ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 28 лістапада 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць -8°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 верасня 2023, 17:34

Лукашэнка запатрабаваў не ператвараць школьныя сталовыя ў рэстараны і рацыянальна арганізоўваць харчаванне

Фота з архіва
Фота з архіва

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, зрабіў акцэнт на неабходнасці рацыянальнай арганізацыі харчавання дзяцей у школах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы даручыў адказным асобам сур'ёзна ўнікнуць у пытанне таго, як арганізаваны працэс харчавання школьнікаў, работы харчаблокаў, закупкі прадуктаў і абсталявання, і разабрацца з існуючай сітуацыяй, якая выклікае шмат нараканняў. На гэтыя мэты цяпер ідзе даволі шмат сродкаў з бюджэту, аднак у асобных выпадках не ўсе яны выкарыстоўваюцца рацыянальна. "Разбярыцеся, што нам з гэтым харчаваннем (школьнікаў. - Заўвага БЕЛТА) рабіць. Мы там сэканомім каласальныя грошы (і ў сметніцу не будзем выкідваць прадукты харчавання). Не шкада для дзяцей. Мы дзяцей можам накарміць нашымі прадуктамі, у нас іх хапае. Але палова ўсяго ідзе не на дзяцей, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Сур'ёзна вазьміцеся за гэту праблему".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб спыніліся ўсялякія эксперыменты ў гэтай сферы. "У вас жа практыка: давайце паспрабуем, правядзём эксперымент. Пяць гадоў праводзім у 5 працэнтах ці 10 працэнтах школ, а потым... Які эксперымент, калі мы разумеем, як накарміць дзіця?!" - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Размова, у прыватнасці, ішла і аб закупках абсталявання ў рамках правядзення такіх эксперыментаў. Некаторыя ўстановы, напрыклад, падавалі заяўкі на набыццё параканвектаматаў. Прэзідэнт у гэтым выпадку запатрабаваў дзейнічаць без празмернасцей: "Спыніце гэтыя закупкі... Нібыта ў вас дома інакш гатуецца (ежа. - Заўвага БЕЛТА)... Не, трэба ў школу прыйсці, чорт ведае што закупіць, затраціць вялікія грошы!" Акрамя таго, многія пры закупцы забываюць пра траты на далейшае абслугоўванне тэхнікі, замену запчастак і гэтак далей. "Разбярыцеся, унікніце па сутнасці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Займіцеся гэтым пытаннем. Мы занадта разбэшчана сябе паводзім з бюджэтнымі грашамі".

У працяг размовы была закранута тэма існавання значнай колькасці дадатковых абслуговых арганізацый у сферах адукацыі, аховы здароўя і іншых. Прэзідэнт заўважыў, што туды часта ідуць працаваць выпускнікі профільных ВНУ, таму што там "лягчэй, чым ля настаўніцкага станка стаяць і рыхтавацца да заняткаў". "Вось яны там і асядаюць, і ўсё добра. Заканчваць трэба гэта", - сказаў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на недапушчальныя паводзіны асобных кіраўнікоў навучальных устаноў: "Не стварайце ў школах рэстараны. Мне нават сорамна аб некаторых пытаннях гаварыць. Накшталт носяць-выносяць, крадзеж... Дырэктар сядзіць, яго ўжо там усе абслугоўваюць! Паўстае пытанне: за чый кошт?" Прэзідэнт даручыў КДК і пракуратуры на месцах звярнуць на гэта сур'ёзную ўвагу. "Гэта ж абмяркоўваюць бацькі, а значыць, і ў сям'і. І што вы хочаце ад вучня? Якім ён будзе маральна арыентаваным, разумным і адукаваным чалавекам, калі дырэктар, кіраўніцтва асобных школ крадуць і п'янкі арганізоўваюць у школе?! Гэта агідна, гэта нядобра", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі