Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 ліпеня 2021, 20:07

Лукашэнка звярнуўся да творчай інтэлігенцыі: вы аблічча нацыі, не рабіце больш няправільных крокаў

3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета звярнуўся да творчай інтэлігенцыі, заклікаўшы яе не займацца палітыкай і больш не рабіць няправільных крокаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка выказаў шкадаванне наконт таго, што рэдка наведваў тэатральныя пастаноўкі. "Я больш быў сканцэнтраваны на тым, каб даць людзям тое месца, дзе яны павінны тварыць. Гэта я лічыў галоўным для мяне як Прэзідэнта. Калі мы не створым для вас гэтых пляцовак, дык і мастацтва няма дзе будзе паказваць", - растлумачыў беларускі лідар. Пад патранажам кіраўніка дзяржавы ў апошнія гады былі рэканструяваны, мадэрнізаваны, пабудаваны шматлікія культурныя аб'екты па ўсёй краіне.

"Але, напэўна, упусціў я вас у тым плане, што рэдка бываў на вашых пастаноўках, спектаклях, на паказах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, часткова гэта стала прычынай негатыўных праяў у культурным, тэатральным асяроддзі ў мінулым годзе. "У гэтым, напэўна, і ёсць віна, што тут ледзь ці не гучаў "Магутны Божа". Не са сцэны, у зале, - адзначыў Прэзідэнт. - Калі мне далажылі пра тэатр Янкі Купалы і пра вас, мяне гэта не проста здзівіла, мяне гэта прыбіла на тым этапе".

Звяртаючыся да дзеячаў культуры, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, Прэзідэнт перасцярог іх ад няправільных крокаў у далейшым. І ў сувязі з гэтым ён успомніў, як нядаўна гаварыў студэнтам у час балю выпускнікоў, каб яны не рабілі ў пачатку свайго шляху няправільныя крокі і прыводзіў вядомую прымаўку: спачатку ты працуеш на заліковую кніжку, а потым заліковая кніжка працуе на цябе. "Гэтак жа і ў маладосці. Калі вы робіце правільныя крокі ў патрэбным напрамку, вы пачынаеце закладваць фундамент свайго жыцця. Калі заложыце яго правільна, ён будзе ўсё жыццё працаваць на вас. Але, калі ў маладосці зробіце што-небудзь няправільнае, можаце зламаць усё сваё жыццё. Цяжка будзе потым выкарабкацца з гэтай сітуацыі", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

"Вы аблічча нацыі. Творчая інтэлігенцыя - гэта аблічча нацыі, народа, дзяржавы. Я вас прашу: не рабіце больш няправільных крокаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі малады чалавек зрабіў няправільны крок, яму можна дараваць, зразумець, у яго ёсць час выправіцца. Вы ніколі не выправіцеся. Калі здабылі і страцілі сваё аблічча, яго практычна нельга будзе аднавіць. Таму перш чым нешта зрабіць (а на вас глядзяць мільёны вачэй, і не толькі ў нашай краіне), думайце, сачыце за кожным сваім крокам. Вы таленавітыя. Не губіце гэтым свой талент".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі