17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў сёння рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2020 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў журналістам старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо, перад ведамствам стаяць, у прыватнасці, задачы па нарошчванні пагранічнай інфраструктуры, прадаўжэнні дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай граніцы. "У мінулым годзе колькасць нашага ведамства была павялічана. Мы стварылі шэсць паўнацэнных манеўраных груп, увялі ў строй дзве пагранічныя заставы на ўкраінскім напрамку", - дадаў ён.
У Дзяржпагранкамітэце адзначылі, што абстаноўка на беларускай граніцы ў мінулым годзе заставалася стабільнай і прагназуемай. За парушэнне заканадаўства аб дзяржграніцы былі затрыманы каля 4 тыс. асоб. З іх больш за 370 чалавек - парушальнікі дзяржаўнай граніцы, што амаль напалову ніжэй за паказчык 2018 года.
Прычым зніжэнне колькасці затрыманых парушальнікаў граніцы адзначана на ўсіх напрамках. "Гэта звязана з нарошчваннем шчыльнасці аховы граніцы за кошт павелічэння штатнай колькасці органаў пагранічнай службы, а таксама сігналізацыйнага пакрыцця рубяжоў. Таксама гэтаму садзейнічала актыўная прафілактыка правапарушэнняў", - растлумачылі ў ведамстве.
Разам з тым, дадалі ў камітэце, тэрыторыя Беларусі па-ранейшаму выкарыстоўваецца для транзіту незаконных мігрантаў і наркатрафіка. Пагранічнікі ў мінулым годзе спынілі 20 каналаў незаконнай міграцыі, затрымалі 32 арганізатары і саўдзельнікі. Выкрыта і спынена 18 каналаў кантрабанды наркотыкаў. З незаконнага абароту выключана больш за 1 т наркотыкаў - у два разы больш, чым у 2018 годзе.
"У 2019 годзе прадаўжаліся работы па дэмаркацыі граніцы з Украінай. Усяго абазначана больш за 548 км граніцы (засталося - каля 536 км), устаноўлена больш за 1,1 тыс. пагранічных знакаў (засталося - 431)", - адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце.-0-