24 лістапада, Буда-Кашалёва /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў звярнуць больш сур'ёзную ўвагу на медустановы ў раённых цэнтрах і невялікіх населеных пунктах. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў ходзе рабочай паездкі ў Буда-Кашалёўскі раён і наведвання цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас намеціўся нейкі дысбаланс, робім найвышэйшага ўзроўню аперацыі, а якая сітуацыя на месцах? Час звярнуць большую увагу на гэтыя медустановы", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне аптымізацыі ў сістэме аховы здароўя, як у цэлым па краіне, так і ў раёне, па-ранейшаму застаецца важным і не здымаецца з парадку дня. Ён звярнуў увагу на тое, што неабходна забяспечваць даступнасць медыцынскіх паслуг для кожнага чалавека, незалежна ад таго, дзе ён жыве, у вялікім горадзе або маленькім населеным пункце. Разам з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў: усё павінна быць аптымальна, да ўсяго трэба ставіцца па-гаспадарску. Дзяржава па-ранейшаму будзе ўдзяляць вялікую ўвагу развіццю аховы здароўя, але ўсюды трэба зыходзіць з пункту гледжання мэтазгоднасці.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна азнаёміўся з функцыянаваннем Буда-Кашалёўскай цэнтральнай раённай бальніцы, створанымі тут для лячэння ўмовамі і сучасным медыцынскім абсталяваннем. Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з медыцынскімі работнікамі і пацыентамі бальніцы. Ён падрабязна цікавіўся, як тут забяспечваецца медыцынскае абслугоўванне, а таксама наяўнасцю праблем. У цэлым бальніца забяспечана кадрамі, маладым спецыялістам прадастаўлена жыллё, у медработнікаў добрая зарплата. Прэзідэнта праінфармавалі аб арганізацыі медабслугоўвання насельніцтва ў рэгіёнах Гомельскай вобласці, пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС, да ліку якіх адносіцца і Буда-Кашалёўскі раён.
Прэзідэнт таксама пацікавіўся, ці ёсць неабходнасць у будаўніцтве новых раённых бальніц у вобласці. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што бальніц дастаткова.-0-