Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 красавіка 2022, 09:01

Лукашэнка запаліў велікодную свечку ў храме Праабражэння Гасподняга ў Копысі

25 красавіка, Копысь /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка ў свята Вялікадня запаліў свечку ў храме Праабражэння Гасподняга ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На Вялікдзень у адрозненне ад калядных свят Аляксандр Лукашэнка звычайна наведвае невялікія цэрквы за межамі сталіцы. Кіраўнік дзяржавы прыехаў у храм разам са сваім малодшым сынам Мікалаем. Ля царквы Прэзідэнта сустрэлі архіепіскам Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый і настаяцель храма протаіерэй Сергій.

Аляксандр Лукашэнка ў царкве запаліў свечку і павіншаваў вернікаў са святам Вялікадня. Прэзідэнт перадаў у дар храму абраз, а свяшчэннаслужыцелі ўручылі кіраўніку дзяржавы святочны сувенір - велікодныя яйкі. У царкве Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з прыхаджанамі.

"Па вашых тварах я заўважыў, што сапраўды сёння самае добрае і жаданае свята. Так было заўсёды. Гэта свята заўсёды людзям дарыла надзею. Надзею на справядлівасць і шчасце. Надзея ў нашых сэрцах жыве і да гэтага часу, у кожным чалавеку. Не толькі ў Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта вялікае і светлае свята Вялікадня, як і свецкае свята Дня Перамогі, якія ён лічыць раўназначнымі, заўсёды ў душы і сэрцы кожнага беларуса. "І прынята адзначаць гэта светлае свята ў коле родных і блізкіх табе сяброў. Вось і прычына, чаму я прыехаў сёння на гэту святую, родную зямлю, дзе калісьці нарадзіўся. І шмат разоў мы з хлапчукамі прыходзілі да храма, які стаяў на гэтым месцы, і глядзелі на нашых маці, якія прыходзілі сюды для таго, каб сустрэць гэта светлае свята", - успомніў дзіцячыя гады Аляксандр Лукашэнка.

Храм Праабражэння Гасподняга быў адкрыты ў Копысі восенню 2018 года. Двухкупальную царкву ў традыцыях драўлянага дойлідства ўзвялі на месцы старога храма за кошт спонсарскай дапамогі менш як за год. Знешне новы храм нагадвае былы. Паводле летапісных помнікаў вядома, што праваслаўная царква ў пасёлку існавала з канца XVII стагоддзя - яна была пабудавана ў 1694 годзе.

У інтэр'еры адбудаванага храма з'явіўся новы іканастас, але многія прадметы захаваліся са старога ўбрання. Ёсць і асаблівая рэліквія - Іверскі абраз Божай Маці, напісаны не на драўлянай, а на кафельнай дошцы. Гэта даніна традыцыям Копысі, якая раней была адным з цэнтраў вытворчасці керамікі ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі