Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 лютага 2024, 13:13

Лукашэнка: збеглыя і іх замежныя куратары ад спецслужбаў прапрацоўваюць тры асноўныя сцэнарыі

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Збеглыя і іх замежныя куратары ад спецслужбаў прапрацоўваюць тры асноўныя сцэнарыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў на пашыранай нарадзе з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усе павінны разумець рэальную абстаноўку і нашу інфармаванасць - і тут, і там. Гэта прынцыповая пазіцыя. Тым больш цяпер, напярэдадні розных палітычных падзей у нас. У бліжэйшы час пройдуць важнейшыя для краіны мерапрыемствы: адзіны дзень галасавання, фарміраванне УНС. Нас зноў паспрабуюць расхістаць. Гэта відавочна. Схема не зменіцца. Але мы павінны быць гатовы да таго, што яны прыдумаюць новыя трыгеры для дэстабілізацыі грамадства", - сказаў беларускі лідар.

"Калі адкінуць усе фэйкі, то сёння нашы збеглыя і іх замежныя куратары ад спецслужбаў прапрацоўваюць тры асноўныя сцэнарыі сваіх дзеянняў на гэты перыяд", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што справа не ў электаральнай кампаніі, аб якой ён згадаў, а ў захаванні мірнага і спакойнага жыцця для грамадзян краіны: "Не ў гэтым справа, мужыкі, што заўтра выбары. Ды правядзём мы з вамі выбары. Я ўжо адкрыта сказаў: ніхто нікому ўладу вось так вось на талерачцы не прынясе і не аддасць. Таму што для Беларусі ўлада - больш, чым улада".

Першы сцэнарый

"Першы - самы жаданы для іх. Гэта арганізацыя дзяржаўнага перавароту або насільны захоп улады непасрэдна ў перыяд правядзення электаральнай кампаніі. Але пры гэтым самі ацэньваюць яго як малаверагодны. Рэальных перадумоў для расхіствання сітуацыі па аналогіі з 2020 годам яны пакуль не бачаць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Другі сцэнарый

"Другі - асноўны. Выкарыстанне бягучай выбарчай кампаніі ў якасці рэпетыцыі і пачатковага этапу для падрыхтоўкі да дзяржперавароту ў ходзе маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта на гэты сюжэт будуць кінуты ўсе асноўныя сілы і рэсурсы, актываваны працэс пошуку новых пунктаў кіпення ў грамадстве, здольных справакаваць новую хвалю пратэсту".

"Як я гаварыў раней, за намі вельмі ўважліва сочаць і чакаюць, калі ўлада зробіць памылку, каб яе максімальна выкарыстаць у сваіх мэтах. Гэтага дапусціць нельга, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вось у гэтым прычына і сутнасць заўсёды маіх строгіх патрабаванняў. Каб вы не расслабіліся. Асабліва мы, людзі ў пагонах. Калі мы расслабімся і празяваем - хана будзе нам і нашай краіне".

Трэці сцэнарый

"Трэці сцэнарый рэзервовы - гульня ўдоўгую з шырокім задзейнічаннем інструментаў мяккай сілы на выпадак правалу першых двух варыянтаў развіцця падзей. Па сутнасці, гэта гульня не спынялася, колькі існуе суверэнная Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што менавіта гэты сцэнарый можа быць рэальна задзейнічаны, паколькі першых двух сцэнарыяў у Беларусі проста не дапусцяць: "Гэты трэці сцэнарый рэальны, і ён будзе. Ні першы, ні другі сцэнарый яны не рэалізуюць. Ні цяпер, ні ў 2025 годзе. Мы збяромся і дадзім па зубах. А трэці - цішком, пераварочваючы краіну, спрабаваць улезці ў розумы і душы, мазгі нашых людзей, яны будуць старацца".

"Так, сёння асобныя інструменты гэтай мяккай сілы нейтралізаваны. Мы кардынальна перагледзелі падыходы да дзейнасці антыбеларускіх фондаў і нібыта праваахоўных арганізацый унутры Беларусі. Правялі перарэгістрацыю партый. Людзі ўбачылі антынацыянальную сутнасць так званых лідараў апазіцыі, якія жабруюць і рабалепствуюць у заходніх сталіцах, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У Беларусі яны па-за законам. Але ўплываць на эмацыянальна залежных людзей праз сацсеткі і мэсэнджары, распрацоўваць новыя каналы сувязі і кіравання масамі спрабуюць і будуць спрабаваць. Да таго ж яны ўлічылі свае памылкі. І мы не павінны жыць у ілюзіі абсалютнай перамогі".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што для збеглых поспех антыбеларускай кампаніі - гэта пытанне выжывання: "Радзіма прададзена, грошы канчаюцца, а жыццё ў еўропах дарагое. Таму пойдуць на ўсё".

Што датычыцца глабальных ігракоў на палітычнай арэне, там стаўкі яшчэ вышэйшыя. "Справа нават не ў страчаных мільёнах, расходаваных на няўдалыя мяцяжы. Яшчэ надрукуюць. Размова ідзе аб рэпутацыйных стратах на ўзроўні міжнароднай палітыкі. Гегемону надакучыла ламаць зубы аб Беларусь, якую нават не кожны амерыканец знойдзе на карце свету", - сказаў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі