Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 чэрвеня 2019, 15:12

Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць парадак у сістэме аховы здароўя

11 чэрвеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. У сістэме аховы здароўя трэба навесці парадак, каб не дапускаць карупцыйных праяў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Уладзіміра Караніка на пасаду міністра аховы здароўя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта ж ганьба, калі знізу даверху павязаны хабарамі кіраўнікі ўстаноў і арганізацый! Прытым добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як спецыялісты зарэкамендавалі (не будзем называць прозвішчы), - абурыўся кіраўнік дзяржавы. - Да гэтага часу да мяне ходзяць, просяць: унікальны чалавек, адпусціце, ён будзе там дняваць і начаваць, ва ўстанове аховы здароўя. Хабары, якія ўзяў, вярнуў у двайным памеры - трэба дараваць. Сяджу і думаю: а як дараваць? Папярэджваў жа ўсіх, што карупцыя - гэта не пра Беларусь. Даравання не будзе нікому. Сталі нахабнымі, таму ўсіх трэба прывесці ў сябе. І вы гэта можаце зрабіць".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час прыняў рашэнне перадаць Міністэрству аховы здароўя паўнамоцтвы цэнтралізавана набываць як медыцынскае абсталяванне, так і лякарствы. "Калі ласка, закупляйце, устанаўлівайце, лячыце людзей. Трэба яшчэ раз паглядзець на гэту сістэму", - запатрабаваў ён ад новага міністра.

У ліку важных задач кіраўнік дзяржавы абазначыў развіццё імпартазамяшчэння. "Усё ж такі $500 млн, як мы трацілі два гады таму толькі на лякарствы, гэта шмат для краіны. Трэба гэтыя грошы пакінуць у сябе, развіваць свае напрамкі. Калі не можам, добра, на $100 млн будзем закупляць, калі няма магчымасці такія якасныя лякарствы вырабіць у сябе. Закупім у Швейцарыі, Амерыцы, Германіі што трэба для людзей. Павінны быць і імпартныя лякарствы. Так, яны будуць дарагія. Хто захоча купіць даражэй - купляйце. Альтэрнатыўныя - айчынныя - павінны быць. І яны нядрэнныя. Я ў гэтым пераканаўся сам, вывучаў гэту праблему", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што вопыт работы Уладзіміра Караніка ў якасці галоўнага ўрача бальніцы дае магчымасць яму кампетэнтна меркаваць аб наяўнасці недахопаў у сістэме закупак, таксама як і бачыць праблемы ў сістэме аховы здароўя ў цэлым. "Вы цяпер вельмі добра адчуваеце гэтыя недахопы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вы якраз гэты пласт павінны падняць да ўзроўню міністра, урада, калі трэба, калі ласка, гаварыце, я гатовы падтрымаць, дапамагчы. Трэба вырашыць гэтыя праблемы. Мы гэта можам вырашыць".

"Вы чалавек даволі валявы, нават жорсткі, рашучы, ведаеце справу. Я вяду да таго, што цяпер такі перыяд (нягледзячы на тое, што ахова здароўя ў нас на ўзроўні, ва ўсім свеце паважаецца і згадваецца ўсюды і я бачу, што справы ідуць нядрэнна), калі мы неяк застылі на адным месцы, няма дынамікі, патрэбны рух наперад. Трэба навесці парадак", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да новага міністра.

Прэзідэнт выказаў незадавальненне работай на гэтай пасадзе ранейшага кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Валерыя Малашкі. "У мяне складваецца ўражанне, што міністэрства не зусім эфектыўна кіруецца самім міністрам. Чалавек ён добры, талковы, вельмі добры спецыяліст, вопытны, працаваў намеснікам старшыні аблвыканкама, вопыту ў яго дастаткова. Але бывае так, што не яго гэта работа. Добры ўрач, быццам на другіх ролях добра сябе зарэкамендаваў. Ну а тут неяк не сарыентаваўся, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Мы знойдзем яму дастойную работу".

"Пасля прадстаўлення (калектыву Міністэрства аховы здароўя. - Заўвага БЕЛТА) вам трэба сесці, падумаць, з кім вы будзеце працаваць. Думаю, не ўсе там дрэнныя людзі ў міністэрстве. Трэба іх проста арганізаваць. Намецьце сабе пэўны план пасля больш глыбокага вывучэння ўсёй рэспублікі і дзейнічайце", - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі