Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 снежня 2021, 13:37

Лукашэнка: знешнегандлёвы баланс Беларусі за студзень-верасень перавысіў $2,7 млрд

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Знешнегандлёвы баланс Беларусі за студзень - верасень 2021 года перавысіў $2,7 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вынікі дзесяці месяцаў дэманструюць, што валавы ўнутраны прадукт павялічыўся прыкладна на 2,5 працэнта, расце прамысловая вытворчасць (больш за 7 працэнтаў), прычым практычна ва ўсіх яе падгалінах.

Больш за 60 працэнтаў беларускай прамысловай прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Пры гэтым у глабальным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Беларусь займае 46-е месца сярод 152 краін. Такія даныя ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці, растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

"У сувязі з гэтым экспарт тавараў і паслуг павялічыўся прыкладна на 33 працэнты, у краіну дадаткова паступіла 8,5 мільярда долараў. Склаўся рэкордны дадатны знешнегандлёвы баланс - больш як 2,7 мільярда долараў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў многім дзякуючы такой узважанай макраэканамічнай палітыцы ў краіне нядрэнныя паказчыкі плацежнага балансу, а значыць, устойлівы курс і спакой на фінансавым рынку.

Стабільна таксама расце сярэдняя заработная плата: у кастрычніку яна ўшчыльную падышла да Br1,5 тыс. Кожны чацвёрты работнік у краіне атрымлівае звыш гэтага ўзроўню, у той час як год таму іх доля складала толькі 16 працэнтаў.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і праблем у краіне нямала. Але на 90 працэнтаў яны прыўнесены звонку. Прэзідэнт спыніўся на негатыўных тэндэнцыях, якія непакояць не толькі яго. "Гэта перш за ўсё датычыцца цэн", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Упершыню за некалькі гадоў інфляцыя перавысіла прагнознае значэнне 5 працэнтаў, а цэны на сацыяльна значныя тавары ў сярэднім выраслі амаль на 7 працэнтаў. "І гэта тэндэнцыя не зменена, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Па некаторых таварах першай неабходнасці зафіксавана павышэнне ад 10 працэнтаў да 100 працэнтаў".

Пры гэтым вытворцы сацыяльна значных тавараў і суб'екты гандлю знайшлі пралазы, якія даюць магчымасць абыходзіць уведзеныя цэнавыя абмежаванні і павышаць цэны. Прэзідэнт папрасіў прэм'ер-міністра і старшыню праўлення Нацыянальнага банка асабліва спыніцца на гэтым пытанні ў час дакладаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фактараў рэзкага павышэння цэн у краіне шмат, і ён хацеў бы пачуць тлумачэнні наконт гэтага. "Так, ёсць частка інфляцыі, якая занесена, як зараза, звонку. Даражэе на сусветным рынку ўсё. Зразумела, мы як адкрытая эканоміка, закупляючы там жалеза, металы, сыравіну і іншыя камплектуючыя, вымушаны купляць іх па больш высокіх цэнах. У час пандэміі не працавалі, а друкарскія станкі круціліся: долар і еўра надрукавалі - дзяваць няма куды. Пайшла інфляцыя. Яна завезена звонку, ніхто гэтага не адмаўляе. Але самазаспакойвацца і гаварыць "гэта таму што там недзе ў Амерыцы, Расіі, Кітаі падаражэла, таму і ў нас" - не трэба", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў: нельга дапусціць таго, каб цэнавыя фактары пераходзілі ў наступны год. "Там і без гэтага хопіць праблем: пачынаючы ад рызык пашырэння так званых санкцый, да якіх рэгулярна заклікае Захад, і заканчваючы пагрозай распаўсюджвання пандэміі, гэтага муціруючага віруса, - сказаў ён. - Гэта дадатковы цяжар на і без таго перагружаны фонд сацыяльнай абароны і медыцынскую сферу ў цэлым".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі ў краіне гатовы процістаяць гэтым рызыкам, у якой ступені прагнозныя дакументы адаптаваны да існуючых выклікаў, якія сістэмныя падыходы закладае ўрад не толькі для прадухілення негатыўнага ўплыву недружалюбных дзеянняў, але і для развіцця краіны.

"У другі год пяцігодкі прапануецца адступіць ад асобных параметраў, вызначаных на шостым Усебеларускім народным сходзе. Па гэтым пытанні аднадушнага меркавання няма. Але мы павінны прыйсці да такога меркавання. Таму заслухаем усе аргументы за і супраць. Тым больш што гэтыя ж пытанні ўзнімаліся і дэпутацкім корпусам, і Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі, і Камітэтам дзяржаўнага кантролю", - дадаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі