Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 чэрвеня 2025, 11:44

Лукашэнку на "Беллакце" далажылі аб планах пабудаваць дадатковую вытворчасць сухога дзіцячага харчавання 

14 чэрвеня, Ваўкавыск /Кар. БЕЛТА Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку пры наведванні ААТ "Беллакт" далажылі аб планах пабудаваць дадатковую вытворчасць сухога дзіцячага харчавання. Гэта прадукцыя шырока запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пабудаваць новы цэх плануецца за кошт розных крыніц. Амаль палавіна з іх - крэдыт Банка развіцця Беларусі. Астатняе - гэта сродкі Рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду, сродкі інавацыйнага фонду Гродзенскага аблвыканкама і 13 працэнтаў - уласныя сродкі прадпрыемства. Агульны кошт праекта ацэньваецца ў памеры Br380 млн.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такая прадукцыя, асабліва дзіцячае харчаванне, будзе запатрабавана заўсёды. Напрыклад, у ёй зацікаўлены многія краіны ў Афрыцы.

Што датычыцца крэдытаў пад стварэнне новай вытворчасці, Прэзідэнт папярэдзіў, што абавязковай умовай з'яўляецца далейшае вяртанне сродкаў. "Дзе б ты ні ўзяў - у Банку развіцця, яшчэ недзе: узяў у доўг - павінен вярнуць. Калі для гэтага прадпрыемства, якое хочаш пабудаваць, ёсць сыравіна, ёсць рынак збыту і ён маржынальны, і ўсё, што пазычыш, ты вернеш на працягу 10-12 гадоў (гэта немалыя грошы - $120-130 млн), - калі ласка. Будзем размову не проста весці, а будзем падтрымліваць гэты праект, - заявіў Прэзідэнт. - Мы гэта ўмеем рабіць. І гэта сёння прадаецца. Любая краіна павінна накарміць сваіх людзей. Дзяцей - тым больш".

Як далажылі Прэзідэнту, на існуючай вытворчасці ўжо задзейнічаны практычна ўсе магутнасці і трэба пашырацца. Дзіцячае харчаванне для "Беллакта" - самая маржынальная прадукцыя. Пры пастаўках за мяжу рэнтабельнасць дасягае 40 працэнтаў пры каласальным попыце. Кіраўнік дзяржавы паставіў пытанне, чаму б не развіваць гэты напрамак не толькі ў рамках аднаго прадпрыемства ў Ваўкавыску, але і ў іншых пунктах краіны. "Гэта наша школа, і гэту школу прасцей развіваць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы ўмеем гэта рабіць".

Больш таго, такім чынам можна вырашыць праблему з тым, што рынак цяпер перанасычаны сметанковым маслам, яго цяжка прадаць: "Калі б мы гэта малако, якое ты ў масла пускаеш, перапрацавалі, - прадалі б дзіцячае харчаванне. Прадукт, на які попыт ёсць. У нас хапае магутнасцей. Трэба - мы перабудаваліся, вырабілі сметанковае масла. Але на гэта (дзіцячае харчаванне. - Заўвага БЕЛТА) ёсць попыт".

Што датычыцца "Беллакта", Аляксандр Лукашэнка адобрыў планы па рэалізацыі інвестпраекта. Ён даручыў не зацягваючы, без цяганіны рыхтаваць эканамічнае абгрунтаванне праекта. "Калі трэба, будзем будаваць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Падлічвайце. Калі ёсць сыравіна, ёсць рынкі - гэта тыя праекты, якія трэба рэалізоўваць у краіне".

Рэалізацыя праекта дасць магчымасць дадаткова перапрацаваць 61 тыс.т малака ў год, павялічыўшы да 15 тыс.т (рост у 2 разы) вытворчасць сухіх дзіцячых сумесей, якія адпавядаюць патрабаванням сусветных стандартаў, і пашырыўшы геаграфію экспарту ў краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі