Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 сакавіка 2020, 10:08

Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з распаўсюджвальнікамі фэйкаў аб смярцях ад каранавіруса

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка на нарадзе ў Палацы Незалежнасці запатрабаваў разабрацца з распаўсюджвальнікамі фэйкаў аб смярцях з-за каранавіруса, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Валерый Паўлавіч (старшыня КДК Валерый Вакульчык. - Заўвага БЕЛТА), ужо хопіць на гэта глядзець. Трэба як мае быць прайсціся па гэтых сайтах, каналах. Загінула жанчына ў Віцебску - ніякага там каранавіруса, і пасля гібелі ўзялі аналізы некалькі разоў. Мне дакладваюць па кожным выпадку падобных смярцей. Не, узялі, напісалі, што загінула нібыта ад каранавіруса. Для чаго? Каб стварыць паніку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна разабрацца з "нягоднікамі, якія ўкідваюць гэтыя фэйкі". "Навошта яны гэта робяць? - спытаў ён. - Бог нас ратуе, што мы больш-менш гэты складаны час, калі ідзе пік вострых рэспіраторных захворванняў, яшчэ неяк праходзім, трымаем жа ўсё на кантролі. Не, трэба раскруціць абстаноўку, узарваць нешта. Так, у людзей ужо сфарміраваўся імунітэт і да гэтай балбатні ў інтэрнэце. Але чаму мы праходзім міма такіх людзей, якія робяць гэта наўмысна?"

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што за апошнія суткі ў Мінску правялі каля тысячы тэстаў на наяўнасць каранавіруса - усе вынікі былі адмоўныя. "Гэта добра, але расслабляцца нельга", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай узяць на асаблівы кантроль работу з асноўнай групай рызыкі - пажылымі людзьмі. "Справа не ў каранавірусе: у нас іншых вірусаў хапае", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Наталля Качанава адзначыла, што ўжо размаўляла са старшынямі райвыканкамаў, каб яны працавалі з пажылымі, у тым ліку дапамагалі арганізаваць дастаўку прадуктаў дамоў.

"Я яшчэ раз падкрэсліваю: справа не ў гэтым каранавірусе. Справа наогул у нашай прыстойнасці і дысцыпліне. Якая розніца, ад чаго памёр чалавек? Гэта наша расхлябанасць, непарадак. Ад вірусных хвароб нельга паміраць. Трэба проста глядзець за людзьмі. Трэба актывізаваць дзяцей, каб яны дапамагалі старым. Галоўнае цяпер - абараніць старых людзей", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамлялася, напярэдадні шэраг СМІ інфармаваў, што ў Віцебску ад каранавіруснай інфекцыі памерла жанчына. З абвяржэннем гэтай інфармацыі выступіла Міністэрства аховы здароўя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі