамадзянам Беларусі і тым, хто прыедзе ў Беларусь. Закон ёсць закон", - сказаў ён.

Як заявіў у час сустрэчы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка прадстаўлены кіраўніку дзяржавы новы дапрацаваны праект Канстытуцыі - гэта "вынік дэталёвага, напружанага абмеркавання Асноўнага закона". "Менавіта таго праекта, які быў распрацаваны Канстытуцыйнай камісіяй. Намі прапрацаваны кожны артыкул праекта. І нават пасля таго, як ён быў накіраваны вам, актыўнае абмеркаванне з членамі рабочай групы прадаўжаецца, і сёння яшчэ ўносяцца асобныя дапаўненні, удакладненні", - расказаў Ігар Сергяенка.

Як паведамлялася, першую нараду з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі кіраўнік дзяржавы правёў 21 кастрычніка. У яе склад увайшлі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і прадстаўнікі абедзвюх палат парламента, намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў, кіраўнік Апарату Савета Міністраў Канстанцін Бурак, намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Наталля Карповіч і суддзя Вольга Сяргеева, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, памочнік кіраўніка дзяржавы Аляксандр Косінец і доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Радзькоў.

"Галоўнае ў рабоце цяперашняй рабочай групы над канстытуцыйнымі змяненнямі - не дапусціць разбалансаванасці сістэмы органаў дзяржаўнай улады. Важна пазбегнуць змяшэння функцый і паўнамоцтваў ключавых органаў, забяспечыць узгодненасць іх дзеянняў", - расставіў акцэнты беларускі лідар на той сустрэчы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай. "Я абсалютна перакананы, што Беларусь павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай, калі мы хочам захаваць краіну. І Усебеларускі народны сход уводзіцца не таму, што нехта з прысутных або дзеючы Прэзідэнт ірвецца на гэту пасаду, а для таго, каб забяспечыць, як юрысты гавораць, стрымліванне і процівагу, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта адна з фундаментальных рэчаў - стрымліванне і процівага, на гэтым грунтуюцца ўсе законы і заканадаўчыя акты, і перш за ўсё Асноўны закон".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі