Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 красавіка 2020, 11:11

Лукашэнка зацвердзіў меры падтрымкі эканомікі ва ўмовах неспрыяльнага ўздзеяння сусветнай эпідсітуацыі

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка падпісаў указ нумар 143 "Аб падтрымцы эканомікі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакумент прыняты па выніках нарады 23 красавіка аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы краіны ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Указам прадугледжваюцца меры падтрымкі суб'ектаў гаспадарання асобных галін эканомікі, якія найбольш падпадаюць пад неспрыяльнае ўздзеянне эпідэміялагічнай сітуацыі. Пералік такіх галін вызначаны ў дадатку да ўказа.

У сферы падаткаабкладання

Згодна з дакументам, прадастаўлена адтэрміноўка і растэрміноўка выплаты падатковых крэдытаў, скарочаны тэрмін вяртання з бюджэту розніцы паміж сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай ПДВ. Індывідуальным прадпрымальнікам прадастаўляецца магчымасць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладання і пераразліку адзінага падатку ў сувязі з часовым неажыццяўленнем імі дзейнасці.

Уводзяцца арэндныя канікулы, мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы. Акрамя таго, прадастаўляецца права мясцовым распарадчым і выканаўчым органам змяншаць маёмасныя падаткі. Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам - уласнікам маёмасці - рэкамендавана прадастаўляць арандатарам адтэрміноўку па арэнднай аплаце, а таксама змяншаць яе памер з улікам аб'ёму іх выручкі.

Выбраны арганізацыяй парадак падатковага ўліку курсавых розніц можа быць зменены аднаразова на працягу 2020 года і будзе дзейнічаць на працягу ўсяго падатковага перыяду.

У галіне кантрольнай дзейнасці

Міністрам аховы здароўя, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі прадастаўлена права прыпыняць работу гандлёвага аб'екта, аб'екта грамадскага харчавання да ўстаранення парушэнняў (але не больш чым на 90 дзён) у выпадку ўстанаўлення па выніках праверкі парушэнняў заканадаўства, кантроль за выкананнем якога адносіцца да кампетэнцыі адпаведнага ведамства. Гэта мера накіравана на павышэнне дысцыпліны ў рабоце суб'ектаў гаспадарання, асабліва неабходнай ва ўмовах бягучай эканамічнай і эпідэміялагічнай сітуацыі.

У сферы працоўных адносін

У мэтах захавання занятасці і павелічэння працоўнай мабільнасці скарочаны мінімальны тэрмін папярэджання работнікаў аб змяненні наймальнікам істотных умоў працы (без змяншэння памераў аплаты працы). Таксама падоўжаны да 3 месяцаў тэрмін магчымага часовага пераводу работнікаў у сувязі з вытворчай неабходнасцю, з-за неспрыяльнага ўздзеяння эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама для замяшчэння адсутнага работніка.

Меры сацыяльнай падтрымкі

Прадугледжана выплата дапамогі па часовай непрацаздольнасці асобам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 10 гадоў, якое наведвае дашкольную або ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, калі гэта дзіця адносіцца да кантактаў першага або другога ўзроўню.

У мэтах спрашчэння працэдур закупак заказчыкам дадзена права на дзяржзакупкі з адной крыніцы (у аб'ёме, неабходным для забеспячэння патрэбнасці на працягу 2 месяцаў) у выпадку, калі дагавор з ранейшым пастаўшчыком скасаваны.

Пры гэтым пастаўшчыкі, якiя не выканалi свае абавязацельствы і вымушаны скасаваць дагавор па аб'ектыўных прычынах, часова не будуць уключацца ў спіс нядобрасумленных пастаўшчыкоў.

Для таго каб урад мог аператыўна і гібка рэагаваць на пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, яму дадзена права на прыняцце спецыяльнага часовага парадку ажыццяўлення дзяржаўных закупак, калі гэта спатрэбіцца.

Вызначана, што завінавачанасць за энергарэсурсы ў замежнай валюце пагашаецца па курсе рубля, устаноўленым Нацыянальным банкам на 31 снежня 2019 года да замежнай валюты, якая выкарыстоўваецца для разлікаў за энергарэсурсы.

Прадугледжваецца распаўсюджванне нормы аб падставах субсідыярнай адказнасці, устаноўленай у падпункце 5.6 пункта 5 дэкрэта нумар 7 ад 23 лістапада 2017 года "Аб развіцці прадпрымальніцтва", на адносіны, што ўзніклі да прыняцця дэкрэта.

Указам прадугледжваюцца і іншыя нормы і палажэнні, якія дадуць магчымасць падтрымаць работу суб'ектаў гаспадарання і захаваць працоўныя калектывы ва ўмовах запаволення эканамічнай актыўнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі