Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 мая 2019, 15:19

Лукашэнка запатрабаваў актыўней развіваць перапрацоўку другаснай сыравіны

11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі павінны перапрацоўваць 50-60 працэнтаў адходаў і актыўней выкарыстоўваць у вытворчасці другасную сыравіну. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання Студэнцкай вёскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У вёсцы кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі новую кухню і сталовую, дзе будуць харчавацца ўдзельнікі II Еўрапейскіх гульняў. Убачыўшы, што іх прапануецца карміць з аднаразовага пластыкавага посуду, Прэзідэнт абурыўся. "Хопіць гэтага пластыку. Мала таго, што травім людзей, дык яшчэ і засмечваем прыроду. Наша сінявокая хутка ператворыцца ў хлам. Таму трэба заканчваць, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - У нас жа паперы - колькі хочаш, шкла - колькі хочаш, дзяваць няма куды. Трэба вырабляць. Няхай гэта будзе даражэй, але чалавек будзе разумець, што лішніх дзесяць капеек заплаціў, але здаровы будзе".

У Беларусі павінны перапрацоўваць 50-60 працэнтаў адходаў і актыўней выкарыстоўваць другасную сыравіну, падкрэсліў Прэзідэнт. "Швейцарыя наогул не вырабляе новае шкло, яно з бою робіцца", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што адразу да такога выніку не прыйдзеш, але рухацца ў гэтым напрамку неабходна актыўней.

Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць на кантроль пытанні паасобнага збору адходаў і іх перапрацоўкі, а пасля далажыць аб выніках работы ў гэтым напрамку. "Другасная сыравіна і адходы - гэта сур'ёзнае пытанне. Не дай бог, захлынемся, як у Расіі. Расія вялізная, а адходы вывозіць няма куды, таму што людзі ўжо не хочуць дыхаць гадасцю", - канстатаваў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі