Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 чэрвеня 2022, 14:02

Лукашэнка запатрабаваў перавесці ў электронны фармат максімальную колькасць адміністрацыйных працэдур

10 чэрвеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў перавесці ў электронны фармат максімальную колькасць адміністрацыйных працэдур. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе "Актуалізацыя форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі працяглы час вядзецца размова аб спрашчэнні адміністрацыйных працэдур, аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату. "Для чаго ўкаранілі прынцып "адно акно"? Не толькі для зручнасці і хуткасці работы. Хоць і гэта важна. Не сакрэт, што ў сістэме ёсць працэдуры, якія звязаны з карупцыйнымі рызыкамі. Мы прынялі рашэнне мінімізаваць стасункі чыноўніка і грамадзяніна там, дзе кліенты часам самі любяць паскорыць вырашэнне пытання за ўзнагароджанне", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, цяпер у краіне каля 2 тыс. адміністрацыйных працэдур, але не ўсе яны рэалізуюцца па прынцыпе "адно акно". У выканкамах, напрыклад, такім чынам вырашаецца толькі дзясятая іх частка - 200 пытанняў. Па прынцыпе "аднаго акна" праводзяць шэраг працэдур асобныя дзяржаўныя структуры (рэгістрацыя транспарту, атрыманне пашпарта і іншыя).

"Мяне спрабуюць пераканаць, што ўсе працэдуры складана і часам немэтазгодна пераводзіць у фармат "адно акно" з-за іх шматступеньчатасці. Тады давайце пераглядзім сам пералік працэдур: ці ўсе яны патрэбны або там ёсць устарэлыя і неактуальныя? І пераводзьце іх у электронны фармат", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Ён згадаў, што такая рэвізійная работа ў свой час праводзілася ў частцы наяўнасці розных ільгот для насельніцтва, многія з якіх былі ўстарэлымі і патрабавалі актуалізацыі. "Калупаліся, калупаліся, потым я гавару: давайце гэта ўсё перакрэслім і новым законапраектам або ўказам Прэзідэнта ўвядзём тыя льготы, якія павінны працаваць. Прапішам: вось гэта павінна працаваць, усё астатняе - не. Давайце пойдзем гэтым шляхам (пераглядзім адміністрацыйныя працэдуры. - Заўвага БЕЛТА)", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, аналагічная комплексная работа цяпер праведзена па ўрэгуляванні будаўніцтва прыватных жылых дамоў, і Прэзідэнту прадстаўлены для падпісання адпаведны праект указа. "Слухайце, што мы лезем да гэтага чалавека, чаго мы спрабуем яго неяк адбудаваць: які дах, які фундамент і гэтак далей? Чалавек для сябе будуе, і ён за гэта адкажа перад сабой, сваімі дзецьмі. Давайце яму адзін раз дазволім, выдзелім месца, і няхай ён будуе. Ён сам да вас прыйдзе, спытае параду, калі трэба. Калі не трэба, ён да вас не пойдзе", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Далей такая работа прадоўжыцца і ў частцы рэгулявання будаўніцтва шматпавярховых будынкаў, прамысловых і іншых аб'ектаў: "Трэба даць магчымасць людзям вырашаць свой лёс і не думаць, што мы лепш разумеем, чаго хоча чалавек, чым ён сам. Простая жыццёвая філасофія".

Вяртаючыся да тэмы пераводу адміністрацыйных працэдур у электронны фармат, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на завяршальнай стадыі знаходзіцца прыняцце змяненняў у закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", якія рэгулююць і гэты момант. "Ёсць там і палажэнне аб больш шырокім выкарыстанні інтэрнэту для забеспячэння працэсу разгляду зваротаў. Грамадзянін будзе бачыць, хто канкрэтна займаецца яго пытаннем і колькі часу. Гэтыя змяненні важныя. Трэба паскорыцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гэтым пытанні нельга перагібаць палку і пакінуць магчымасць людзям афармляць працэдуры па-старому, паколькі не ўсе ўмеюць карыстацца рознымі мабільнымі ўстройствамі і маюць доступ да інтэрнэту: "Гэта значыць, трэба чалавеку даць права выбраць, як яму ўзаемадзейнічаць з органамі ўлады".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі