Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 жніўня 2017, 15:50

Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў чыноўнікаў за правалы ў падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі

2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю ў 2017 годзе жорстка раскрытыкаваў чыноўнікаў за правалы ў падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт звярнуўся да прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова: "Чаму вы прынялі рашэнне ўрада да 20 ліпеня ўсю тэхніку падрыхтаваць і не пракантралявалі, што тэхніка гатова? Чаму міліцыю не арганізавалі? Чаму пракурора не папрасілі дапамагчы? Чаму КДК не задзейнічалі за паўгода? Трэба было прэм'ер-міністра паклікаць у рэзідэнцыю Прэзідэнта, каб спагнаць і задачы паставіць?"

Андрэй Кабякоў адказаў, што цяпер гаспадаркі да ўборкі ўраджаю ў асноўным гатовы, аднак у 30 працэнтах арганізацый праблемы маюць хранічны характар. "Дык якое ж "у асноўным"? Вы не ўяўляеце, што такое 30 працэнтаў гаспадарак? Калі вы сабраліся 8 млн т збожжа сабраць, адкіньце 30 працэнтаў... Вы што, 3 млн т збожжа не збіраецеся сёння збіраць? - задаў пытанне Прэзідэнт. - Пара ўраду вылазіць з кабінетаў. А вы, як у бухгалтэрыі працуеце, расказваеце пра статыстыку нейкую. Вось яна статыстыка, калі паехалі і паглядзелі непасрэдна".

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў адказных за ўборачную кампанію членаў урада, кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады аб адказнасці за выкананне пастаўленых задач: "Забяспечылі гаспадаркі неабходным. Усім, чым маглі. Напружваем усю краіну. А вы не можаце трактар на месца паставіць і п'яніцу-механізатара да парадку заклікаць. Семінары праводзім, вучым кагосьці. Каго мы вучым? Яны даўно навучаны. Стаўце канкрэтныя задачы і рэалізоўвайце іх".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўраджай павінен быць сабраны да 20 жніўня. "Я вас сабраў для таго, каб мы не страцілі тое, што нам падорана. Мы маем магчымасць накарміць жывёлу, атрымаць добрыя грошы. Сёння высокія цэны на прадукты харчавання. Мы можам вырашыць фінансавыя пытанні гаспадарак і фермераў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён заклікаў не скардзіцца на ўмовы надвор'я. "Я настойваю, што надвор'е нядрэннае, трэба ўмець убіраць. Не чакайце. 20 працэнтаў вільготнасць збожжа - неадкладна пачынайце ўборку. Прывезяце на склад, дасушыце. Так, можа, крыху больш давядзецца затраціць грошай на сушку", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў важнасць выкарыстання мясцовых відаў паліва ў зернесушылках.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў хутчэйшага выхаду на ўраджайнасць збожжавых 45 ц/га. "Каб гэта мець, павінны быць не проста тэхналогіі - трэба вызначыцца, на якім полі гэтыя збожжавыя вырошчваць. Калі вы не можаце па тэхналогіі забяспечыць, тады і сеяць не трэба. Калі нам 45 цэнтнераў атрымаць ураджайнасць, то на 25 працэнтаў можна будзе менш сеяць палёў. А гэта для нас дасягальная лічба", - падкрэсліў ён. Па рапсе стаіць задача атрымаць ураджайнасць 25 ц/га, па кукурузным зерні - 120 ц/га. Яшчэ адна стратэгічная культура, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, - гэта лён. Ён даручыў поўнасцю забяспечыць Аршанскі льнокамбінат як доўгім, так і кароткім валакном.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важна мінімізаваць страты ўраджаю ў час уборкі. У сувязі з гэтым ён даручыў прапрацаваць стратэгію перавозкі, у тым ліку з дапамогай ваенных. Асобна ён спыніўся на якасці беларускай тэхнікі з улікам нараканняў, якія ёсць у сельгасарганізацый. "Збірай сваіх і патрабаваць за кожны трактар, камбайн і іншую тэхніку", - звярнуўся ён да міністра прамысловасці Віталя Воўка.

Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць своечасовай выплаты заработнай платы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. "Ніхто бясплатна працаваць у калгасе, саўгасе не будзе. Таму вяскоўцам трэба заплаціць зарплату, калі ёсць запазычанасць. І трэба ўстанавіць нармальныя тарыфы, каб людзі зарабілі нармальныя грошы ў гэтыя месяцы", - сказаў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу ён удзяліў рабоце ўпаўнаважаных памочнікаў Прэзідэнта па абласцях. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, яны павінны большую частку часу знаходзіцца на месцах. "Не працуйце на паказуху, мне яна не патрэбна. Я знайду магчымасць праверыць, як працуюць упаўнаважаныя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў праваахоўным органам і Камітэту дзяржаўнага кантролю выявіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у зрыве ўборачнай кампаніі. "Калі мы гэта не зробім, гэта будуць проста размовы, і на месцах махнуць рукамі - пагаварылі і забылі. Я не забуду. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці. З 1 кастрычніка пачынайце маніторыць і прымаць меры, патрабуйце з кіраўнікоў", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі