
Фота з архіва
1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка падпісаў указ нумар 135, якім зацверджаны прыярытэтныя напрамкі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне на 2026-2030 гады. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У якасці такіх напрамкаў вызначаны найбольш перспектыўныя і запатрабаваныя для дзяржавы сферы дзейнасці, якія даюць магчымасць у сярэднетэрміновай перспектыве забяспечыць актуальныя вынікі ў навукаёмістых і высокатэхналагічных сектарах эканомікі, канкурэнтныя перавагі і тэхналагічную бяспеку краіны. Гэта лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці, біялагічныя і медыцынскія тэхналогіі, інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці, навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.
Указам устанаўліваецца, што першачарговай рэалізацыі будуць падлягаць скразныя напрамкі міжгаліновага характару, вынікі якіх аказваюць істотны ўплыў на развіццё некалькіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы.
У адпаведнасці з прыярытэтамі будуць сфарміраваны і зацверджаны дзяржаўныя праграмы навуковых даследаванняў, навукова-тэхнічныя праграмы, Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Пры гэтым узмоцнена роля кіраўнікоў дзяржаўных заказчыкаў праграм. На іх ускладзена персанальная адказнасць за эфектыўнае выкарыстанне сродкаў, своечасовае выкананне заданняў і дасягненне запланаваных вынікаў.
Указ накіраваны на кансалідацыю навуковага, адукацыйнага і вытворчага патэнцыялу, канцэнтрацыю матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў на рэалізацыі найбольш значных для забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту краіны напрамкаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.-0-